Дзень работнікаў культуры

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Журналісты "К" пра будзённае і крыху пра ўрачыстае з нагоды свята сферы

Па традыцыі напярэдадні Дня работнікаў культуры падводзіцца падсумаванне вынікаў і дасягненняў сферы. Сёлета афіцыйныя лічбы і факты былі агучаны першым намеснікам міністра культуры Ірынай Дрыга падчас адмысловай прэс-канферэнцыі.

Так, сёлета будаўніча-мантажныя і рэстаўрацыйныя работы праводзяцца на дзесяці аб’ектах, восем з якіх — помнікі гісторыка-культурнай спадчыны. (Усяго ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўключана 5527 каштоўнасцей, з якіх 76 аб’екты нематэрыяльнай спадчыны.) Пасля капрамонту бліжэйшым часам плануецца ўвесці ў эксплуатацыю два аб’екты: вучэбны корпус Акадэміі мастацтваў і будынак Музея гісторыі беларускай літаратуры.

За бягучы год было створана тры мастацкія фільмы, сем анімацыйных, а таксама па чатыры дакументальныя стужкі і летапісныя сюжэты. На гэтыя мэты было прыцягнута з пазабюджэтных сродкаў 15,2 мільярда рублёў, што складае 24 працэнты ад агульнай сумы вытворчасці фільмаў. Стужкі, створаныя пры дзяржаўнай падтрымцы, былі прадстаўлены на 40 фестывалях і атрымалі 17 узнагарод. Ставала і пляцовак, каб гэтыя фільмы паглядзець. На сённяшні дзень у краіне дзейнічае 97 стацыянарных кінатэатраў, якія ў агульнай колькасці маюць 132 кіназалы. Сёлета наведалі кінатэатры 9,2 мільёны гледачоў, што прынесла ім 189,5 мільярдаў выручкі. (Для параўнання: сярэдні кошт білета ў гарадскія кінатэатры складае 23,6 тысячы рублёў, у сельскія — 2,4 тысячы.)

Актыўна працуюць тэатральныя і музычныя ўстановы краіны. У бягучым годзе пастаўлена 92 спектаклі, праведзена 150 канцэртных праграм. Беларускія выканаўцы прынялі ўдзел у 12 міжнародных фествалях за межамі краіны. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту Міністэрствам культуры набыты работы 9 мастакоў на суму 331 мільён рублёў.

Асаблівая ўвага надаецца ў краіне падрыхтоўцы кадраў. Так, у сферы культуры дзейнічае тры ўстановы вышэйшай адукацыі (сёлета ў іх было прынята на першы курс 1299 чалавек), 21 установа сярэдне спецыяльнай адукацыі і 442 дзіцячыя школы мастацтваў. З удзелам аматарскіх калектываў было праведзена больш за 70 тысяч канцэртаў і спектакляў, 33 тысячы тэатралізаваных святаў і абрадаў, 30 тысяч выставак.

На 1 верасня 2015 года ў краіне функцыянуюць 152 дзяржаўныя музеі, 2,9 тысячы публічных бібліятэк, 2,8 тысячы ўстаноў клубнага тыпу. І калі ў мэтах аптымізацыі за 2014 год было закрыта 15 працэнтаў устаноў культуры, то сёлета — 3,2. Думаецца, не варта чарговы раз разважаць пра лічбы аптымізацыі: для многіх гэтае пытанне яшчэ досыць балючае. Лепш памеркаваць пра іншае. Перакананы, што сёння неабачліва раскідвацца і тымі сотнямі будынкаў, якія застаюцца на балансе аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі пасля закрыцця ці аб’яднання сельскіх ўстаноў культуры. У той жа Польшчы закрытыя вясковыя клубы даглядаюцца мясцовай супольнасцю, там праводзяцца народныя і дзяржаўныя ўрачыстасці, сустрэчы, святочныя і жалобныя мерапрыемствы. У нашай краіне ў асобных выпадках таксама назіраецца беражлівае стаўленне да будынкаў закрытых устаноў культуры: там размяшчаюцца майстэрні народных майстроў, філіялы музеяў, культурна-турыстычныя цэнтры. Але, на жаль, сітуацыя, калі за “капейкі” прыватніку прадаецца адрамантаваны, газіфікаваны будынак назіраецца куды часцей.

