— Я тым шчыры ў сваёй прафесіі, што ніколі не бываю абыякавым. Лічу, што маю рухомую псіхіку: бывае, не хочацца выходзіць на сцэну, але з трэцім званком нечакана аддаюся працы — не магу дазволіць сабе “гаварыць” ролю. Не схільны перабольшваць свае здольнасці: радуюся тым цікавым работам, што былі. Напрыклад, першую буйную працу з трысцінавай лялькай лічу своеасаблівым подзвігам. Люціус з “Чортавага млына” быў вельмі цяжкай металічнай лялькай, таму акрамя малюнка ролі і падтэкстаў трэба было навучыцца вытрымліваць амаль статычныя сцэны фізічна.
Самыя юныя гледачы за 28 гадоў маёй працы ў тэатры засталіся практычна такімі ж, як і раней: яны шчыра вераць у тое, што адбываецца на сцэне. Калі здолееш дакрануцца да струн дзіцячай душы, малыя з падзякай адгукнуцца, бо ў гэтым узросце яны яшчэ даверлівыя, бы анёлкі. На даўнім ужо "Чараўніку Смарагдавага горада" ў зале пануе цішыня, а на "Ганэле" Г.Гаупмана -- увогуле неверагоднае пастаяннае пераадоленне залы. Часцей за ўсё дзеці яшчэ не здольныя ўнікаць у псіхалогію драматурга, якую, да ўсяго, паглыбляе рэжысёр. Больш проста зразумець тое, што адбываецца ў казках, чым у больш ускладненых наватарскіх спектаклях.
Галоўнае ў любым спектаклі— камандны дух. Увогуле, не люблю паняцце зорнасці, лічу, што кожны павінен адпавядаць свайму месцу і не выбівацца з агульнай структуры ў механізме спектакля. Перадусім— не павінен парушацца створаны рэжысёрам малюнак.
Настасся ПАНКРАТАВА