Безліч прэм’ер!

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Міжнародны фестываль музыкі “Мінская вясна-2008”, які адкрыецца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі 3 красавіка, абяцае быць як ніколі за апошнія гады разнастайным і багатым на прэм’еры.

Сёлета чакаецца небывала шмат гасцей — пераважна з Расіі, Літвы, Азербайджана. Надзіва шырока будзе прадстаўлена мастацтва ХХ стагоддзя: адбудуцца аўтарскія вечары кампазітараў Кара Караева, Фаустаса Лаценаса, паэтэсы Бэлы Ахмадулінай.

У канцэрце “Гітара і гонгі” будуць сабраны творы беларускіх кампазітараў-жанчын Галіны Гарэлавай, Аляксандры Даньшовай, Аксаны Амяльчук. Упершыню на Беларусі ў выглядзе канцэрта-спектакля будзе прадстаўлена архаічна-авангардная “Вяселейка” Ігара Стравінскага, у выкананні ансамбля салістаў “Класік-Авангард” і нямецкай джазавай спявачкі Паскаль фон Ураблеўскі прагучыць мюзікл “Сем смяротных грахоў” Курта Вайля на лібрэта Бертольда Брэхта.

Нацыянальны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі правядзе чатыры разнастайныя праграмы з рознымі дырыжорамі.

Цэнтрам падзей, безумоўна, стане “Фестываль у фестывалі”: 15 — 18 красавіка пройдзе І Міжнародны фестываль фартэпіянных дуэтаў “Duettissimo”, у якім удзельнічаюць музыканты з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Латвіі, Польшчы. Своеасаблівым “атачэннем” фестывалю стануць два юбілейныя вечары народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца, які сёлета адзначае сваё 70-годдзе. Першы канцэрт “Мы можам усё!” з удзелам двух аркестраў — Нацыянальнага акадэмічнага народнага імя І.Жыновіча і студэнцкага сімфанічнага “Маладая Беларусь” — пройдзе 31 сакавіка і стане свайго роду пралогам фестывалю.

Другі ж канцэрт, што адбудзецца роўна праз месяц — 30 красавіка, стане ўрачыстым закрыццём фестывалю.