Хочацца спыніцца на яшчэ адной лічбе: за 8 месяцаў бягучага года ўстановамі культуры было зароблена 800 мільярдаў беларускіх рублёў, што складае 20 працэнтаў ад іх агульнага фінансавання. Гэтая лічба сведчыць, што нават ва ўмовах фінансавай нестабільнасці, калі раённыя бюджэты “карэктуюцца” па некалькі разоў на год, работнікі культуры праяўляюць неабыякавасць і актыўнасць, распрацоўваюць і ўкараняюць новыя формы працы з грамадскасцю. І гэта прыносіць свае дывідэнды нават з улікам зніжэння пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Хочацца спадзявацца, што ў рамках распрацоўкі новых заканадаўчых актаў і, у прыватнасці, Кодэкса аб культуры будзе ўлічана пытанне заахвочвання тых руплівых і ініцыятыўных работнікаў культуры, якія не толькі якасна выконваюць свае службовыя абавязкі, але маюць магчымасць і здольнасці ствараць у рэгіёнах інтэрактыўныя, турыстычныя, асветніцкія праекты.

Кастусь АНТАНОВІЧ

Кадры, заробкі, надзённы хлеб

Прыкладна пяць гадоў таму, 26 снежня 2010 года, пастановай беларускага Урада была зацверджана Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады. Сёлета яна будзе завершана.

Так, за час дзеяння Дзяржпраграмы з рэспубліканскага бюджэту былі выдаткаваны вялізныя матэрыяльныя сродкі на рамонт будынкаў Дамоў культуры, бібліятэк, музеяў, тэатраў, набыта шмат патрэбнага тэхнічнага абсталявання для ўстаноў культуры ва ўсіх рэгіёнах краіны, праведзена рэстаўрацыя многіх гістарычных помнікаў… Не кажу ўжо пра тое, што менавіта дзякуючы Дзяржпраграме ў Беларусі актывізавалася праца са спонсарамі ды мецэнатамі, з’явіліся новыя магчымасці ў апякунскіх саветаў, створаных пры раённых, абласных і рэспубліканскіх установах сферы, а пра здабыткі нацыянальнай культуры пачалі яшчэ больш даведвацца ў краінах блізкага і далёкага замежжа… І гэта — нягледзячы на зусім не простыя эканамічныя абставіны, якія склаліся ў краіне з-за сусветнага эканамічнага крызісу.

Усё гэта так. Але ж, натуральна, ёсць і некаторыя недаробкі. Спынюся толькі на адным факце. Як вядома, Дзяржпраграмай была прадугледжана поўная камп’ютарызацыя бібліятэк краіны да 2015 года. Але гэтага, на жаль, пакуль не адбылося. Хоць паказчык камп’ютарызацыі бібліятэк значна павысіўся (з 43% у 2010 да 74% у 2014 годзе), Беларусь пакуль не дасягнула яшчэ міжнародных стандартаў у сферы інфарматызацыі, згодна з якімі ў бібліятэцы павінна быць не менш за адно аўтаматызаванае працоўнае месца на адну тысячу жыхароў.

Пра ўсё гэта можна даведацца са старонак зборніка “Беларуская культура-2014”. Як сцвярджаюць яго аўтары, на 1 студзеня 2015 года амаль палова наяўнага камп’ютарнага парка ў бібліятэках патрабавала мадэрнізацыі, да Сеціва былі падключаны 62% публічных бібліятэк, электронную пошту мелі толькі 60% бібліятэк. Усё гэта, цытую, “сведчыць аб запавольванні тэмпаў інфарматызацыі, прадугледжаных Дзяржпраграмай “Культура Беларусі”.

