Трохмерны Мір

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

На мінулым тыдні ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў падвялі вынікі конкурсу “Трохмернае мадэляванне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі”. Ідэя конкурсу была падтрымана Паркам высокіх тэхналогій і беларускім парталам па камп’ютэрнай графіцы.

 /i/content/pi/cult/155/1214/Mir.jpg
На цырымоніі з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся дырэктар Парку высокіх тэхналогій В.Цэпкала. Арганізатары праекта, адзначыў ён, перадусім ставілі на мэце папулярызацыю спадчыны нашай краіны.

Удзельнікам творчага спаборніцтва неабходна было вырашыць шэраг задач: садзейнічаць прапагандзе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, развіццю трохмернага мадэлявання, рэканструкцыі страчаных помнікаў і іх аднаўленню. Дасягнутыя станоўчыя вынікі, на думку аўтараў праекта, прыцягнуць увагу спецыялістаў у галіне камп’ютэрных тэхналогій да стварэння электронных баз па тэматыцы культуры і мастацтва, дапамогуць у стварэнні адкрытага рэсурсу ў сетцы Інтэрнет па дадзенай тэматыцы.

Канкурсантам прапанавалася ўзяць аб’екты трох тыпаў складанасці: Мірскі замак, Сынкавіцкую царкву, ратушу ў Магілёве; Каложскую царкву, рэфарматарскі храм у Заслаўі; Белую Вежу, замкавую вежу, лямус манастыра брыгітак у Гродне.

Удзельнікі конкурсу паспяхова вырашылі пастаўленыя перад імі задачы. Першае месца ў конкурсе заняла Наталля Бязрукава, якая прадставіла найскладаную мадэль Мірскага замка. Другое месца — у Аляксандры Сямёнавай за выкананне мадэлі Сынкавіцкай царквы. А трэцяе месца падзялілі Даніла Рыбкін з мадэллю Магілёўскай ратушы і Аляксандр Фісенка, які стварыў камп’ютэрнае аблічча гродзенскай Каложскай царквы.

 

Н.К.