Першы "Нобель"

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

"Знаёмы" і незнаёмы чалавек: ці навучыўся ён "мове душэўнай тайны"?
Рэдакцыя "К" далучаецца да ўсіх віншаванняў на адрас пісьменніцы Святланы Алексіевіч з нагоды атрымання ёй Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Шчыра спадзяёмся, як, відаць, і многія, датычныя да сферы культуры і папулярызаці беларускай літаратуры, што міжнародная ўвага да твораў і асобы Святланы Аляксандраўны пашырыцца і на айчыннае пісьменства наогул. А тым часам прапануем чытацкай увазе вытрымкі з інтэрв’ю са Святланай Алексіевіч, якое было надрукавана ў "К" №20 за 1998 год з нагоды юбілею літаратаркі.

/i/content/pi/cult/555/12128/2-1.jpg"— Так бы мовіць, мае цыклы нібы ахопліваюць чалавека “знаёмага” і “незнаёмага”. У першым — чалавек на вайне, чалавек у імперыі, так бы мовіць, чалавек сацыяльны… А ў новым — хачу ўбачыць чалавека быццам незнаёмага, звязанага, скажам, з жывёламі, з першаснай прыродай, з новым светаўспрыманнем і адчуваннем XXI стагоддзя…

— Як вы вызначылі свой жанр? Вы больш хто: пісьменніца, публіцыст, журналіст ці ўсё разам?

— Мне здаецца, на гэтае пытанне вельмі дакладна адказаў Леў Анненскі ў сваім слове да майго двухтомніка, які хутка пабачыць свет у Расіі. Ён вызначыў мой жанр як асобы род прозы. Раман галасоў. Харавая эпічная проза. Урэшце, асабіста мяне не вельмі хвалюе літаратуразнаўчае вызначэнне жанру. Для мяне нашмат цікавей тое, наколькі ўдаецца наблізіцца да рэальнасці.

— З майго пункта гледжання, ваша літаратура — гэта споведзь дачкі стагоддзя. Не толькі ваша асабістая споведзь, але і тых людзей, вашых герояў, з якімі вы сустракаецеся… Скажыце, а што, на ваш погляд, уяўляе сёння беларуская культура ў кантэксце еўрапейскай?

— Пытанне няпростае. Вядома, лёгка сказаць, што ў разбурэнні сучаснай культуры вінаваты хтосьці там […] Я не бяруся быць суддзёй у гэтым пытанні, але цвёрда ведаю адно: мы маем справу не з рэальнасцю, а з ілюзіямі, марамі з нагоды гэтай рэальнасці. Што такое рэальнасць, ніхто не ведае. Дакладней, мы, беларусы, проста не спрабуем яе ведаць […].

— І дзе ж выйсце?

— Асабіста для мяне важна зразумець чалавека ў чалавеку. Без культуры чалавек — гэта проста біялагічная істота, у якой свядомасць адыходзіць кудысьці ўбок. Так што культура — гэта нейкая танюсенькая плёнка, якая не дае чалавеку апусціцца ў бездань і ўтрымлівае нас на плаву. […]

— Cёння чалавек паступова вызваляецца ад “калектыўнай” свядомасці і адыходзіць як бы ў сістэму адзіноты, у сістэму жыцця асобнага індывідуума. Яго мала цікавіць, што робіцца ў суседзяў, у чужым двары… Але ж і на Захадзе таксама?

— У нас стан “адзіноты” носіць хутчэй негатыўны характар, на Захадзе — “камфартабельны”. Але ж гэта ўсё роўна — адзінота. Там іншыя духоўныя і маральныя каштоўўнасці, для нас яны чужыя. Нам трэба захоўваць і ратаваць свае, нацыянальныя…

— У нас быў інтэлектуальны падмурак…

— Так, але ж ён быў знішчаны ў 30-ыя гады. Адна з маіх гераінь расказвала: калі студэнты БДУ ў тыя гады аднойчы прыехалі з канікул, педагогаў ужо не было, іх усіх забралі… Жудасна? Так. З “нічога” не можа штосьці атрымацца. А мы людзі “культуры барацьбы”. І я адлюстроўваю тое, што вакол нас. Фактычна, я ў сваіх кнігах нічога не прыдумляю. Гэта — рэальнасць. Я нібы толькі фармую вобраз часу. Выбіраю дакумент, які працуе як знак. Барыкады — не лепшае месца для мастацтва. Гэта небяспечнае і драпежнае месца, бо з барыкады ты чалавека не бачыш, ты бачыш толькі мішэнь. А чалавек сёння хоча пачуць іншыя словы і пра іншае.