Але камп’ютарызацыя — гэта, як кажуць, кветачкі. Асноўнай праблемай застаецца паступовае зніжэнне долі выдаткаў на культуру ад валавага ўнутранага прадукту цягам апошніх гадоў. Напрыклад, з таго ж, названага мной, зборніка можна даведацца, што ў 2014 годзе аб’ём бюджэтных сродкаў на ўтрыманне і развіццё сферы культуры (без уліку сродкаў на капітальнае будаўніцтва) склаў 3421,3 мільярдаў рублёў, альбо 0,44% ад ВУП (у 2013 г. — 0,50%, у 2012 — 0,51%). І гэта тая негатыўная тэндэнцыя, якая не можа не хваляваць кожнага работніка культуры…

І яшчэ. Як вядома, ужо даволі працяглы час памер сярэдняй заработнай платы па краіне ў сферы культуры — адзін з найбольш нізкіх у сацыяльнай сферы. Прыкладам, узровень сярэднямесячнага заробку работнікаў культуры ў 2014 годзе склаў толькі 60,6% да сярэдняй зарплаты па рэспубліцы. Пэўна, і па выніках 2015-га года гэты паказчык зменіцца не надта. Між тым, вырашыць гэтыя праблемы — жыццёва неабходна, бо іначай многія таленавітыя супрацоўнікі ўстаноў сферы культуры, асабліва ў рэгіёнах і асабліва не самага сталага веку, сыдуць са сваіх пасад на пошукі лепшай долі. Як, дарэчы, і маладыя выпускнікі, вымушаныя з такімі заробкамі думаць зусім не пра духоўны хлеб і творчую самарэалізацыю, а пра надзёныя жыццёвыя клопаты…

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Выпраўку будзе бачна здалёк

Мне крыўдна, калі часам сутыкаюся са стаўленнем да культуры, як да сферы абслугоўвання: маўляў, для нас патанчыце, праспявайце, пазабаўляйце, а потым — жыць не замінайце. Маё глыбокае перакананне, што нават самы маленькі сельскі клуб дае падставу чалавеку знайсці сябе. І тут я кажу не аб прафарыентацыі, а пра той пункт апоры, які дапамагае паверыць ва ўласныя магчымасці і здольнасці.

Не сакрэт, што мноства гаджэтаў і віртуальных магчымасцей не выключае пранізлівай адзіноты асобы ў натоўпе. Магчыма, праз тое адчуванне мы атрымалі і маніякальнае захапленне сацсеткамі: ствараем вакол сябе мыльны пузыр фрэндаў і падмяняем інтарэс уласна да асобы на псеўдарэйтынг з “лайкаў”. Клубы і дамы культуры становяцца своеасаблівымі астраўкамі сапраўдных эмоцый, непрыхаваных маскай манітора, рэальных зносін паміж аднадумцамі.

Нездарма паўсюдна адчыняюцца звышпапулярныя курсы арт-тэрапіі. Але, на маю думку, унутранае адраджэнне неабавязкова шукаць у псіхолагаў, бо любы гурток па інтарэсах дапаможа стаць раскаваным, упэўненым у сабе. Узяць, напрыклад, шматлікія мастацкія студыі: рэдкі пачатковец стане другім Шчамялёвым ці Вашчанкам, але справа, якая прыносіць задавальненне, уздымае самаацэнку і дапамагае зразумець чалавеку, што ў любой іншай сферы ён таксама здатны на многае.

Як бы пафасна не гучала, установы культуры сапраўды ўплываюць на стаўленне навучэнцаў да жыцця, асяроддзя, бо даюць не толькі веды па канкрэтнай галіне мастацтва, але пэўны новы далягляд, расстаўляюць акцэнты на ўсё жыццё, незалежна ад абранай пасля спецыянальнасці.

