Тэндэнцыя і “знак якасці”

№ 43 (1221) 24.10.2015 - 30.10.2015 г

Алесь КВЯТКОЎСКІ, мастак, педагог
З 1961 па 1974 гады я жыў акурат насупраць Палаца культуры Мінскага камвольнага камбіната. На маіх вачах гмах будаваўся і ўпрыгожваўся. Калі рабілася мастацкае аздабленне, я вучыўся у Школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. Працэс стварэння твора мастацтва на той час на супермадэрнавым, з улікам класічнага пачатку, фасадзе, мяне па-юнацку кранаў. Было нейкае адчуванне гонару і саўдзелу. Сам жа Палац быў як родны дом.

/i/content/pi/cult/557/12184/13-1.jpgЗ тамтэйшай групай “Пошук” абышлі добрую частку Беларусі ў турыстычных паходах, з біт-ансамблем “Рэзананс” зрэдку выступалі на маладзёжных канцэртах і танцах. Асаблівым для мяне сталася сяброўства з Васілём Сумаравым і ягонай студыяй выяўленчага мастацтва…

Уладзімір Іванавіч Стэльмашонак у прыватнай размове са мной скардзіўся, што модуль “завіс на фасадзе”, а геаметрыя кампазіцыі парушылася… Можа, гэта не мая эстэтыка, можа, неяк у студэнтстве іранічна ў сілу ідэалогіі, што панавала тады, прымаў гэты твор. Але Стэльмашонку адказваў так: “Уладзімір Іванавіч, я столькі гадоў сустракаў узыход сонца на тле вашай працы, што мне абавязкова было наканавана скончыць манументальнае аддзяленне БДТМІ і зрабіць дыплом прыблізна ў той тэхніцы, якую вы выкарыстоўвалі ў экстэр’еры Палаца камвольшчыкаў…”

…Надышло новае стагоддзе. А якія новыя і значныя дасягненні ў манументальнам мастацтве мы прыдбалі? Чым можам ганарыцца не толькі на былой савецкай (а манументальную школу БССР паважалі), а зараз на еўрапейскай прасторы? Шкадую я ці не шкадую пра мастацкія творы, выкананыя народнымі мастакамі Беларусі Уладзімірам Стэльмашонкам і Гаўрылам Вашчанкам, якія знішчылі сёлета пры рамонце Палаца культуры? Прынамсі, для мяне гэтае пытанне ўласнага характару і сапраўднага болю. Як можна знішчаць твор без абмеркаванняў спецыялістаў і грамадскасці?

“У нашай сталіцы […] на змену архітэктару-мастаку прыйшлі інжынеры-праекціроўшчыкі ды інжынеры-планіроўшчыкі з дыпломамі выпускнікоў архітэктурных факультэтаў. І гэтыя людзі сёння займаюцца мастацтвам”, — піша публіцыст Сяргей Абламейка.

Так, няцяжка адразу пазначыць які дзясятак твораў сапраўднага манументальнага (савецкага) мастацтва, якія сёння захавалі б неаспрэчны “знак якасці”. Ды яшчэ невядома, што станецца з творамі, зробленымі ў апошнія часы, праз які дзясятак гадоў.

Адносна сітуацыі з той манументальнай работай згадваю словы пісьменніка Кастуся Тарасава з эсэ “Зніклы горад”: “І што самае сумнае — усё гэта знішчана з пачуцця нялюбасці да горада прыезджымі архітэктарамі, у якіх няма ніякіх успамінаў звязаных з вуліцамі, крамамі, будынкамі, Свіслаччу, паркамі, плошчай…”

“Мы ніколі не былі ў архітэктурным сэнсе на першых ролях. Таму павінны былі б калаціцца над кожным каменьчыкам, які дастаўся нам ад продкаў. Але замест гэтага калоцімся над інвестарам. […] Большасць творцаў гэтую катастрофу не перажывае псіхалагічна і творча, яны застаюцца да яе эмацыйна халодныя. Гэта сумна”. Зноў згадваю словы Сяргея Абламейкі.

Абыякавасць прысутнічае і ў маладых мастакоў-манументалістаў. “Адсутнасць попыту на сур’ёзныя рэалістычныя творы. Па-сутнасці, умець маляваць чалавека з натуры цяпер не абавязковая задача для мастака і выпускніка… Мы сёння вельмі крэатыўныя, але малюем значна горш, чым савецкія мастакі. "Манументалка" сёння — надзвычай салоннае мастацтва. Густы спажыўца неразвітыя, а грамадскіх заказаў практычна няма. Значная колькасць выпускнікоў кафедры МДМ Акадэміі мастацтваў працуе ў Свята-Елісавецінскім манастыры: у мазаічнай, вітражнай ды сценапіснай майстэрнях.” Так пісала Дар’я Бунеева ў артыкуле “Дылема пачаткоўцаў” у часопісе “Мастацтва” (№ 6 за 2015 год).

“Элітнасць вызначаецца не паходжаннем, а пачуццём адказнасці за будучыню, незадаволенасцю станам рэчаў, “служэннем”. Жыццё не мае для яго [чалавека] цікавасці, калі ён не можа прысвяціць яго чамусьці вышэйшаму", — пісаў Гёте. Таму знішчэнне твораў сапраўднага манументальнага мастацтва не дзівіць. Мы прызвычаіліся да кулуарнасці, закрытасці ў размеркаванні заказаў на такія работы. Прыцярпеліся так, што нават словы народных мастакоў Беларусі на абмеркаваннях часам ігнараваліся. І студэнты такое бачаць. І ўсведамляюць тое як натуральнае. Дык якая беларуская школа архітэктуры?

Па вялікім рахунку ўсё проста: у мастака бізнес — ягонае мастацтва. У праекціроўшчыка — яго праекты. Прычым тут пераемнасць, павага да асяроддзя? Прычым тут эстэтыка? Ні заказчыку, ні аўтару няма асаблівай справы да мастацтва. Не той узровень, не тая кан’юнктура, не той час… Таму паціху знікаюць з нашых вачэй (ці знаходзяцца ў “падвешаным” стане) адметныя творы найвышэйшай пробы: роспіс у тэхніцы энкаўстыкі ў былым кінатэатры “Вільнюс” (зараз Цэнтр барацьбы Аляксандра Мядзедзя) Зоі Літвінавай і Святланы Катковай, мазаіка ў фае аўтавакзала “Усходні” Віталя Карнеева… Недзе пыляцца габелены Аляксандра Кішчанкі, якія шыкоўна аздаблялі інтэр’еры Опернага тэатра… Можа, гэта і ёсць тэндэнцыя?

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"

Аўтар: Алесь КВЯТКОЎСКІ
мастак, педагог