Кадравая практыка

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

На гэтым тыдні 40-годдзе святкаваў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. На ўрачыстасцях з нагоды круглай даты шмат казалі пра шыкоўны педагагічны калектыў, які прыкладае ўсе намаганні і дзеліцца ўласнымі творчымі здабыткамі для таго, каб штогадова больш за 5 тысяч студэнтаў спазнавалі традыцыйную і сучасную нацыянальную культуру ў самай шырокай разнастайнасці яе праяў. “К” сустрэлася з дэканамі чатырох факультэтаў універсітэта, каб даведацца пра стратэгію падрыхтоўкі кадраў для сферы.

/i/content/pi/cult/556/12148/2-1.jpgКаб змянялася ментальнасць студэнтаў

— Факультэт адным з першых у краіне ўжыў бесперапынную сістэму адукацыі: каледж — універсітэт — аспірантура — перападрыхтоўка, — зазначае дэкан факультэта інфармацыйна-дакументальных камунікацый Мікалай ЯЦЭВІЧ. — Каб у час выпраўляць вузкія месцы ў падрыхтоўцы дыпламаваных спецыялістаў, выкарыстоўваем зваротную сувязь: перыядычна праводзім ацэнку якасці адукацыі бібліятэкараў і музеязнаўцаў. Ладзім і апытанні выпускнікоў, якія адпрацавалі на месцах не менш за тры гады, выслухоўваем наймальнікаў, кіраўнікоў практык. Слушныя заўвагі прымаюцца да распрацоўкі. Упэўнены, няма наўпростай залежнасці якасці ведаў ад нарошчвання колькасці гадзін. Прыярытэт бачу ва ўдасканаленні зместу выкладання дысцыплін.

Зараз шмат гавораць пра далучэнне нашай краіны да Балонскага працэсу, змены ў сістэме вышэйшай адукацыі. Усё так, але павінны змяняцца не толькі ВНУ, а і ментальнасць студэнтаў. І для выкарыстання ў поўнай меры магчымасцей студэнцкай мабільнасці неабходна мець куды больш высокі ўзровень валодання замежнай мовай (ужо не кажу пра некалькі моў). Да ўсяго, давайце шчыра прызнаемся: пры магчымасці вызначыць для сабе курс па выбары, студэнт часта карыстаецца не патрэбай у пэўнай дысцыпліне для будучай прафесіі, а адноснай лёгкасцю атрымання заліку...

Адбылася аптымізацыя бібліятэк, але мы ўсё адно не можам усіх забяспечыць спецыялістамі (на кожнага выпускніка — па 2,5 заяўкі з месцаў). На маю думку, гэта нельга звязваць з лічбамі набору ва ўніверсітэт — хутчэй з “бягучкай” кадраў у галіне. Разам з тым, паколькі ў новых тэхналагічных умовах бібліятэкі і музеі змяняюць змест сваёй працы, то і факультэт адкрывае новыя кірункі...

Прыкладам, музейшчыкі сталі вывучаць турыстычныя аспекты гісторыка-культурнай спадчыны. Адносна падрыхтоўкі бібліятэкараў вызначыліся два перспектыўныя кірункі. Па-першае, мінуў час, калі чалавек мог здабыць тыя ці іншыя звесткі толькі ў бібліятэцы, таму неабходна заглыбляцца ў аналітыку, на больш высокім узроўні сістэматызаваць інфармацыйную прастору. І, зыходзячы з гэтага, ствараць новы інфармацыйны прадукт для таго ж бізнесу, устаноў, арганізацый, навучыцца прадаваць такую паслугу. Другі кірунак, які ў нейкім сэнсе дамінуе: фарміраванне ў бібліятэцы культурнай, адукацыйнай прасторы, арганізацыя адпачынку наведвальніка. У новых вучэбных планах ужо ўключана шмат дысцыплін, звязаных з гэтым, адкрылі і адмысловую спецыялізацыю: “Культурна-дасугавая дзейнасць бібліятэк”.

Захаваць спецыяльнасці: запыт існуе

— У сувязі з перспектывай далучэння Беларусі да Балонскага працэсу нас чакае выкананне “дарожнай карты”, перагляд спецыяльнасцей, — зазначыла Ірына ГРАМОВІЧ, дэкан факультэта музычнага мастацтва. — Жадаем іх максімальна захаваць, бо на нашых спецыялістаў існуе вялікая запатрабаванасць з рэгіёнаў краіны. Але зберагчы — не значыць пакінуць на колішнім узроўні. Плануем скіраваць падрыхтоўку ў больш прагрэсіўнае рэчышча, суаднесці яе з эканамічнымі запытамі дзяржавы. У нас практыка-арыентаваная адукацыя. Тэрміны навучання скарачаюцца, таму па новых правілах будзем праводзіць практыкі — без адрыву ад вытворчасці.