А яшчэ дораць дробязі, ад якіх паўсядзённы колабег рэчаў становіцца больш прыемным і цікавым. Асабліва мне запалі ў душу словы, сказаныя на выпускным вечары харэаграфічнага адзялення Салігорскай дзіцячай школы мастацтваў яе першым дырэктарам і па сутнасці стваральнікам Генадзем Сіўцовым. Генадзь Фаміч казаў, што не ўсе з вас працягнуць харэаграфічную адукацыю, але выпраўку будзе бачна здалёк. А ўменне трымацца ў грамадстве, выступіць перад людзьмі, павесці даму ў танцы (на што, на жаль, здатныя далёка не ўсе мужчыны), прыгожа несці сябе (чаго пабойваюцца многія жанчыны) каштуе дарагога.

Верагодна, айчынным работнікам культуры не хапае магчымасцей часцей выходзіць з кабінетаў і вучэбных класаў, каб расквечваць сваім мастацтвам паўсядзённасць. Не трэба абмяжоўвацца толькі конкурсамі ды афіцыйнымі святамі. Прынамсі, у сталіцы суседняй дзяржавы я пабачыла выдатную цікавостку: каменныя прыступкі набярэжнай Масква-ракі ўздоўж тамтэйшага парка Горкага “абраслі” драўлянымі танцавальнымі пляцоўкамі, дзе можа бавіць час любы ахвотны. Штовечар адна з іх аддаецца пад пэўную тэматыку: сальса, фламенка, танга, народныя… Нават напрыканцы верасня, нягледзячы на прыцемкі і холад, я пабачыла там шмат пар. А колькі яшчэ паглядалі на аматараў з-за каменных парэнчаў! І сярод сузіральнікаў чулася: “Пайду запішуся ў бліжэйшую студыю, бо я таксама хачу так танцаваць”. Вось вам і нагляднае “прыкладанне” сваіх магчымасцяў да будзённасці. Можа, калі культура глыбей увойдзе ў штодзённае жыццё сярэднестатыстычнага чалавека, тады і адыдзе ў цень спажывецкае ўспрыманне працы работнікаў культуры...

Настасся ПАНКРАТАВА

Усе дарогі вядуць у Мінск?

На апошняй рэдакцыйнай планёрцы, калі паўстала пытанне, якія публікацыі будуць звязаны з Днём работнікаў культуры, я прапанаваў паразважаць пра тых, хто ў нашым культурным доме гаспадар, ад каго залежыць лёс праектаў рэгіянальнага альбо нацыянальнага маштабаў. Свае думкі на гэты конт прапаную ўвазе чытача.

Я ведаю шмат людзей, якія маюць шчыры сентымент да Магілёва, Гомеля, Віцебска, іншых прывабных мясцін Беларусі, але ж — учэпіста трымаюцца за сталіцу. Калі я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, яна, памятаю, з гордасцю паведаміла мне, што родам з Гродна, і пры гэтым пра Мінск выказалася з непрыхаванай пагардай. Мяне, мінчаніна, гэта, зразумела, зачапіла, і я пацікавіўся, навошта яна сюды прыехала, калі Мінск ёй не даспадобы? Высветлілася, выключна дзеля працы. Яшчэ пад час вучобы ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце яна марыла стаць анколагам, а НДІ анкалогіі — адзінае месца, дзе яна хацела б працаваць, знаходзіцца ў Мінску, дакладней — у мінскім прыгарадзе Бараўляны.

