Мо самая важкая падзея года…

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Таццяна МУШЫНСКАЯ, музычны крытык, літаратар, рэдактар аддзела часопіса “Мастацтва”
Прэмія Святлане Алексіевіч, акрамя захаплення і зразумелай эйфарыі, прымушае падумаць пра шмат якія рэчы.

/i/content/pi/cult/555/12132/3-1.jpgПершае. Ацэнкі творчасці пэўнага пісьменніка ўнутры краіны і за яе межамі часам не маюць паміж сабой нічога агульнага. Каму патрэбны тыя, каго хваляць і ўслаўляюць не па ўласным жаданні? Нікому.

Другое. У свеце вялікая цікавасць да прозы дакументальнай. Яна мае большы рэзананс, чым уласна мастацкая (а значыць, плён фантазіі аднаго чалавека). Здаецца, Леў Анненскі акрэсліў жанр яе кніг як “раман галасоў”. Гэта памежжа ўласна літаратуры, журналістыкі, гісторыі, псіхалогіі.

Трэцяе. На міжнародным узроўні і ў міжнародным кантэксце перамагае аўтар, якога шмат перакладаюць на самыя розныя мовы свету. У гэтым сэнсе празаіку лягчэй, чым паэту. Мо ў гэтым прычына таго, што маштаб асобы і творчасці Рыгора Барадуліна застаўся як след не ацэненым? Грамадскі рэзананс — сведчанне таго, што тэмы, героі, з’явы кніг Святланы Алексіевіч знаходзяць водгук у іншых краінах, у свядомасці людзей іншай ментальнасці.

Чацвёртае. Якую жанчыне трэба мець сілу духу, якую моцную нервовую сістэму, каб выслухаць гэтыя споведзі. Пра Другую сусветную, Афганістан, “цынкавых хлопчыкаў” і гэтак далей. Распавядаюць таму, хто слухае, спачувае, каму цікава, хто існуе на такой жа хвалі.

Пятае. Тое, што адзначана Нобелеўскай прэміяй, не мае нічога агульнага з лёгкім чытвом, прыемным баўленнем часу і рэлаксам. Кнігі Алексіевіч псіхалагічна досыць цяжкія. Скажу шчыра, я не змагла чытаць іх запар, часцей па кавалках, паступова, фрагментамі — такая ў іх канцэнтрацыя болю, пакут. І кожная з кніг — праз маналогі, дэталі, падрабязнасці ў такой ступені змяняе ўяўлення асобнага чалавека і грамадства наогул пра пэўную эпоху. Высвятляецца, што насамрэч усё было іначай, зусім не так, як табе імкнуліся паказаць у фільмах, кнігах, дакументах.

І апошняе. Здавалася б, хто ў 1990-я не зазіраў у крамы “сэканд-хэнда”? Многія мае знаёмыя лічылі, што і прызнавацца ў тым не варта. Нібыта вакол усе багацеі, а ты адзін — жабрак. Старыя, зношаныя рэчы, якія былі ў нечыіх руках і шафах, спецыфічны пах такіх крам... А пісьменніца ўбачыла ў тым сімвал. Злому эпох, распаду адной сістэмы каштоўнасцей і пошуку іншай. Бязладдзя, напэўнасці. Другаснасці — пачуццяў, падзей.

Шмат можна разважаць на гэтыя тэмы. І ўсё-такі нават не верыцца, што нобелеўскі лаўрэат ходзіць па тых жа вуліцах таго ж горада, што і мы. Святлане — ура!!! Справядлівасць існуе, хоць і не заўсёды, хоць фрагментарна. Як на мой погляд, дык Нобелеўская прэмія Святлане Алексіевіч — самая важкая падзея 2015 года!

Яшчэ некалькі думак услед. На маю думку, краіны, якія маюць такіх лаўрэатаў (тым больш у літаратуры), належаць да адной катэгорыі, а тыя, якія не маюць, — да іншай. Хацелася б думаць, што прэмія Святланы Алексіевіч дасць магутны імпульс цікавасці да беларускай літаратуры ўвогуле, узніме яе рэйтынг у свеце на нечуваную вышыню. І яшчэ. Атрымліваецца, адна жанчына ўласнай працай і ўласнымі кнігамі зрабіла для рэйтынгу краіны непараўнальна больш, чым, скажам, намаганні многіх ідэолагаў. Ну а цяпер, услед на Нобелем, варта чакаць, што і гэтага аўтара будуць запрашаць паўсюдна, рабіць інтэрв’ю, фільмы. Хоць думаю, замежнікі ўсё-такі больш, чым свае.

Фота Юрыя ІВАНОВА