Ці паспеюць набыць пояс?

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Пра набытыя пры дапамозе спонсараў гістарычныя артэфакты і старадаўнія кніжныя фаліянты, а таксама пра зусім новыя ініцыятывы на шляху музейнага краўдфандынгу “К” папрасіла расказаць дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея БАЦЮКОВА.

— Наш музей працяглы час займаецца набыццём розных прадметаў для папаўнення калекцый. Робім гэта не толькі з дапамогай бюджэтных сродкаў, але і пры ўдзеле спонсараў ды мецэнатаў. І, як падаецца, паступова наша ініцыятыва робіцца ўсё больш цікавай для людзей.

Балазе, усе гэтыя, набытыя пры дапамозе спонсараў, экспанаты не ляжаць у музейных запасніках, а дэманструюцца наведвальнікам. Да слова, на нашым сайце можна знайці інфармацыю пра ўсе атрыманыя прадметы: ад Статута Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенага ў 1594 — 1595 гадах альбо ў 1600 годзе на старабеларускай мове ў друкарні Мамонічаў у Вільні, да кнігі Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”, якая выйшла з друку ў 1676 годзе ў Франкфурце-на-Майне. Усяго такіх прадметаў — прыкладна каля трыццаці.

Сярод іх вылучу кнігу “Дзіўныя паведамленні пра езуітаў у Беларусі” — досыць цікавы палемічны твор, напісаны ў ІІ палове XVIII стагоддзя пра падзеі, звязаныя з ліквідацыяй ордэна езуітаў і стварэннем каталіцкай дыяцэзіі ў Магілёве, на чале з біскупам Станіславам Богуш-Сестранцэвічам. Выданне 1785 года было набыта калекцыянерам і перададзена ў дар музею. Чаму я вылучыў гэты фаліянт? Справа ў тым, што сёння Музей гісторыі Магілёва ладзіць акцыю па выданні гэтага твора па падпісцы. Дзякуючы наяўнасці электроннага варыянта кнігі, мы сёння ажыццяўляем яе пераклад. Перакладчык — наш добры сябар і актывіст Алег Давід Лісоўскі з Германіі, які доўга і паспяхова супрацоўнічае з музеем, дапамагаючы нам знаходзіць і выкупаць культурныя каштоўнасці. Зроблены ім пераклад будзе паступова размяшчацца на сайце Музея гісторыі Магілёва, а пасля мы плануем выдаць усю кнігу. Праўда, наклад кнігі будзе абмежаваны колькасцю замоў.

Зразумела, мы не спыняемся на дасягнутым. Шукаем спонсараў і мецэнатаў для набыцця іншых цікавых гістарычных арэфактаў, якія сёння знаходзяцца ва ўласнасці ў прыватных калекцыянераў. Напрыклад, хацелі б займець у сваёй экспазіцыі кнігу “Жыція святых” (Магілёў, 1702 год), кнігу “Апостал”, выдадзеную Спірыдонам Собалем (Куцейна, 1632) ці эскіз да карціны “Вясновыя воды” Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (1930).

Таксама сёння шукаем спонсара для пакупкі слуцкага пояса другой паловы XVIII стагоддзя. Гэты цікавы экспанат знаходзіцца ва ўласнасці ў мінскага калекцыянера, які ацаніў яго ў 60 тысяч умоўных адзінак. Натуральна, названая сума — досыць вялікая, таму мы пакуль шукаем тых, хто зможа ахвяраваць нам асноўную частку з гэтых грошай. А ўжо тады можна будзе аб’весціць збор астатніх сродкаў ад людзей, неабыякавых да беларускай гісторыі. Бо, зразумела, нам не хацелася б, каб частка грошай паступіла, а мы так і не змаглі набыць каштоўную рэч для свайго музея.

А цікавасць менавіта да гэтага пояса — невыпадковая. Справа ў тым, што ён цэльны, не перашыты, што можна сустрэць сёння вельмі рэдка. Да таго ж ён чатырохбаковы. Атрымлівалася, быццам бы чатыры розныя паясы.

Акрамя таго, гэты пояс мае беларускія арнаментальныя элементы: на ім можна ўбычыць нашы васількі. Гэта значыць, ён не з’яўляецца раннім слуцкім поясам. Справа ў тым, што апошнія былі зроблены на ўсходні манер, а гэты з’явіўся, калі ўсходняя традыцыя пляцення паясоў ужо спалучалася з беларускай.

Сёння той слуцкі пояс даўжынёй у тры з паловай метры і шырынёй у 35 сантыметраў выстаўлены ў экспазіцыі нашага музея. Ён будзе экспанавацца там да канца года, пасля чаго або вернецца да свайго ўладальніка, або застанецца ў нашым музеі пасля набыцця. Натуральна, я вельмі спадязюся на апошняе.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"