АСОБЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ: ПРЫЗНАННЕ КРАІНЫ І СВЕТУ

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Напярэдадні прафесійнага свята шэраг дзеячаў культуры і мастацтва былі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі. Поўны спіс уганараваных у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі адмыслоўцаў на культурнай дзялянцы — на старонцы 2. На гэтай паласе — толькі частка тых, хто быў адзначаны дзяржавай (злева направа): мастак і педагог Валерый Славук, акцёр Аляксандр Васько, мастак, музейны работнік і краязнаўца Барыс Цітовіч, спявак, артыст Ігар Задарожны, мастак, арганізатар пленэраў Валерый Калтыгін... А поруч з імі — пісьменніца Святлана Алексіевіч, чыя шматгадовая творчая праца ўганаравана Нобелеўскай прэміяй у галіне літаратуры за гэты год.

/i/content/pi/cult/555/12130/1-1.jpgЗгодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 кастрычніка бягучага года № 411 угаранаваны цэлы шэраг выбітных творчых асоб, якія працуюць у сферы адукацыі, культуры і мастацтва краіны.

Так, за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў і за заслугі ў развіцці культуры і мастацтва ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны: прафесар кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Маргарыта Касымава, мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, член Беларускага саюза мастакоў Мікалай Кузьміч, навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Барыс Цітовіч.

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны: жывапісец, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Мікалай Бандарчук, прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Акадэміі мастацтваў Аляксандра Дзятлава, выкладчык па класе баяна і дырыжыравання Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы Людміла Жабінская, прафесар кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Валерый Жывалеўскі, артыст-вакаліст (саліст) вышэйшай катэгорыі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча Беларускай дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармоніі Ігар Задарожны, мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, член Беларускага саюза мастакоў Валерый Калтыгін, мастак-жывапісец, член Беларускага саюза мастакоў Васіль Касцючэнка, загадчык музычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Уладзімір Кур’ян, прафесар кафедры спецыяльнага фартэпіяна Акадэміі музыкі Лілія Тэр-Мінасян, прафесар кафедры струнных смычковых інструментаў Акадэміі музыкі Анры Янпольскі, прафесар кафедры малюнка Акадэміі мастацтваў Васіль Ясюк.

Указам Прэзідэнта краіны таксама прысвоены ганаровыя званні.

“Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь” — вядучаму майстру сцэны Заслужанага калектыву краіны Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксандру Васько, артысту-вакалісту, вядучаму майстру сцэны Заслужанага калектыву Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Антону Заянчкоўскаму.

“Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь” — мастаку-графіку, члену Беларускага саюза мастакоў Льву Алімаву, прафесару кафедры графікі Акадэмія мастацтваў Валерыю Славуку.

“Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь” — аглядальніку рэдакцыі газеты “7 дней” Беларускага тэлеграфнага агенцтва Вячаславу Дутаву, дырэктару Дзіцячай музычнай школа № 1 Брэста Аляксандру Саланінку.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ, Кастуся АНТАНОВІЧА, Пётры ВАСІЛЕЎСКАГА, Ціхана ЧАРНЯКЕВІЧА і з архіва "К"