“Агульным выглядам авалодалі…”

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

У адзін з доўгіх восеньскіх вечароў прысеў на маё плячо, відаць, нячысцік і затрашчаў: “Уключы тэлевізар! Неадкладна ўключы! Урубі “скрыню”, і будзе табе шчасце разам з тэмай для калонкі “Дзяжурны па нумары”!” Шчасце — рэч у асабістай гаспадарцы вельмі неабходная, а падстава для напісання матэрыялу — вечны галаўны боль для любога журналіста. А тут адразу тое і другое ў рукі само ідзе.

/i/content/pi/cult/555/12134/4-17.jpgСхапіў я пульт і сапраўды з’явілася нагода. Заскакалі па экране танцоры, загаласілі спевакі. І ўсё было б добра, ды...

Выскачыў на авансцэну цьмяна знаёмы айчынны вакаліст і давай “здабываць” з сябе хіт. З тэкстам сярэднестатыстычным, з мелодыяй, прыдатнай для хуткага забывання на сем шлягерных нот. Карацей, нятленка класічнага кшталту. На другім куплеце ўслухоўвацца мне надакучыла і стаў я ўглядацца. І ўгледзеўся. Не ў цьмяна знаёмае аблічча, а ў тое, у што гэты таварыш быў апрануты. Па ўяўленні ў мяне ў дарэформенай школе дакладна адны пяцёркі былі, а таму прыкід артыста нагадаў мне... як бы мякчэй выказацца, споднюю бялізну. Сапраўды, белыя споднікі ўзору, sorry, кальсоны, прасторная псеўдаскамячаная кашуля пад колер штанцоў. І “аплікацыя” на сарочцы… нацыянальны арнамент. Хіпстар-патрыёт! Адспяваў ён свой ганарар і пайшоў пад бурныя апладысменты. Следам па подыўме з’явіліся дзяўчаты ў бікіні і… Слушна — у вышыванках. І далей тая ж тэма у братоў нашых і сясцёр з эстраднага саслоўя пачала набіраць абароты...

Не дачакаўшыся заканчэння балю духу, выключыў я тэлевізар, садзьмуў нячысціка з пляча і зажурыўся. Хлушу, спярша ўзрадаваўся. Вось зірнеш сёння ў акно — там умоўныя дворнікі ў “форменках” з арнаментам вуліцу мятуць, зойдзеш у супермаркет — умоўная касірка ў арнаменце здачу з двухсот тысяч адлічвае. Вышыванка крочыць па краіне! Цуд! Уявілі? А вось потым я зажурыўся. Здагадваючыся аб узроўні ведаў нашага сярэднестатыстычнага чалавека ў галіне традыцыйнай культуры, сумняваюся, што ўмоўныя дворнікі з касірамі ды іншыя (у тым ліку і ініцыятары падобных трэндаў) хоць прыблізна разбіраюцца ў тым, якія сэнсы, сімвалы і коды нясуць у сабе нацыянальныя арнаменты. Бо не проста так іх продкі прыдумвалі, не дзеля адной прыгажосці, не для асалоды свайго другога, дызайнерскага, “я”. А што калі ўзор той на споднім азначае зусім не “мы жадаем шчасця вам!”?..

Так, вы можаце пачаць па сотым коле казаць пра актуальнае з надзённым, пра захаванне і развіццё, пра сродкі, што вядуць да вялікіх здзяйсненняў. Або пачнеце тыкаць Эндзі Уорхалам. На што я вам, як адчайны рэтраград, адкажу: ментальнасць з каранёвымі асновамі, уласцівыя канкрэтнаму кутку зямнога шара, дзякуй Богу, пакуль яшчэ ніхто не адмяняў. Асабіста я мяркую, што нацыянальны арнамент — ён побач з сцягам, гербам і гімнам краіны… Можна, вядома, памятаючы пра глабальныя мэты, ляпіць яго, да прыкладу, на ўпакоўкі любых вырабаў. Вось дзе масавасць, вось дзе ахоп, вось дзе ўплыў на “падсвядомку”!

Мараль. Варта быць больш асцярожнымі, у якую б вышыванку вы ні прыбіраліся. “Старанней трэба, рабяты!”, — як сказаў бы Міхаіл Жванецкі. І далей ад генія-сучасніка: “Агульным выглядам авалодалі, цяпер падрабязнасці не трэба прапускаць”. Я, у прынцыпе, пра тое ж.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"