Ці атрымаецца ў Мікалая?

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Мікалай Ленкавец — не проста метадыст. Ён — нібыта чараўнік з дзіцячай казкі. Але крэатывіць не па-дзіцячы. Прынамсі, у Ганцавіцкім раёне так лічаць. Ды і мы часта друкавалі арыгінальныя сцэнарыі ды метадычныя распрацоўкі таленавітага профі, да ідэй якога прыслухоўваюцца і ў вобласці. Мікалай не толькі прыдумвае: любы свой праект абавязкова даводзіць да рэалізацыі. Праектаў жа гэтых — дзясяткі.

Чарговая ідэя Мікалая Ленкаўца так альбо інакш звязана з непазбежнасцю аптымізацыі ўстаноў культуры. Факт, разам з тым, застаецца фактам: знікае ў вёсцы клуб ці бібліятэка — неўзабаве знікае і вёска. Можна шмат разважаць, што першаснае — скасаванне паселішча ці закрыццё ўстановы культуры. Ясна адно: з’явы гэтыя — узаемазвязаныя.

Такіх вёсак, дзе няма ўжо стацыянарных клубаў, бібліятэк, у Ганцавіцкім раёне адзінаццаць. Дзесьці засталося з дзясятак пенсіянераў, дзесьці — крыху больш. Вось такая дэмаграфія. І менавіта яна падштурхнула да распрацоўкі творчага праекта “Вёска мая, я часцінка твая…” Галоўная мэта акцыі — захаванне памяці пра паселішчы, што знікаюць. Ажыццяўленне праекта — справа ўсеагульная. Але асноўны клопат ускладзены на аўтаклуб.

Цяпер давайце пралічым, так бы мовіць, маральны сабекошт задуманага. Што, сапраўды, крыецца за гэтым паняццем “беларуская вёска, якая знікае”? А тут — непаўторны сусвет, і ніяк не менш. Іншымі словамі: унікальная мясцовая гаворка, адмысловы лакальны гумар, легенды ды паданні, радавод (паходжанні прозвішчаў), тапонімы і гідронімы, у этымалогіі якіх без мясцовых дзядуль і бабуль — не разабрацца. Сабекошт, як бачна, высокі надзвычай. Не спазніцца б. Жывіце доўга, бабулі і дзядулі! Вы — соль нашай зямлі, без вас заставацца нам чэрствымі праснакамі…

Пра свой праект Мікалай гатовы распавядаць бясконца. Апрача вышэйпералічанага, па яго меркаванні, пад пільную ўвагу неабходна браць і безліч іншай інфармацыі. Ну вось, да прыкладу: ці ж варта забывацца на колішнюю спартыўную славу пэўных вёсак, футбольныя каманды якіх гадамі заставаліся лідарамі раённых чэмпіянатаў і наглядна прапагандавалі здаровы лад жыцця. А аўтарытэт вясковых крамніц, работнікаў культуры, фельчараў, педагогаў, што былі не проста сельскай інтэлігенцыяй, а сапраўднымі натхняльнікамі мясцовай грамады на самыя розныя і заўжды стваральныя справы.

Праект ужо рэалізуецца. У вёсцы Латышы пры сельскім клубе дзейнічае музейны пакой, экспазіцыя якога прысвечана школьнаму побыту. Мясцовая школа ўзнікла тут 150 гадоў таму. Пасля пабудавалі новую. Цяпер тут няма каго вучыць. Але памяць пра сістэму савецкага навучання жыве. Хто цяпер ведае пра чарнільніцы-невылівайкі? Хто бачыў парту, зробленую не з хісткай фанеры, а з сапраўднай якаснай драўніны? Асадкі са здымнымі нумарнымі пёркамі — гэта тэма асобная… У музейчыку сабраны таксама вучнёўскія старыя сшыткі, дзённікі з адзнакамі, піянерскія гальштукі…

Безумоўна, Мікалай Ленкавец цудоўна ўсведамляе, што такому музею ў перспектыве наканавана быць не ў Латышах, якія самі на ладан дыхаюць, а ў Ганцавічах, каб кожны ахвотны мог яго наведаць і адчуць роднасную повязь са сваімі каранямі ды вытокамі. І школьная тэма — толькі частка будучай экспазіцыі пра бясконцы вясковы сусвет. Так, для сур’ёзнай задумкі патрэбны калі не асобны будынак, дык памяшканне — дакладна. Як вы думаеце, атрымаецца ў Мікалая Ленкаўца яго знайсці?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"