Свет у… "БТР"

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Васьмёра мастакоў пакідаюць след-каляіну
“БТР” — так называецца арт-праект, які з 6 кастрычніка працуе ў Цэнтры сучасных мастацтваў. У кароткім прэс-рэлізе сказана, што абрэвіятуру “БТР” можна расшыфраваць у двух варыянтах: па-першае, гэта “бюро творчых работ” (удзельнікі — члены бюро творчай секцыі манументальнага мастацтва БСМ) — што правільна; па-другое, “БТР” — гэта абрэвіятура ад назвы браніраванай транспартна-баявой машыны, якая перамяшчаецца на васьмі колах і, зразумела, пакідае след-каляіну. І, як зноў жа сцвярджаецца ў прэс-рэлізе, таксама кожны з васьмі мастакоў “сваёй творчасцю пакіне ўласны след-каляіну ў мастацтве”. Ну, каму што бліжэй…

/i/content/pi/cult/556/12145/9-2.jpgСапраўды, на выстаўцы экспануюцца творы менавіта васьмі мастакоў, выхаванцаў аддзялення манументальнага роспісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, але ўсе яны паказалі свае дасягненні не ў сферы сваёй першапачатковай прафесіі, а ў станковым жывапісе. Шчыра кажучы, калі я ішоў на выстаўку, думаў пабачыць нейкія іх эскізы, праекты або фатаграфіі тых манументальных аб’ектаў, якія яны паспелі зрабіць у сваёй пакуль нядоўгай творчай біяграфіі. А мо яны мяркуюць паказаць штосьці новае? Аднак рэальнасць такая, што прыйшоў час, калі з-за адсутнасці буйных заказаў на творы манументальна-дэкаратыўнага характару (не лічачы асобных рэдкіх аб’ектаў агульнадзяржаўнага значэння, у спіс выканаўцаў творчай часткі якіх не кожны манументаліст патрапіць). Сапраўды, большасць творцаў, якія атрымалі добрую школу, ужо даўно перайшла на станковы жывапіс.

Такім чынам, “цудоўная васьмёрка” — гэта Васіль Зянько, Уладзімір Зленка, Іван Кліменка, Генадзь Козел, Глеб Отчык, Андрэй Пяткевіч, Барыс Семілетаў, Алесь Суша. Па шчырасці — практычна ўсе яны ўжо даволі вядомыя мастакі, якія маюць за спінай шмат персанальных і групавых выставак не толькі ў нашай краіне, але і па-за яе межамі. Аднак галоўнае, што яны — прафесіяналы са сваім уласным поглядам на свет, эксперыментатары, якія імкнуцца як бы адыйці ад звыклых мастакоўскіх традыцый рэалізму ў яго зацяганым, “заношаным сэнсе”, каб знайсці не падобны ні на каго “шлях да сябе”. Ды і, разам з тым, зразумела, і гэта бачна ў экспазіцыі, што вялікія сусветныя творы для іх — не прамінулы час, не тое былое, з абрэзкаў якога можна выкраіць нешта для сябе, а сапраўднае, новая рэальнасць, якая патрабуе сваёй формы.

Падрабязна аналізаваць творы мастакоў не бачу сэнсу, бо іх шмат і ўсе яны годныя асобнага нарыса, тым больш многія з іх даўно знаёмыя, яны экспанаваліся на мінулых выстаўках, акрамя створаных у гэтым годзе. Як, напрыклад, карціны “Чырвоная і сіняя” Генадзя Козела, “Лавец сноў”, “Смак граната”, “Перамены” і “Усё ўключана” Васіля Зянько, “У чаканні сезона” Барыса Семілетава, “Вечар” Уладзіміра Зленкі і амаль усе палотны Глеба Отчыка: ад “Поўначы” і “Адчування блізкасці” да “Вялікага панавання” і “Маўклівых артэфактаў”. Мастакі, прадстаўленыя на выстаўцы, — вельмі розныя, але іх аб’ядноўвае адна глабальная тэма: што ёсць сучасны свет вакол нас? І дзе знаходзіцца той корань, з якого вырастае дрэва сённяшняга быцця з такімі неймаверна складанымі, заблытанымі і пераблытанымі галінамі і лісцем? Скажам, для Васіля Зянько свет здаецца нейкім кругазваротам падзей, дзе ўсё жывое на зямлі, флора і фаўна — адзіны самастойны арганізм, цэласная матэрыяльная структура, што развіваецца па сваіх законах. Разбураць яе чалавеку — звышнебяспечна.

Для Барыса Семілетава жывапіс — гэта музыка ўсіх колераў палітры ў класічна-мадэрновым абрамленні “гукавых” абстрактных ліній, плямаў, прадметаў, звязаных, аднак, з аўтарскай спробай “увайсці” ў псіхалагічнае нутро нейкай амаль страчанай памяці чалавецтва, раскрыць яго векавую мару, каб выйсці з ракі забыцця на прастор, дзе буяюць колеры восені з яблыкападам і салодка спіць у месяцовым свячэнні зямля. У Андрэя Пяткевіча ключавое паняцце ў жывапісе — “любоў”: “любімы памер”, “любоўны трохкутнік”, “падманутая любоў”, “любоўнае хваляванне”, але ўсе тыя катэгорыі — своеасаблівая “прыманка”, дзякуючы якой мастак імкнецца выявіць свой маральны пасыл у сённяшні свет, поўны супярэчнасцей і расчараванняў.