Шмат хто, пакінуўшы ўтульныя гарады і мястэчкі, выбраў Мінск месцам жыхарства і працы, бо тут найшырэйшае поле для самарэалізацыі — прафесійнай, творчай, асабістай. Датычна сферы культуры можна сказаць, што ў сталіцы “галоўныя” музеі, тэатры, вышэйшыя навучальныя ўстановы, Нацыянальная кінастудыя і прэстыжныя выставачныя залы. Тут рэалізуюцца самыя амбіцыйныя архітэктурныя, сцэнічныя, музычныя, кінематаграфічныя і мастацкія праекты, генеруюцца ідэі і зацвярджаюцца дырэктывы. Праз гэта сталіца заўжды будзе прывабнай для людзей амбіцыйнага і авантурнага складу. Праўда, калі-нікалі Мінск вымушана ці дабраахвотна дзеліцца з рэгіёнамі часткай сваіх прэферэнцый. Вось здарылася ж так, што самы раскручаны музычны фестываль Беларусі ладзіцца ў Віцебску, самыя знакамітыя мастацкія пленэры ў свой час праводзіў Магілёў, а Фестываль нацыянальных культур трывала замацаваны за Гродна. Да таго ж шэраг гістарычных славутасцей Беларусі — Нясвіжскі палац, Мірскі замак, Брэсцкая крэпасць — знаходзяцца па-за Мінскай кальцавой дарогай, што спрыяе мясцоваму патрыятызму. Але гэтыя, хай сябе і маштабныя, выключэнні правіла не змяняюць. Сталіца застаецца сталіцай.

Мне падаецца, што сама логіка развіцця краіны мусіць у перспектыве прывесці да дэцэнтралізацыі культурнай сферы, можа, нават да стварэння у значнай ступені аўтаномных, у сэнсе — не надта залежных ад сталіцы, культурных асяродкаў на базе мясцовых славутасцей ці турыстычных аб’ектаў. Але пакуль статус Мінска як генератара ідэй, каардыцыйнага і дырэктыўнага цэнтра застаецца непахісным. Пакуль, каб нейкая ідэя, што называецца, пайшла ў народ, распаўсюдзілася на краіну, яна напачатку мусіць рэалізавацца ў Мінску. Да прыкладу, успрымаць гістарычную забудову гарадоў і мястэчак як каштоўнасць у Беларусі пачалі пасля таго, як у Мінску давялі да ладу Траецкае прадмесце. Аднаўленне Верхняга горада сталіцы стала сігналам для іншых гарадоў, дзе так сама ўзяліся за аднаўленне знакавых архітэктурных аб’ектаў. Варта было слогану “Я люблю Мінск!” з’явіцца на сталічных бігбордах, як такія ж прызнанні ў любові да родных мясцін растыражаваліся на ўсю Беларусь. Такіх прыкладаў можна набраць у розных сегментах культурнай сферы.

З гэтага не вынікае, што ў канкрэтных справах на сталіцы, як кажуць, “свет клінам сышоўся”, што ініцыятыва, народжаная ў рэгіёне, не мае шанцаў быць рэалізаванай. Але ў сённяшніх варунках, калі дырэктыва ўспрымаецца больш дзейсным сродкам мабілізацыі, чым ініцыятыва, роля сталіцы ў культурным працэсе застаецца дамінуючай. З гэтай рэчаіснасці і варта зыходзіць у справе культурнага будаўніцтва. Ёсць выслоўе “Усе дарогі вядуць у Рым”. У нашым выпадку — у Мінск.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Схіляю галаву

Я папярэдзіў рэдактара, што ў гэтым артыкульчыку будзе шмат прозвішчаў. Ён пагадзіўся, але сказаў так: “Наяўнасць кожнага патрэбна аргументаваць”. Я пастараўся гэта зрабіць.

