“Сімфоніі” Мая

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Персанальную выстаўку народнага мастака Беларусі Мая Данцыга ў Нацыянальным мастацкім музеі, прымеркаваную да яго 85-годдзя, можна без перабольшвання прылічыць да значных падзей духоўнага жыцця краіны. Яна (у які раз!) паказала Данцыга як майстра першай велічыні, як жывую легенду савецкага і постсавецкага мастацтва, і, што самое галоўнае, як творцу, што здолеў ва ўсіх складаных спробах праверыць станковую карціну на трываласць захаваць культуру жывапісу.

/i/content/pi/cult/556/12144/9-1.jpgМай Данцыг — мастак, выяўленчую паэтыку якога дастаткова цяжка выявіць словамі. Можа падацца, што ягоная творчасць, у адрозненне, напрыклад, ад творчасці калегі па Сурыкаўскім інстытуце Міхаіла Савіцкага ці настаўнікаў — Віктара Цыплакова і Пятра Пакаржэўскага, наогул не канцэптуальная, што яна — плён спантаннага, своеасаблівага лірыка-паэтычнага ўспрымання мастаком сучаснай яму рэчаіснасці ці “апаэтызаванай” драмы Вялікай Айчыннай. Кожная работа на гэтай выстаўцы — ад студэнцкіх эцюдаў і малюнкаў 1950-х да класічных манументальных палотнаў эпохі росквіту яго мастацтва — як бы цалкам пацвярджае гэтае ўяўленне.

Але экспазіцыя, на маёй памяці, самая вялікая па колькасці твораў ў “выставачным” жыцці мастака (увесь ніжні паверх музея!), дэманструе нам не толькі стыхію фарбавых перажыванняў, не толькі бліскучае прафесійнае веданне “таямніц” абсалютна ўсіх жанраў жывапісу: ад “гаваркіх” нацюрмортаў ды “экспрэсіяністычных” пейзажаў да партрэтаў-помнікаў Чалавеку і фігуратыўных эпічных карцін пра “час і прастору”. А яшчэ — дзясяткі бліскучых малюнкаў розных часоў. Яна, экспазіцыя, яскрава ставіць і злабадзённае пытанне: ці патрэбна сёння карціна з вельмі моцнай унутранай структурай, якая павінна жыць па сваіх законах? Перш за ўсё гаворка ідзе пра жывапісную культуру, якая, пагадзіцеся, сёння ў стане стагнацыі. Прычым, гэта не проста культ майстэрства, а дар захаплення, зачаравання, асалоды ад жывапіснага матэрыялу, колеру, фактуры, мазка і іншых выяўленча-выразных магчымасцей.

Май Вольфавіч, разважаючы пра крызіс у нацыянальным і сусветным мастацтве, мае рацыю, калі кажа: “Даўно ўжо сумую па выяўленчай культуры для душы і сэрца, па мастацтве суперажывання і судачынення. Хоць мы, беларусы, ужо даўно сцвердзілі, што не лыкам шытыя, што мы пры жаданні можам стварыць работы, якія будуць адпавядаць высокаму еўрапейскаму ўзроўню. Але няўжо гэта мэта творчасці? Мы сёння сталі менш патрабавальнымі да сябе, да сваёй працы. Можа, таму і знікла “вялікая” карціна? Я не заклікаю пісаць шматфігурныя палотны, якія стваралі, скажам, Брулоў ці Сурыкаў, Іванаў ці Веласкес, Рэпін ці Эль Грэка і Веранэзе. Не! Але ты знайдзі сваю форму, узнімі на свае плечы цяжкую ношу, каб яна стала “сімфоніяй” на палатне! А мы задаволіліся ці “салонам”, які можна павесіць у спальні абывацеля, або ў лепшым выпадку — у офісе, ці так званым поставангардам. Падкрэслю, гэта не настальгія па карціне. Гэта мой боль. Мастацтва не можа існаваць, скажу так, без драматургіі, без моцных пачуццяў, без аддачы ўсяго сябе палатну і фарбам. Пагадзіцеся, што “свята” ў мастацтве заўжды рабілі значныя, моцныя асобы”.

Думаю, Данцыга па-сапраўднаму можна залічыць у племя “значных і моцных асоб”. Паглядзіце на яго добра знаёмыя “партызанскія” палотны і шматлікія творы, прысвечаныя роднаму Мінску, што даўно сталі класікай, альбо на карціны, якія пакуль мала вядомыя гледачу, напрыклад, вельмі цікавы цыкл “Палітры”, “Паядынак. Легенда Пабла Пікаса”, “Малы Трасцянец. Урочышча Благаўшчына. Тут памяццю людзей узведзены помнік”, “Вось з агню вады сцюдзёнай выходзяць на мароз маржы”… Такія, не зусім тыповыя для ранніх твораў, назвы апошніх палотнаў мастака. І бачна, што авалоданне матэрыялам для Данцыга — не толькі пачатковы этап працы над творам, але і адна з творчых мэт, задача, у вырашэнні якой складваецца паэтыка яго работ, што вылучае створанае ім сярод іншых мастацкіх з’яў.

