Дыялог парламентарыяў і музыкі

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Другое свята беларускай музыкі, што адбылося 21 сакавіка ў абпаленым Чарнобылем Чачэрску, зноўку было насычана самымі цудоўнымі ўзорамі высокага мастацтва. Камерныя калектывы Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга падрыхтавалі праграму “Беларуская інструментальная музыка. Лепшае”. У кінаканцэртнай зале “Кастрычнік” прагучалі самыя вядомыя творы беларускіх кампазітараў ХІХ — ХХІ стагоддзяў.

Калі летась, па прапанове маэстра Фінберга Гомельскі аблвыканкам, Чачэрскі райвыканкам і Гомельская абласная філармонія ладзілі першае свята, ініцыятыва Нацыянальнага канцэртнага аркестра дапамагла вызначыць яго звышзадачу: людзі ў пацярпелым ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС раёне як ніхто іншы маюць патрэбу ў шчырай і адкрытай размове з прадстаўнікамі ўлады. Так нарадзіўся праект Асамблеі “Дыялог парламентарыяў Беларусі з актывам Чачэрскага раёна”.

Сёлета на такі нефармальны дыялог, што дапамагае вызначыць балючыя кропкі сацыяльна-эканамічнага жыцця раёна і абмеркаваць шляхі іх вырашэння, сабраліся члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Прыгожая, Уладзімір Дворнік, Аркадзь Кобрусеў, а таксама старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Аўдзеева і іншыя.

ІІ Свята беларускай музыкі — гэта і выстаўка работ творчай моладзі Чачэрскага раёна, і выступленні самадзейных калектываў Гомельшчыны, і гала-канцэрт Заслужанага калектыву Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі “Табе, Чачэрск, нашы песні” як фінальная кропка сустрэчы.

Палітра дваццацігадовай работы аркестра па эстэтычным выхаванні жыхароў краіны, у першую чаргу маладых гарадоў і вёсак, набывае новыя фарбы, адзначае маэстра Фінберг.

Добрая музыка і добрае слова даюць у спалучэнні такі зарад бадзёрасці людзям! А вырашэнне канкрэтных пытанняў, што ўзнімаюцца на сустрэчах, — падстава для аптымізму і надзеі.