Гаворка пойдзе пра начальнікаў раённых аддзелаў, якіх лічу сваімі настаўнікамі, пастаяннымі дарадцамі і сталымі рэдакцыйнымі экспертамі. Дзесяць гадоў таму сапраўднымі педагогамі ў вывучэнні тэхналогій культурнага развіцця сталі Уладзімір Шаляговіч (Іванаўшчына) і Любоў Фосцікава (Івацэвіччына). Абое ўразілі не толькі ўменнем арыентавацца ў будаўнічых клопатах, калі пачалі ўзнікаць першыя аграгарадкі, але і глабальным перспектыўным мысленнем. Цудоўна, што з’явіліся новыя будынкі клубаў ды бібліятэк, аднак галоўнае, каб яны заставаліся патрэбнымі людзям… На вялікі жаль, і першы, і другая ўжо не кіруюць аддзеламі. Трыма кітамі, на якіх трымаецца рэгіянальны культурны свет, лічу Валерыя Гейхмана (Ельшчына), Міхаіла Зайцава (Рагачоўшчына) і Васіля Каткаўца (Любаншчына). Яны заўжды здзіўляюць жалезнай дысцыплінай у калектывах, разнастайнасцю праектаў і прынцыповасцю жыццёвай пазіцыі. Гэтыя пры любым раскладзе зробяць па-свойму і на практыцы давядуць аптымальнасць свайго рашэння.

Рэгіянальная культура не была б такой мілай, прыгожай, інтрыгуючай і жыццясцвярджальнай, калі б не жанчыны. Пра іх — з асаблівым задавальненнем. Ірына Міронычава (Мазыршчына), Галіна Балінская (Ашмяншчына), Надзея Жук (Кобрыншчына), Людміла Дударава (Дубровеншчына), Святлана Беразоўская (Акцябршчына), Таццяна Ражава (Смаргоншчына)… Як яны сумяшчаюць абавязкі захавальніцы сямейнага ачага, нястомнага генератара ідэй, пяшчотнай творчай асобы і строгага кіраўніка, якому трэба дбаць пра якасць ды паўнацэннасць мерапрыемстваў, пра кадры і пазабюджэт? А яны яшчэ пры гэтым застаюцца прыгажунямі, да якіх без кветак — проста немагчыма. Але самае галоўнае, што кожная на любое пытанне адкажа не задумваючыся і для гэтага не будзе заглядваць у паперы ды клікаць на дапамогу спецыялістаў. На такое здольны кіраўнікі, якія жывуць працай… З мужчынскага боку ў спіс такіх начальнікаў я дадаў бы Уладзіміра Ваакса (Клічаўшчына) і Васіля Зарубу (Століншчына).

Да сваіх паданачаленых як да родзічаў і сваякоў ставіцца Вікенцій Адамовіч (Валожыншчына). Яны адказваюць начальніку тым жа. Амбіцыйнасць Мікалая Громіка (Камянеччына) дазваляе яму ажыццяўляць самыя неверагодныя задумкі. Побач з Белай вежай, да прыкладу, пачула гучаць беларуская рок-музыка. І гэта ўжо не эксперымент, а сталая традыцыя. У асобных раёнах быў не аднойчы і не двойчы. Але кожны раз сустракаешся тут з новым, карысным і цікавым. Лічу, што неаспрэчная заслуга ў гэтым належыць Ірыне Раманчук (Асіповіччына), Таццяне Кавалёк (Бярозаўшчына), Наталлі Сенюковіч (Дзяржыншчына) — развіццё іх “гаспадарак” нагадвае працу бездакорна адладжанага гадзіннікавага механізма. Неверагодныя культурныя акцыі, прызначаныя для юных, ладзяць Інга Журомская (Докшыччына) і Святлана Краўчанка (Рэчыцкі раён). Дзякуючы ім маладзёжная вулічная культура ў лепшых сваіх узорах стала для райцэнтраў нормай. Ліквідаваць недапрацоўкі папярэднікаў цудоўна здолелі Алена Раманчук (Краснапольшчына) і Людміла Стома (Шаркаўшчына). А недапрацовак тых, па маім перакананні, было шмат. Перамагла творчасць нястомных у неабыякавасці людзей.

Перад кожным схіляю галаву.

Яўген РАГІН

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"