Тэхналогія балю ў сядзібе

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Як “заманіць” наведвальніка ў музей
Гісторыка-мемарыяльны музей “Сядзіба Нямцэвічаў” у вёсцы Скокі (непадалёк ад Брэста) прыняў касцюміраваны восеньскі баль, прысвечаны 238-м угодкам палаца. Гэтым разам большасць наведвальнікаў была з Брэста, некалькі чалавек з Мінска, прыйшлі таксама мясцовыя жыхары.

/i/content/pi/cult/556/12173/12-1.jpgБалі тут адбываюцца да чатырох разоў на год, кожная імпрэза прысвечана пэўнай даце ці падзеі: Каляды, Масленка, Ноч музеяў… Цягам некалькіх гадоў на іх прыязджалі госці з Расіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Ірана, ААЭ.

Бальны дрэс-код

На балі панаваў свецкі этыкет, культура паводзінаў, музыка і танцы вышэйшага свету XIX стагоддзя. Госці прытрымліваліся нястрогага, але абавязковага дрэс-кода — касцюмы ў стылістыцы таго часу.

Як паведамлялі старонкі музея ў сацыяльных сетках, “кавалерам можна надзець смокінг ці парадны касцюм цёмнага колеру, фрак ці сюртук, белую кашулю з доўгімі рукавамі, і, пажадана, белыя пальчаткі”. Перасцерагаючы ад сучаснага гальштука, рэкамендавалася выкарыстаць гальштук-матылёк цёмнага колеру. Калі мужчына хацеў з’явіцца на балі ў вобразе вайскоўца — прапаноўваўся парадны мундзір. З галаўных убораў дапускаліся тыя, што дапаўняюць вайсковы строй, ці цыліндры. Дамам — доўгія сукенкі, любога колеру і з любымі ўпрыгожваннямі.

На практыцы госці, што наведалі баль у Скоках упершыню, проста дапаўнялі сучаснае адзенне аксэсуарамі: мужчыны ў касцюмах з матылькамі, жанчыны ў вячэрніх сукенках, некаторыя з веерамі. Сталыя наведвальнікі скокаўскіх баляў рыхтуюць строі адмыслова, на кожную імпрэзу імкнуцца апрануць нешта новае ці па-іншаму падабраць аксесуары. Прыязджаюць зноў і зноў, адзначаючы добрую атмасферу, магчымасць адчуць дух гісторыі. Супрацоўнікі музея частку гасцей ужо ведаюць у твар, наведвальнікі таксама добра знаёмыя між сабой. Навічкі хутка далучаюцца, а “пад канец вечара ўсе як родныя” — так адзначаюць наведвальнікі.

Інфармацыйная палітыка

Дарэчы, старонкі музея ў сацыяльных сетках чытаюць ужо больш за 800 чалавек. Таксама ёсць і сайт. Анонсы баляў змяшчаюць абласныя і сталічныя рэсурсы. Большасць гасцей на пытанне: “Як вы даведаліся пра мерапрыемства?” — адказвалі: “Праз Інтэрнэт”. Другі па папулярнасці адказ: “Праз знаёмых, якія тут ужо былі”. Баль становіцца доўгачаканай падзеяй, шырока вядомай у не такіх ужо і вузкіх колах. Наведвальнікі працуюць у самых розных сферах, а вольны час па-за балямі бавяць зусім не ў клубах рэканструктараў. Некаторыя госці даведваюцца пра імпрэзы больш традыцыйным шляхам: былі на экскурсіі — пачулі пра тое, што плануецца баль, — вырашылі прыехаць. Ці запрасілі на адзін з баляў выступіць у складзе спеўнага або танцавальнага гурта, а на наступную скокаўскую імпрэзу паехалі ўжо як наведвальнікі.

Што ў праграме?

Пад кіраўніцтвам балетмайстра госці развучвалі гістарычныя танцы. Не абмяжоўваючыся XIX стагоддзем, харэограф з Брэста Вольга Тарасюк паказала сярэднявечныя бранлі, некаторыя народныя танцы. Прайшло некалькі танцавальных блокаў, якія перапыняліся салоннымі гульнямі, выкананнем рамансаў. Госці казалі, што такая пабудова імпрэзы ім вельмі падабаецца: балетмайстар паказвае кожны танец, а паміж блокамі можна адпачыць.

Падчас балю адбылося адкрыццё выстаўкі брэсцкага мастака Сяргея Казака. На карцінах — краявіды рэгіёна, партрэты гістарычных асоб, звязаных са Скокамі.

З Брэста да музея госці едуць асабістымі машынамі ці маршруткамі. Пасля імпрэзы грамадскім транспартам ужо не дабрацца: маршруткі ходзяць да адзінаццатай вечара, а баль сканчваецца каля гадзіны ночы. Музей замаўляе для гасцей аўтобус да абласнога цэнтра. Аплата праезду ўваходзіць у кошт білета на баль.

Бухгалтэрыя і спонсары

Кажучы пра эканамічны бок арганізацыі балю, медатыст музея Генадзь Ходар адзначае, што на вечар сабраліся каля васьмідзесяці чалавек. Уваходны білет за 200 тысяч дазваляе сядзібе па выніках імпрэзы выйсці “ў нуль”: акрамя аплаты аўтобуса, закупляюцца прадукты для фуршэту, феерверк, аплочваецца праца балетмайстра, музыкантаў, арэнда апаратуры. Дарэчы, варыць каву і запускае феерверк дырэктар музея Сяргей Семянюк уласнаруч.

