Слонімшчына, Віцебшчына...

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г


Слонім / Ініцыятыва — супольная

З 6-га кастрычніка ў выставачнай зале Слонімскага гісторыка-краязнаўчага музея працуе выстаўка “Слонім — сядзіба муз”, прысвечаная 250-годдзю са дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага.

Мастакі Слоніма, Мінска і Узды, сябры мастацкіх суполак “Абуджэнне” і “Арт-Слонім” Андрэй Лычкоўскі, Васіль Грыневіч, Яўген Іваноў, Фёдар Ладуцька, Алесь Стацэнка, Казімір Кулеш, Леанід Богдан, Андрэй Сідараў і іншыя прысвяцілі свае творы жыццю і дзейнасці вялікага кампазітара і патрыёта Бацькаўшчыны, адлюстравалі шмат пейзажаў Слоніма, у якім часта гасцяваў малады творца.

Гучала музыка Агінскага ў выкананні педагогаў музычнай школы, дзеці станцавалі знакаміты паланэз. Выступоўцы адзначалі важнасць такой культурнай падзеі для рэгіёна. Мастакам суполкі “Абуджэнне” былі ўручаны граматы за актыўны ўдзел у культурным жыцці Слонімшчыны, захаванне і ўзбагачэнне культурнай спадчыны.

Пасля ўрачыстай часткі адбыўся майстар-клас удзельнікаў выстаўкі, яны малявалі партрэты, пісалі нацюрморты, карацей — стварылі творчую атмасферу, спрыяльную для дыскусій ды абмеркавання, уражанняў, звязаных з успрыманнем сучаснага мастацтва…

Супольная выстаўка прадэманстравала, як важна праяўляць шчырую творчую ініцыятыву і аб’ядноўваць намаганні, не забываючыся на знакавыя падзеі нашай гісторыі і культуры. Падзея стала адметным унёскам у святкаванне юбілею Агінскага, а Слонім у чарговы раз стаў сапраўднай “Сядзібай муз”.

Яўген ШУНЕЙКА, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў


Віцебск / “Цяпло сэрцаў — матулям”

Пад такой назвай 14 кастрычніка ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылася святочная імпрэза з удзелам шматдзетных маці з абласных устаноў культуры, сярод якіх — педагогі, музейныя работнікі, актрысы…

Гучалі віншаванні з Днём Маці. Выступілі народны ансамбль народнай песні “Кросны”, калектыў саксафаністаў Музычнага каледжа імя Івана Салярцінскага, народны гурт буфанады “Маска” і шоу-дуэт “Вераб’і” (браты Андрэй і Сяргей Вараб’ёвы) Віцебскага раённага Дома культуры.

Імпрэза была арганізавана падчас адкрыцця выстаўкі артэфактаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн” ды “Нагльфар”, клуба жывой гісторыі “Хальвель”. Былі прэзентаваны і работы маладых мастакоў ды майстроў (Васіля Барысевіча, Ганны Перлінай і іншых).

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