Нашы студэнты, у асноўным, застаюцца ў прафесіі. Мы імкнёмся захаваць пераемнасць пакаленняў: пасля размеркавання не забываем нашых выпускнікоў, дапамагаем ім, а яны потым арыентуюць сваіх вучняў на паступленне ў БДУКіМ. Такая ж шчыльная сувязь з завочнікамі. Ва ўніверсітэта ёсць філіял факультэта завочнага навучання ў Мазыры. На базе Мазырскага музычнага каледжа рыхтуем народнікаў па харавым і інструментальным напрамках. Нашы выкладчыкі курыруюць працэс, дапамагаюць складаць праграмы. Магу сказаць: Гомельшчына забяспечана нашымі спецыялістамі.

Зацікаўлены факультэт і ў тым, каб курыраваць патэнцыйных абітурыентаў. Праз тое маем шчыльныя творчыя стасункі са сталічным Каледжам мастацтваў, а таксама музычнымі каледжамі Мінска, Магілёва і Гродна. Нашы выкладчыкі туды ездзяць, ладзяць майстар-класы і выступленні ўніверсітэцкіх калектываў. Так яны прыглядаюцца да перспектыўнай моладзі. У будучым хочам з некаторымі з пералічаных устаноў заключыць дагаворы, каб яны накіроўвалі да нас на ўступныя экзамены сваіх лепшых выпускнікоў.

Як вядома, факультэт у асноўным займаецца падрыхтоўкай кіраўнікоў аматарскіх харавых і інструментальных калектываў. Калі нішай Акадэміі музыкі з’яўляецца падрыхтоўка салістаў, то наш “канёк” — ансамблевая творчасць. У нас існуе адзіная ў рэспубліцы кафедра, якая рыхтуе спецыялістаў народна-харавога выканальніцтва. У галіне эстраднага мастацтва таксама не маем канкурэнтаў. Так, і мы вучым піяністаў, скрыпачоў, віяланчэлістаў, але іх праграмы распрацаваны ў эстрадна-джазавым кірунку. Дарэчы, летам пяць студэнтаў з кафедры мастацтва эстрады ўдзельнічалі ў культурна-адукацыйным праекце фестывалю “Ravello” ў Італіі. Падобная актыўнасць у міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемствах і конкурсах — натуральны элемент адукацыі.

Заяўка для святаў

— Адметнасць факультэта, у склад якога ўваходзіць пяць кафедр, заключаецца ў тым, што адукацыйны працэс тут непасрэдна спалучаецца з творчай дзейнасцю, — кажа дэкан факультэта традыцыйнай культуры і сучаснага мастацтва Наталля ШАЛУПЕНКА. — Нашы студэнты атрымліваюць практычныя веды літаральна з першага курсу. Напрыклад, ладзяцца выязныя практыкі пад кіраўніцтвам вядучых мастакоў Беларусі (сёлета студэнты два тыдні правялі на пленэры ў Нясвіжы).

Заключаны дагаворы з базавымі арганізацыямі на падрыхтоўку кадраў, правядзенне практык і ўдзел у імпрэзах. Мы звязаны з лепшымі пляцоўкамі Мінска і вядучымі калектывамі. Сярод партнёраў — “Харошкі”, Музычны тэатр, Белдзяржфілармонія, “Мінскканцэрт”, шэраг заняткаў праводзіцца менавіта на іх базе. А цяпер на руках маю заяўку на пэўных студэнтаў, каго ў якасці сарэжысёраў запрашаюць у каманду падрыхтоўкі святаў рэспубліканскага ўзроўню.

На кафедрах працуюць выдатныя выкладчыкі. А каб студэнт не быў адарваны ад найноўшых тэндэнцый, якія адбываюцца ў профільнай сферы, запрашаем практыкаў — дзеячаў культуры і мастацтва. У бліжэйшых планах — пашырэнне ўзаемадзеяння з выбітнымі спецыялістамі, у тым ліку з замежнымі.

Студэнцкая мабільнасць — наш далейшы накірунак. У нас заўсёды былі абмены з Расіяй і краінамі Балтыі. Напрыклад, сёлета ў межах вытворчай практыкі накіроўвалі студэнтаў у расійскі Гжэльскі мастацка-прамысловы ўніверсітэт. У наступным паўгоддзі маем намер скіраваць туды лепшых студэнтаў на цэлы семестр. Таксама плануем пашыраць стажыроўкі выкладчыкаў. Яшчэ сёлета хочам адправіць калег па вопыт у заходнія краіны.