Другі бок творчасці Данцыга ў тым, што пры акрэсленасці, пэўнасці, дакладнасці жывапісных сімпатый, няпроста раптам вылучыць яго стылістычныя вытокі. Хаця, не. Яны — у мастацтве Высокага Адраджэння і ў рускай класіцы. Ведаю, што ён любіў, асабліва ў маладосці, жывапіс Рэната Гутуза і Аляксандра Дайнэкі, любіў французаў “новага часу” і старых іспанцаў круга Эль Грэка, Сурбарана, Рыберы, потым Гоі, схіляўся перад нашым Цвіркам.... Захапляўся творчасцю бліскучых жывапісцаў з вялікай літары — прадстаўнікоў суполкі “Бубновы валет”. Калі я даведаўся пра апошняе — прыемна здзівіўся: гэта тэма маёй універсітэцкай курсавой 1964 года, калі “бубновавалетчыкі” (Канчалоўскі, Машкоў, Лянтулаў, Купрын, Фальк і іншыя) як “фармалісты”, “сезаністы” былі яшчэ пад сакрэтнай забаронай у афіцыйнай прасторы савецкага мастацтвазнаўства.

Разумею магчымае пытанне чытачоў: чаму я не аналізую канкрэтныя творы Данцыга, прадстаўленыя на выстаўцы? Адказваю. Па-першае, пра галоўныя палотны Мая Вольфавіча было напісана шмат і ў Мінску, і ў Маскве, і за мяжой, у тым ліку пра ранейшую яго творчасць — ды і мая самая першая манаграфія пра яго выдадзена ў 1976 годзе ў выдавецтве “Беларусь”. Па-другое, лепш раз убачыць творы ў арыгінале і вынесці сваё ўласнае меркаванне, чым чытаць пра іх нейкія суб’ектыўныя ацэнкі дамарослых крытыкаў, якіх, скажу шчыра, разумных і прафесійных, практычна не засталося ў “нашым мастацтвазнаўчым каралеўстве”.

Але нагадаю чытачам, якія прыйдуць на выстаўку, на што, з майго гледзішча, скіраваць увагу. Акрамя новых твораў, гэта “Беларусь — маці партызанская”, “Партызанскае вяселле”, “Мой Мінск”, “Мой Мінск — старажытны, малады”, “Навасёлы”, “Спадчына”, “Сонечны кантынент”, партрэты Анатоля Анікейчыка (снайперская дакладнасць вобраза!), Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Булата Акуджавы, Георгія Таўстаногава… А хіба не цікава паглядзець, як і з чаго пачыналася ў 1950-я бурнае творчае юнацтва мастака, хлопчыка з мінскай Нямігі?

Ну, добра. Выскажу сваё меркаванне пра адзін з маіх улюблёных твораў Данцыга — “Нацюрморт. Аб Вялікай Айчыннай”. Мне здаецца, гэта адно з яго праграмных палотнаў. Тут мастак падкрэслівае неабыякавасць да турбот і радасцей чалавечага жыцця. Ён гаворыць не толькі пра думкі і пачуцці сучасніка, але і пра абавязак яго перад мінулым, пра адказнасць перад будучым. Стол, друкарка з чыстым аркушам паперы, попельніца, поўная акуркаў, наручны гадзіннік, раскрыты пачак цыгарэт, гільза ад артылерыйскага снарада з гронкай чырвонай рабіны, спісаныя, скамечаныя лісты паперы на падлозе. Усё гэта мовай жывапіснага пэндзля, напружанасцю каларыстычнага ладу распавядае пра неспакойнага чалавека, журналіста ці пісьменніка, якога зараз няма, мы яго не бачым, ён адышоў кудысьці на хвіліну. Тым не менш ён быццам бы перад намі: яму сапраўды ёсць пра што ўспомніць і расказаць людзям. Але, відаць, яму вельмі балюча на сэрцы ад няпростых успамінаў пра былое…

І яшчэ. Прафесар Май Вольфавіч Данцыг больш за паўстагоддзя прапрацаваў у БДТМІ — БДАМ і выхаваў некалькі пакаленняў мастакоў, многія з якіх сёння рухаюць наша мастацтва, хачу спадзявацца, у “светлую будучыню”, бо такія педагогі, як Данцыг, змаглі прывіць гадаванцам самае галоўнае ў мастацтве — прафесіяналізм і ўменне самостойна ды незалежна мысліць, разважаць фарбамі на палатне. Данцыг вось ужо некалькі гадоў як не педагог: узрост узяў, як кажуць, сваё. Ды і розныя балячкі не-не ды атакуюць… Але ён не здольны закрывацца ў якім-небудзь пасіўным і бяздзейсным сузіранні. Яму як паветра неабходна пастаянная і непасрэдная сувязь з жыццём, з людзьмі, з іх работай, з іх радасцямі і няўдачамі.

Таму на выстаўцы Мая Данцыга так многа мастацкай праўды, якая зачароўвае гледача. Сілай свайго таленту ён абвеяў нас дыханнем сучаснасці і глыбінёй пранікнення ў сутнасць народнага подзвігу ў гады вайны, паказаў узвышанасць і высакароднасць характару чалавека-стваральніка, які ў цяжкіх баях заваяваў мір на зямлі. Мяркую, гэта менавіта тая галоўная стрыжнёвая лінія, на якой грунтавалася і грунтуецца ўсё мастацтва Данцыга, незалежна ад таго, што ён малюе: вялікую “харавую” карціну ці маленькі эцюд з адлюстраваннем пасляваеннага разбуранага Мінска або новабудоўлі Віцебска, Салігорска, Наваполацка…

Вялікае інтэрв'ю з Маем Данцыгам у рубрыцы "Рэдакцыя плюс..." выходзіла ў № 22 за 2015 год.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"