24 каляндарныя і арэнда інструментаў

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Работнікаў бібліятэк турбуе працягласць працоўных водпускаў. Ці рыхтуюцца ў Міністэрстве культуры спісы пасад, для якіх будзе вызначаны большы тэрмін водпуску?

У адпаведнасці з артыкулам 155 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь працягласць асноўнага водпуску работнікаў бібліятэк, як і іншых работнікаў галіны культуры, складае 24 каляндарныя дні.

У мэтах забеспячэння рэалізацыі артыкула 158 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у дачыненні да работнікаў арганізацый, што фінансуюцца з бюджэту, Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 2008 г. № 408 “Аб прадастаўленні дадатковага водпуску за ненармаваны працоўны дзень” рэкамендавана прадастаўляць дадатковыя водпускі за ненармаваны працоўны дзень асобным катэгорыям работнікаў у адпаведнасці з дадаткам да гэтай Пастановы.

Аплату дадатковых водпускаў за ненармаваны працоўны дзень у арганізацыях, што фінансуюцца з бюджэту, трэба рабіць за кошт сродкаў, атрыманых ад дзейнасці, якая прыносіць даходы (калі ў адпаведнасці з заканадаўствам такія сродкі застаюцца ў іх распараджэнні), а пры адсутнасці ўказаных сродкаў — за кошт сродкаў, прадугледжаных у каштарысе арганізацыі на аплату працы.

Таксама ў адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны” і артыкулам 160 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь работнікам устанаўліваецца дадатковы заахвочвальны водпуск.

 
Як вызначыцца з платай за карыстанне навучэнцамі музычнымі інструментамі? Кваліфікаваць гэта ў якасці арэнды ці пракату?
Часовае карыстанне навучэнцамі музычнымі інструментамі, што належаць дзіцячай школе мастацтваў, з’яўляецца арэндай музычных інструментаў.Па дамове арэнды (маёмаснага найму) арэндадаўца (наймадаўца) абавязуецца прадаставіць арандатару (наймальніку) маёмасць за плату ў часовае валоданне і карыстанне ці ў часовае карыстанне.Даходы, атрыманыя арандатарам у выніку выкарыстання арандаванай маёмасці ў адпаведнасці з дамовай, з’яўляюцца яго маёмасцю.
У дамове арэнды павінны быць указаны даныя, што дазваляюць акрэслена ўстанавіць маёмасць, якая падлягае перадачы арандатару ў якасці аб’екта арэнды. Пры адсутнасці гэтых даных у дамове ўмова аб аб’екце, што падлягае перадачы ў арэнду, лічыцца няўзгодненай бакамі, а адпаведная дамова не лічыцца заключанай.Права здачы маёмасці ў арэнду належыць яе ўласніку. Арэндадаўцамі могуць быць таксама асобы, якім дадзена права заканадаўствам ці ўласнікам здаваць маёмасць у арэнду. 

Наталля ШМАКАВА,
начальнік упраўлення
навучальных устаноў і кадраў МК РБ