Глеб Отчык стаў даволі вядомым мастаком пасля таго, як ён стварыў для Рагачова арыгінальную скульптурную кампазіцыю, прысвечаную… згушчонаму малаку, хаця я яго ведаў яшчэ па дыпломнай манументальнай мазаіцы, зробленай на фасадзе аднага з будынкаў завода “Керамін”. Да ўласнага бачання свету ён прыйшоў, скажу так, ад рэалізму ранніх пейзажаў і нацюрмортаў да своеасаблівага экспрэсіянізму ў “чырвоных” творах, прадстаўленых у экспазіцыі. Ды і тэхніку ён прыдумаў незвычайную: алей, маянэз, клей плюс нейкія інгрэдыенты, якіх я не ведаю. Менавіта соус, па словах аўтара, дадае моцную фактуру палатну і “прыцягвае ўвагу глядачоў”. Такая змяшаная тэхніка пісьма, акрамя яго пошукаў у галіне “адчування блізкасці” навакольнага свету, сапраўды цікавая. Але хіба яна, як і любая іншая тэхніка, мае вызначальны крытэрый для сапраўднай ацэнкі мастацка-вобразнай якасці твора? Мабыць, не.

Уладзімір Зленка, мо, самы “дэкаратыўны” з гэтай групы. Ён прадставіў на выстаўку палотны, напісаныя ў 2012 годзе, акрамя аднаго, больш ранняга — “Крадзецца сонца ў ложак” і нядаўняга — “Вечар”. Ніякай праграмнай глыбакадумнай ідэі, мяркую, тут не трэба шукаць. Своеасаблівасць гэтага творцы дасягаецца на аснове пачуццёва-асацыятыўнага метаду. І гэта прыцягвае ўвагу. А вось Алесь Суша — самы “прадметны”, “рэалістычны” з гэтай “васьмёркі”. Яго творы, добрыя, цёплыя, прыцягальныя сваёй сардэчнасцю, шчырасцю, цалкам адпавядаюць яго словам: “Прыйдзе душа ў трапятанне, абудзіць думку — адкрыецца запаветнае, і ўзнікне тое, што адгукнецца ў іншых душах”. У гэтым сэнсе варта асабліва адзначыць яго цікавыя палотны “Пацеркі”, “Восень” і “Чысты чацвер”. Хачу падкрэсліць, што ён найперш вядомы менавіта сваімі жаночымі выявамі, кранальнымі і незвычайнымі, а таксама сюжэтамі, звязанымі з успамінамі дзяцінства на жывапіснай Чэрвеньшчыне. Праз іх мастак дэманструе свой непаўторны ўнутраны свет, даследуе повязі жыцця, словам, тое, што з’яўляецца яго маральным зместам.

Івана Кліменку я ведаю шмат гадоў як таленавітага і неспакойнага жывапісца, і таму чарговая сустрэча з невялічкай экспазіцыяй яго палотнаў на выстаўцы мяне зноў парадавала. Урэшце, усё пытанне ў тым, што бачыць і адлюстроўвае жывапісец, ствараючы камбінацыі прыдуманых і рэальных прадметаў. Мастак шукае ў кожных суадносінах гэтых прадметаў, фігур, колеравых плям, прасторавых плоскасцей і аб’ёмаў затоены духоўны сэнс, які пранізвае ўсё: пабудову формы, логіку рытму, сілу тону, інтэнсіўнасць светлавых рэфлексаў. Хіба ж, напрыклад, яго карціны “Мальва”, “У фарбах”, “Бераг” ці “Сон” — не яркі прыклад таго, як добра на палатне могуць спалучацца звонкія жывапісныя акорды з музыкай, якая ліецца ледзь не праз край палотнаў! Альбо своеасаблівы бліскучы дыптых “Дзяўчыны” — асацыятыўныя “эстэцкія” кампазіцыі, навеяныя шчырай любоўю да гармоніі жыцця… Кажучы інакш, рэаліі арганічна спалучаюцца, так бы мовіць, не з нерэаліямі, але з самой сітуацыяй натуральных незвычайнасцей. Жывапісец існуе ў сваім — вялікім, светлым і добрым — свеце. Такая ягоная сутнасць. Яна далёкая ад дробязей той рэальнасці, якую можна “пабачыць” непасрэдна і адразу “памацаць”, “панюхаць”. Мастацтва для Кліменкі — гэта своеасаблівая гульня, быццам бы лёгкая і радасная, але выбудаваная на подыху жыцця, у якім існуе сучасны чалавек. Аднак за гэтай гульнёй — цяжкая праца, перажыванні, памылкі, пакуты і вопыт. А яшчэ — інтуіцыя, падсвядомасць. Усё гэта разам і ёсць той шлях, якім мастак ідзе ад паэтычнай задумы праз маляўніча-рытмічны лад да вобразнай экспрэсіі, што накладвае свае палаючыя водбліскі на адлюстраваны свет, поўны радасці, шчасця, хараства, суму, настальгічных успамінаў…

Нарэшце, такі свет — складаны, шчыры, міражны, таямнічы, ясны і невытлумачальны, можна прасачыць у лепшых творах усіх прадстаўленых мастакоў. І ў заключэнне хочацца адзначыць цудоўную падачу выстаўкі: кожны аўтар-экспанент атрымаў асобную светлую ды ўтульную залу для сваіх карцін…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"