Адна з вялікіх праблем сядзібы — адсутнасць уласнай гукаўзмацняльнай апаратуры. Яе даводзіцца арэндаваць у іншых устаноў культуры, а гэта падвышае сабекошт правядзення баляў.

Хочацца адзначыць ролю чалавечага фактара: імпрэзы тут трымаюцца на імпэце супрацоўнікаў музея і рэдкіх спонсараў, якія пры гэтым вельмі дапамагаюць. Скокі знаходзяцца блізка ад Брэста, тут жыве шмат прадпрымальнікаў, якія працуюць у горадзе. Нараджаюцца супольныя праекты: адзін прадпрымальнік, байкер, што мае вопыт арганізацыі рок-канцэртаў у Брэсце, прапанаваў зладзіць у Скоках фэст на вольным паветры.

Наладжана супрацоўніцтва з карчмой, якая знаходзіцца праз дарогу. Сяргей Семянюк распавядае, што часта сядзібу замаўляюць для рэгістрацыі шлюбаў, а вясельны банкет ладзяць у карчме. Маладыя фатаграфуюцца, госці тым часам не сумуюць, слухаюць экскурсаводаў. Прадстаўнік карчмы дапамагаў з наладжваннем фуршэту і падчас балю.

Не абмяжоўваючыся папулярызацыяй культуры XIX стагоддзя, музей спрабуе розныя формы піяру спадчыны роду Нямцэвічаў, наладжвае міжнароднае супрацоўніцтва па розных накірунках. Да ўсяго, нашчадкі Нямцэвічаў жывуць у Канадзе, Францыі і Польшчы. Кантакт з імі можа быць перспектыўным.

Балі прывабліваюць шмат людзей, не звязаных праз працу і хобі з гісторыяй. Падчас імпрэз госці пачынаюць цікавіцца і музеем, і княжацкім родам. Фактычна баль дазваляе “заманіць” ва ўстанову такіх наведвальнікаў, якія не паехалі б на стандартныя мерапрыемствы кшталту экскурсій ці музейных заняткаў.

10 фактаў пра сядзібу

1. Захавалася 25 % архітэктурнага комплексу і 50 % паркавай зоны, што існавалі 200 год таму. Сядзіба, пабудаваная па праекце невядомага галандскага архітэктара ў 1777-м, унесена ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей у 2007 годзе як помнік рэспубліканскага значэння.

2. З 1777 да 1939 года сядзіба належыла Нямцэвічам.

3. Першыя згадкі пра род Нямцэвічаў сустракаюцца ў канцы XV стагоддзя. Яны звязаны з судовай справай шляхціча Салагубовіча супраць яго сваячкі Ядвігі, жонкі Яна Нямцэвіча. Паводле cтатутаў ВКЛ, складзеных на аснове заканадаўства і звычаёвага права, жанчына-шляхцянка мела права на ўласнасць, магла распараджацца пасагам незалежна ад волі мужа, адстойваць сваю маёмасць і гонар у судзе.

4. У Скоках 16 лютага 1758 года нарадзіўся Юльян Урсын Нямцэвіч — ад’ютант Тадэвуша Касцюшкі, пісьменнік, паэт, гісторык. Ён прыйшоў на свет яшчэ ў старым, драўляным сядзібным доме.

5. У гонар Юльяна Урсына Нямцэвіча названа вуліца непадалёк ад цэнтра Варшавы. На поўдні польскай сталіцы ёсць вуліцы Урсынуўская і Новаўрсынуўская. На апошняй знаходзіцца палац, які даў назву цэламу мікрараёну "Урсынуў", і палац той падобны да скокаўскага. На гербе сям’і Нямцэвічаў, што лёг і ў аснову герба таго варшаўскага раёна, — дзяўчына на мядзведзі.

6. Марцэлій Нямцэвіч, бацька Юльяна, які пабудаваў мураваную сядзібу ў Скоках (дарэчы, ідэю ён падглядзеў у суседа — Яна Флэмінга, які перабудоўваў сваю рэзідэнцыю ў блізкім ад Скокаў Цярэспалі і прывёз майстроў з Галандыі і Нямеччыны), браў удзел у Соймах Рэчы Паспалітай. Ён прысутнічаў на выбарах каралём Станіслава Аўгуста Панятоўскага, чым вельмі ганарыўся, бо кароль — яго зямляк з маёнтка Воўчын (цяпер вёска на Камянеччыне).

7. Мяркуючы па фота канца ХIX — пачатку ХX стагоддзяў з сямейнага архіва Нямцэвічаў у Францыі, сядзібу ўпрыгожвалі карціны Фра Барталамеа, Бацічэлі, Ван Дэйка, малюнкі Леанарда да Вінчы.

8. Сядзіба рабавалася і часткова бурылася чатыры разы: у 1794, 1915, 1918 і ў 1939 гадах.

9. На пачатку Першай сусветнай вайны Нямцэвічы спрабавалі вывезці сямейныя каштоўнасці ў Маскву і Калугу. Дасюль у Калужскім мастацкім музеі захоўваюцца карціны з іх партрэтных галерэй.

10. У сядзібе 15 снежня 1917 года было падпісана перамір’е між Савецкай Расіяй і Нямеччынай з яе саюзнікамі аб спыненні ваенных дзеянняў на Усходнім фронце. На гадавіну падпісання перамір’я ля сядзібы збіраюцца клубы ваенна-гістарычнай рэканструкцыі і паказваюць эпізоды баёў на Усходнім фронце ў 1914 — 1918 гадах. Рэканструкцыя “Скокі-2015” набыла статус абласнога мерапрыемства і адбудзецца 11 — 13 снежня 2015 г.

Мінск — Скокі — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"