— Пра што ж?

— Пра тое, што — жыццё? Што — чалавек? Хаця зразумела, дзе мы. Чарнобыль, нацыянальная бяда. Але ж — гэта ж усё ж не ўсё жыццё! І не трэба пытацца ў кагосьці: што рабіць? Запытацца трэба ў сябе. Пераканана: няма нічога вышэй за само жыццё… Ніякая ідэя — ні партыйная, ні нацыянальная.

— Дык што ж сёння галоўнае для творцы?

— Магу сказаць толькі пра сябе. Быць прафесіяналам у сваёй справе, а не рэвалюцыянерам-разбуральнікам… Я рада, што прафесіянал перамог ува мне рэвалюцыянера. І свет, і чалавек у ім адразу сталі іншымі. Больш каляровымі і цікавымі. Але час такі, што падзеі цягнуць цябе на вуліцу. І ў гэтым трагедыя сучаснага беларускага мастака. І мая трагедыя.

— Што цікавіць у мастацтве, што чытаеце?

— Чытаю кнігі па сучаснай філасофіі. Цікаўлюся філасофіяй не ў яе, так бы мовіць, чыстым выглядзе як навукай, а філасофіяй “штодзённага ўжывання” — пра сэнс жыцця, сэнс быцця… Цікаўлюся літаратурай дакументальнага плана, а калі белетрыстыкай, дык толькі выдатнай. У жывапісе, музыцы я не асаблівы знаўца, але калі працую, мая душа патрабуе пэўнага судакранання з тым жа жывапісам, асабліва абстрактным. Фарбы, колер, пластыка, рытмы палотнаў Кандзінскага, Міро, Клее, Мандрыяна мяне вельмі хвалююць… Дарэчы, з іншых краін імкнуся прывезці маленькае палатно, якое купляю ў вулічных мастакоў…

— Што пажадаеце сучасным творчым дзеячам?

— Ставіцца да жыцця як да тайны. Цаніць час, цаніць сваё жыццё, не займацца “суетой сует”. Словам, яшчэ раз паўтару — быць пра-фе-сі-я-на-ла-мі! Пакуль мы не перастанем пакланяцца пакутам, ахвярам, мы не навучымся жыць. Мы можам узахлёб гаварыць пра тое, як штосцьці будавалі і як перамагалі, але мова чалавечага цела, мова ночы, мова душэўнай тайны, кахання нам яшчэ не вядомыя. Час станавіцца відушчымі.

Гутарыў Барыс КРЭПАК"

 

Віншаванні

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Святлану Алексіевіч з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год. Аб гэтым паведамляе прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

"Ваша творчасць не пакінула абыякавымі не толькі беларусаў, але і чытачоў у многіх краінах свету", — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Шчыра рады за Ваш поспех. Вельмі спадзяюся, што Ваша ўзнагарода паслужыць нашай дзяржаве і беларускаму народу". Прэзідэнт таксама пажадаў Святлане Алексіевіч здароўя, шчасця і новых творчых дасягненняў на карысць роднай Беларусі.

***

"Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь шчыра віншуе Алексіевіч Святлану Аляксандраўну з атрыманнем высокай узнагароды — Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Жадаем здароўя і дабрабыту, невычэрпнага натхнення, новых творчых планаў і дасягненняў на карысць айчыннай культуры", — адзначаецца на сайце Міністэрства.

 

Тым часам

Разам з перамогай беларускай аўтаркі яе імя, як і назва нашай краіны, выйшлі ў трэнды пошукавых сістэм і хэштэгаў сацыяльных сетак.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"