Маладыя для моладзі

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Андрэй ІВАНОЎ, мастацкі кіраўнік студэнцкага сімфанічнага аркестра Акадэміі музыкі, дырыжор Вялікага тэатра Беларусі
Традыцыяй стаўся ўдзел маладых беларускіх музыкантаў (у тым ліку, асобных студэнтаў Акадэміі музыкі і ўсяго студэнцкага аркестра) у Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета, побач і разам з сусветнымі зоркамі.

/i/content/pi/cult/555/12135/4-18.jpgАле ў Год моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі, якія супалі з 20-годдзем спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, такому канцэрту ў рамках фестывалю папярэднічаў гастрольны тур нашага вучэбнага калектыву па ўсіх абласных цэнтрах краіны: “Студэнты Акадэміі музыкі — моладзі Беларусі”. Ініцыятыва была падтрымана Міністэрствам культуры. Дзякуючы гранту фонда Прэзідэнта сталі магчымыя пераезды, пражыванне, харчаванне, арэнда залаў, рэклама, уключаючы расцяжкі, флаеры з праграмай канцэрта і ўсяго тура, буклеты са звесткамі аб праекце, аркестры і салістах. Так што на Акадэмію прыпадалі арганізацыйныя і творчыя намаганні.

Праграма складалася так, каб ахапіць і класіку, і песні ваенных гадоў, і творчасць новага пакалення беларускіх кампазітараў, а таксама паказаць розныя музычныя інструменты і сярод іх — знакамітую скрыпку Гварнеры, прыдбаную нашай краінай для Акадэміі. Салістамі выступілі лаўрэаты міжнародных конкурсаў, стыпендыяты фонда скрыпачы Алег Яцына, Паліна Чарнеўская, віяланчэліст Міхаіл Радунскі, спявачка Марыя Шабуня, ударнік Арам Бекназаран.

Тое, як нас прымалі, пераўзышло ўсе чаканні. Няпраўда, што сучасная моладзь не ўспрымае акадэмічнае мастацтва і тым больш беларускую музыку. Для фінала канцэрта малады, але ўжо вядомы кампазітар Канстанцін Яськоў напісаў даступную для ўспрыняцця “Фантазію на беларускія тэмы” для дзвюх скрыпак, віяланчэлі, ударных, сапрана і аркестра, каб усе ўдзельнікі вечарыны маглі б зноў выйсці на сцэну са сваімі віртуознымі кадэнцыямі. Пачынала твор павольная тэма — “А ў полі вярба”, “Лявоніха” ж паўстала больш вострай па рытміцы, з лацінаамерыканскімі павевамі, дзе пазнавальная тэма з’яўляецца толькі пасля ўсіх кадэнцый, у самым канцы варыяцый. Гэты твор выклікаў не проста авацыю, але звычайна яшчэ і паўтараўся на “біс”, палюбіўшыся і публіцы і артыстам.

Здараецца, студэнты іншых ВНУ не зусім разумеюць, чым займаюцца музыканты: маўляў, тры акорды на гітары я магу за дзень асвоіць, дык чаму ж можна вучыцца столькі гадоў? І, маўляў, класіка — учарашні дзень. Спадзяюся, наш праект разбурыў падобныя ўяўленні. Больш яркай стала і канцэртная палітра краіны, асабліва ў рэгіёнах. А для навучэнцаў тамтэйшых музычных каледжаў выступленні ўвогуле ператварыліся ў своеасаблівыя майстар-класы, паказаўшы майстэрства, да якога трэба імкнуцца.

Праект завершаны. І што далей? Думаю, ініцыятыва павінна працягвацца — на ўсіх узроўнях, а не толькі ў Акадэміі музыкі. У музычных каледжах па ўсёй краіне таксама узрастаюць добрыя музыканты, якія прагнуць выступленняў. Чаму б мясцовым уладам іх не падтрымаць? Хай гэта будуць абласныя, раённыя туры, але толькі такімі працяглымі, пастаяннымі, а не аднаразовымі акцыямі мы выхаваем новыя пакаленні, высокакультурныя і адухоўленыя.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"