Мы і пра нас

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Алесь СУША, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
За апошнія дні падчас розных сустрэч у Варшаве з нагоды візіту дэлегацыі нашай Нацыянальнай бібліятэкі да польскіх калег мяне павіншавалі, мусіць, не менш як сто чалавек з тым, што беларуская пісьменніца атрымала Нобелеўскую прэмію.

/i/content/pi/cult/556/12169/4-1.jpgСамыя розныя людзі: бібліятэкары, музейшчыкі, кіроўца, што вазіў нас па сустрэчах, экскурсавод, афіцыянты ў кавярнях, супрацоўнікі кнігарняў, звычайныя мінакі на вуліцах, калі з кім выпадкам перамаўляўся... Карацей, ці не ўсе, калі дазнаваліся, што мы з Беларусі, адразу ж нас віншавалі!

Што гэта азначае? Па-першае, паважаюць і радуюцца за нас (віншавалі заўжды шчыра і радаваліся за нас — тое бачна). Але, па-другое, што мне падаецца больш важным, яны ведаюць і чытаюць беларускую літаратуру (хай сабе не сістэматычна, але — па ўласным жаданні) ды сочаць за сусветным літаратурным працэсам, за такімі падзеямі, як уручэнне Нобелеўскай прэміі. (Назіранне ў тэму. Калі я ў пазамінулы аўторак увечары прыбыў у Варшаву і, маючы вольны час, пайшоў у першую ж вялікую кнігарню, то пры ўваходзе на стэлажы з бестселерамі знайшоў дзве беларускія кнігі — і абедзве аўтарства Святланы Алексіевіч. Думаю, значыць — чытаюць. А праз дзень стала вядома, што Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію і… ужо ўвечары ў кнігарні з прац аўтаркі не было анічога: усё разабралі, прычым адразу ж на ўсіх складах усіх кнігарняў Варшавы. Але кожны раз абнадзейвалі, што хутка з’явіцца новы тыраж, бо попыт узрос, і адразу некалькі выдавецтваў працуюць над перавыданнем.)

А як шмат у Беларусі мы гаворым пра сучасную літаратуру? Ці ведаем нобелеўскіх лаўрэатаў (ці назаве хто з нелітаратараў хаця б з дзясятак)? А ці ведае хто імёны намінантаў ад Беларусі, якія раней былі (а яны ж ад пачаткаў прэміі меліся — ад Элізы Ажэшкі, якую двойчы намінавалі, — да часоў нядаўніх, да намінавання Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна)? А ці шмат прапаноў на атрыманне Нобелеўскай прэміі ў літаратуры зрабілі самі беларусы?.. Ой, няшмат! І гэта — бадай найгоршае! Урэшце, падобнае становішча назіралася і з адкрыццём намі велічы Міцкевіча, Манюшкі, Шагала, Суціна, Эль Лісіцкага, Бакста, Алфёрава, Чэрскага, Чыжэўскага, Касцюшкі, Дамейкі, Рэйтана... Шкада, але не мы ўбачылі і давялі, што тыя постаці суайчыннікаў маюць сусветную значнасць. Больш за тое, многія з беларусаў толькі тады ў поўнай меры ўсвядомілі гэта і пачалі імі ганарыцца, калі дзякуючы працы суседзяў названыя дзеячы выйшлі па-за межы нацыянальнай культуры і дасягнулі сусветнай славы. Але наколькі маем права на прывязку такіх творцаў да нашай культуры? А колькі талентаў не выйшла за межы краю і засталося ў статусе неацэненых суродзічамі і светам?

Трэба, трэба нам навучыцца паважаць сябе і тое, што маем. А маем найбагацейшую культуру, не горшую за іншыя, гэтак жа годную заняць “свой пасад між народамі”. Ад гэтай саманепавагі пакутуем найперш самі і наш вобраз у вачах іншых. Таму ў школьнай праграме вывучаем Пушкіна больш, чым Коласа, Купалу і Багдановіча ці не разам узятых, таму ў амаль любым беларускім горадзе шыльды з імёнамі сваіх герояў можна знайсці нярэдка наводшыбе…

Мы — не горшыя за іншых, і іншыя — не лепшыя за нас. А ўсё ж маем сваё! Трэба навучыцца хаця б пры жыцці паспяваць дзякаваць тым людзям, хто гэтага заслужыў і хто зрабіў добрую справу для нашай краіны і нашай культуры!

Дарэчы, менавіта для пашырэння ведаў пра Беларусь у свеце калекцыя з больш чым 80 найлепшых выданняў пра нашу краіну — лаўрэатаў нацыянальных і міжнародных конкурсаў — была днямі ўрачыста перададзена ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы. Акцыя адбылася ў рамках рэалізацыі праекта “Беларусь сёння”, ініцыяванага ў 2010 годзе міністэрствамі культуры, інфармацыі і замежных спраў нашай краіны. Здзейснілі тое падчас прафесійнага візіту дэлегацыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў найбуйнейшую бібліятэку Польшчы. Паводле нашага меркавання, наяўнасць у галоўным інфармацыйным цэнтры суседняй краіны такіх выданняў пасадзейнічае распаўсюджванню ведаў пра Беларусь у польскім грамадстве, паляпшэнню ўзаемаразумення паміж народамі.