Не дазволіць сабе “гаварыць” ролю

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Сёлетні “Крыштальны анёлак” “пасяліўся” ў акцёра Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксандра Васько, які штораз здзіўляе дарослага гледача і з лёгкасцю заварожвае малечу, навучаючы адчуваць боль і радасць таго, хто побач. Цудоўны лялечнік не мае звання заслужанага артыста, але яго ролі ў “Чайцы. Вопыт прачытання” А.Чэхава, у “Ганэле” Г.Гаупмана, у “Гісторыі аднаго горада” М.Салтыкова-Шчадрына адзначаюць як просты глядач, так і прафесійныя крытыкі. Аляксандр Пятровіч валодае сапраўдным талентам — несці радасць ад сустрэчы з сапраўдным мастацтвам.

 /i/content/pi/cult/155/1218/Ne dazvolic.jpg
— Я тым шчыры ў сваёй прафесіі, што ніколі не бываю абыякавым. Лічу, што маю рухомую псіхіку: бывае, не хочацца выходзіць на сцэну, але з трэцім званком нечакана аддаюся працы — не магу дазволіць сабе “гаварыць” ролю. Не схільны перабольшваць свае здольнасці: радуюся тым цікавым работам, што былі. Напрыклад, першую буйную працу з трысцінавай лялькай лічу своеасаблівым подзвігам. Люціус з “Чортавага млына” быў вельмі цяжкай металічнай лялькай, таму акрамя малюнка ролі і падтэкстаў трэба было навучыцца вытрымліваць амаль статычныя сцэны фізічна.

Самыя юныя гледачы за 28 гадоў маёй працы ў тэатры засталіся практычна такімі ж, як і раней: яны шчыра вераць у тое, што адбываецца на сцэне. Калі здолееш дакрануцца да струн дзіцячай душы, малыя з падзякай адгукнуцца, бо ў гэтым узросце яны яшчэ даверлівыя, бы анёлкі. На даўнім ужо "Чараўніку Смарагдавага горада" ў зале пануе цішыня, а на "Ганэле" Г.Гаупмана -- увогуле неверагоднае пастаяннае пераадоленне залы. Часцей за ўсё дзеці яшчэ не здольныя ўнікаць у псіхалогію драматурга, якую, да ўсяго, паглыбляе рэжысёр. Больш проста зразумець тое, што адбываецца ў казках, чым у больш ускладненых наватарскіх спектаклях.

Галоўнае ў любым спектаклі— камандны дух. Увогуле, не люблю паняцце зорнасці, лічу, што кожны павінен адпавядаць свайму месцу і не выбівацца з агульнай структуры ў механізме спектакля. Перадусім— не павінен парушацца створаны рэжысёрам малюнак.

 

Настасся ПАНКРАТАВА