Пра нашу дзейнасць сведчаць перамогі ў міжнародных конкурсах (урэшце, не збіраемся заспакойвацца на дасягнутым), а таксама амбіцыйныя праекты кшталту мюзікла “Дуброўскі” з афішы Музычнага тэатра. Летась на кафедры харэаграфіі адкрылі новы кірунак сучаснага танца (яго не вядзе ніхто, акрамя нас). Пабачыўшы нават першыя дасягненні, замежнікі прапаноўвалі на яго базе стварыць Цэнтр сучаснай харэаграфіі.

У нас ёсць планы па рэалізацыі новых праектаў. Так, на факультэце вучацца чэмпіёны і члены нацыянальнай зборнай краіны па бальных танцах. З гэтай нагоды хочам сіламі ўніверсітэта ў 2016 годзе правесці Міжнародны турнір па спартыўна-бальных танцах “Minsk Open”.

Спецыяльнасць ёсць, а пасада?

— Галоўны напрамак сёння тычыцца ўваходжання Беларусі ў Балонскі працэс, — пачынае з надзённага Мікалай КАРАЛЁЎ, дэкан факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці. — Калі кантрольныя лічбы прыёму раней вызначала Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам культуры, то зараз, хутчэй за ўсё, іх стануць прапаноўваць заказчыкі кадраў. Яны бываюць дзвюх катэгорый: будучыя наймальнікі і непасрэдна студэнты, якія за ўласныя грошы хочуць набыць адукацыйныя паслугі. У сувязі з апошнім агучу такія лічбы: сёлета сярэдні конкурс на бюджэт па факультэце складаў 4 чалавекі на месца, на платнае аддзяленне мы набралі 280% ад колькасці бюджэтнікаў (але падкрэслю, што “платнікі” ўдзельнічалі ў сур’ёзным конкурсе балаў па Цэнтралізаваным тэсціраванні).

Мы рыхтуем менеджараў сацыяльна-культурнай сферы, міжнароднай культурнай сферы, па рэкламе і грамадскіх сувязях. Таксама трывала ўвайшлі ў сучаснае жыццё спецыяліст па інфармацыі, “піяршчык”, рэкламіст. Але існуе пакуль не вырашаная праблема: у штатным раскладзе профільных устаноў не існуе адпаведных пасад для гэтых спецыялістаў з запатрабаванай прафесіяй.

Бачым, што сёння ў бальніцах, дзіцячых летніках, прыватных школах развіцця ўзнікла патрэба ў спецыялістах па рэабілітацыі сродкамі мастацтва. Ці прафесіяналы, якія змаглі б праводзіць экспертызу твораў мастацтва і культурных каштоўнасцей для музеяў, мытняў, ламбардаў: у Беларусі іх не рыхтуюць. Верагодна, мы зможам адкрыць такі кірунак, але трэба ўзважыць нюансы. Напрыклад, зразумела, што за чатыры гады нерэальна зрабіць з учарашняга школьніка эксперта. Можа, лепш набіраць у магістратуру па адпаведнай спецыяльнасці людзей, якія маюць мастацтвазнаўчую адукацыю, ці стварыць курсы перападрыхтоўкі для спецыялістаў, якія працуюць у дадзенай сферы і адчулі патрэбу ў ведах новага ўзроўню.

Калі вярнуцца да Балонскага працэсу, то ён выклікае шмат пытанняў. Напрыклад, Міністэрства адукацыі зараз прапануе замежную класіфікацыю спецыяльнасцей, але яна не зусім супадае з рэальнай беларускай практыкай. Прынамсі, на Захадзе няма такіх устаноў, як СДК, РДК, ГДК, СК... Мы хочам абараніць інтарэсы нашых культурных арганізыцый. Мяркую, ад Балонскага працэсу патрэбна ўзяць лепшае: прызнанне нацыянальных дыпломаў за мяжой, студэнцкія абмены, варыятыўнасць адукацыйнай праграмы для кожнай асобы. У Беларусі пакуль амаль не выкарыстоўваецца такое палажэнне, як самастойнасць ВНУ ў адкрыцці новых спецыяльнасцей, профілей падрыхтоўкі. Пакуль універсітэты павінны ўзгадняць кожную коску і атрымліваць ліцэнзію ў профільнага міністэрства.

Неабходна рыхтаваць больш практыкаарыентаваных спецыялістаў. Возьмем магістратуру факультэта: яна звышзапатрабавана, аб чым сведчыць сёлетні конкурс — у сярэднім 4-5 чалавек на месца. Аднак яна не вельмі адпавядае патрабаванням часу: тры з чатырох магістратур навукова-педагагічныя. Магчыма, іх патрэбна будзе рэфармаваць ці дадаткова адкрыць напрамкі, скіраваныя на практычны вопыт...

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"