Мабільнае народнае

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Яўген САХУТА, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці
Напрыканцы верасня ў Астраўцы прайшоў рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, што сабраў фальклорныя калектывы вобласці, народныя тэатры гульні, майстроў традыцыйнай творчасці раённых дамоў і цэнтраў рамёстваў.

/i/content/pi/cult/556/12172/4-6.jpgАналагічнае свята, але з упорам на выраб тканых паясоў прайшло ў Слуцку. Падобныя рэгіянальныя фэсты — гэта не вяртанне колішніх сталых традыцый, а хутчэй іх арганічнае паступовае ўключэнне ў сучасны культурны працэс. Не буду казаць пра фальклор, спынюся на рамёствах. “Покліч Палесся” на Гомельшчыне, “Слуцкія паясы”, іншыя фэсты не прапагандуюць побытавую фунцыю рамесніцкіх твораў. Яна страчана. Засталася функцыя мастацкая, запатрабаваная сёння грамадствам. І праз сваю мастацкасць рамесніцтва вяртаецца (прынамсі, павінна) не толькі як узор таленавітасці народа, але і як выраб рэчаў, якімі прыемна карыстацца. Маю на ўвазе і паясы, і вышыванкі, што пакрысе ізноў у модзе, і вырабы з саломы, лазы, дрэва. Калі набываць кошык, дык толькі зграбны, з адмысловым пляценнем. Заклік “Купляйце беларускае!” узведзены ў ранг вартай ідэі.

Праблемы ў Астраўцы не абмяркоўваліся. Не той фармат. Але гэтыя праблемы існуюць. Не сакрэт, скажам, што ў іншых раёнах, калі кіраўніцтва едзе з візітам за мяжу, з цяжкасцямі адшукваюць сувеніры для падарункаў, уласцівыя дадзенаму рэгіёну. Бываюць выпадкі, што ў пошуках такіх сувеніраў людзі змушаны ехаць у іншыя вобласці.

Вось Гродзеншчына, да прыкладу, і паказала яскрава, што тут падобныя праблемы адсутнічаюць. Кожны з раёнаў прадэманстраваў яркую адметнасць літаральна ва ўсіх відах традыцыйнага мастацтва. Многія з іх адроджаны з нуля.

Мне спадабаўся фестываль у Астраўцы. Бачыў зацікаўленасць людзей да падзеі. Імпануе і тое, што мерапрыемства не прывязана да канкрэтнага месца. Яно мабільнае. Таму — і самабытнае. Можа прайсці і ў іншых мястэчках Гродзеншчыны, якія яшчэ не спешчаны ўвагай публікі.

Яшчэ адзін важны аспект уключэння традыцыйнага мастацтва ў грамадска-культурныя працэсы. На ўроках працы ў агульнаадукацыйных школах нашы дзеці практычна вывучаюць традыцыйнае мастацтва свайго краю. Але гэты важны для выхавання працэс мае, на жаль, лакальны характар, не набыў яшчэ масавасці. Ёсць ініцыятыва сфер адукацыі і культуры — справа рухаецца, няма — стаіць.

А тут жа і для культуры — карысць (бо рамяство пэўнага мястэчка застанецца такім чынам самабытным, не знівелюецца да сярэднестатыстычнага ўзроўню), і дзеткам было б цікава.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"