Валожыншчына, Кругляншчына, Віцебшчына, Бярэзіншчына...

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г


/i/content/pi/cult/555/12127/10-2.jpgВаложын / Каравай для сваякоў

Народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры для старшакласнікаў Валожына і ўсіх гараджан ладзіла ў зале РЦК сустрэчу-ўспамін “Вяночкі віла для Радзімы”, прысвечаную 115-годдзю з дня нараджэння Ганны Рубацкай — самабытнай паэткі, збіральніцы і носьбіта фальклорнай песеннай спадчыны Валожыншчыны.

Пачалася імпрэза вершам Ганны Міхайлаўны “Я не Купала і не Колас…” і песняй “Люблю цябе, мая Радзіма” на яе словы ў выкананні хору работнікаў культуры. Запрошаным на сустрэчу родным Ганны Рубацкай, сярод якіх былі яе ўнучаты пляменнік — член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец і яе ўнучка — выкладчык Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Людміла Камінская — уручылі каравай з роднай зямелькі пад верш іх бабулі, які так і называецца “Каравай”.

Гучалі вершы, песні, а таксама — цёплыя, шчырыя словы пра Ганну Рубацкую — творцу ад родных ніў ды лугоў, захопленага неардынарнага чалавека. А ўсё, што гаварылася, чыталася, спявалася, аздабляла мультымедыйная прэзентацыя, падрыхтаваная рэдактарам РЦК Святланай Бабровіч.

Валянціна РУСАКЕВІЧ, кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”


Круглае / З гарбузянага рая...

Гарадскі пасёлак Круглае стаў сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015”, які прайшоў 26 верасня. Гэта было не толькі свята ўшанавання лепшых хлебаробаў, а яшчэ і феерыя народнай творчасці.

Была адкрыта тэматычная скульптурная кампазіцыя, выступалі вядомыя калектывы і артысты: Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, заслужаныя калектывы ансамблі “Неруш” і “Бяседа”, “Харошкі”, а таксама ансамбль “Варонежскія дзяўчаты”. Наведалі Круглае і народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, заслужаны артыст краіны Уладзімір Радзівілаў.

Каларытна і ярка выглядалі пляцоўкі “Ад спадчыны да сучаснасці” і “Багацце талентаў Магілеўшчыны”. Ахвотныя змаглі папоўніць свае калекцыі ўнікальнымі творамі рамеснікаў. Вабілі і хатнія майстар-класы: хтосьці проста назіраў, хтосьці задаваў пытанні, а некаторыя актыўна ўключаліся ў працэс.

Была прадстаўлена і тэматычная музейная экспазіцыя гісторыі развіцця беларускіх рамёстваў з ўзорамі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва спадчыны і рэканструкцый, а таксама — сучасных відаў і тэхналогій дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Зазірнуць у мінулае можна было пры аглядзе музейна-гістарычнай кампазіцыі “Гісторыя сельскай працы беларусаў”.

Увагу гасцей прыцягвалі святы на творчай пляцоўцы “Талака на Прыдняпроўі”, дзе былі прадстаўлены тэматычныя экспазіцыі дароў зямлі беларускай: “Гарбузяны рай”, “Агурковая слабада”, “Хлебная скарбонка”, “Яблычны край”, “Дары лесу”, “Багач гародніны”, “Сырны фэст” і іншыя. На вачах у гасцей гатавалі стравы беларускай нацыянальнай кухні і праводзілі іх дэгустацыю.

Ганна ТУЗЯНКОВА, вядучы рэдактар Магілеўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР


Віцебшчына / І песні, і грыбы

Народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка” Мазалаўскага сельскага Дома культуры прыняў удзел у расійскім ХІ Адкрытым фальклорным фестывале імя Вольгі Сяргеевай.

Дзея ладзілася ў Пскове і Усвятах. Тут прайшлі абласны конкурс выканаўцаў аўтэнтычнай песні, арабінавая вячорка, канцэрт фальклорных калектываў. У апошнім і прынялі ўдзел мазалаўскія артысты. Прыйшлася да спадобы ўдзельнікам імпрэзы песня “Голуб ляцеў” з рэпертуару Вольгі Сяргеевай у выканні салісткі “Вераснянкі” Надзеі Рыкуновай. Восенькія стравы традыцыйнай беларускай кухні з бульбы, яблыкаў, грыбоў прадставілі Марына Маісеенка, Вольга Малашэнка, Валянціна Курмель.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ


Бярэзіншчына / “Бульбяная валюта”

Раённыя дажынкі, што прайшлі 3 кастрычніка, сталі аб’ектам асаблівага клопату бібліятэкараў. На стадыёне аграгарадка “Косаўка”, дзе разгарнулася ўрачыстая дзея, быў прадстаўлены “Бібліятэчны падворак”.

Усім, хто завітаў сюды, было прапанавана зарабіць “бульбяную валюту” ўдзелам у імправізаваных конкурсах: завяршыць прыказку пра бульбу, праспяваць трапную “бульбяную прыпеўку” (уласнага сачынення ці па прапанаваным тэксце).

Кожны наведвальнік бібліятэчна-бульбянога падворку атрымліваў “літаратурную прышчэпку”: прачытваў услых тэкст аднаго з вершаў пра бульбу вядомых беларускіх паэтаў. Гучалі ўрыўкі з паэмы ў вершах Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”, аповесці Івана Навуменкі “Бульба”. Ладзілася бяспройгрышная кніжна-рэчавая латэрэя, асноўным паролем для атрымання прыза былі кнігі, у назвах ці ў сюжэтах якіх ёсць хлебна-бульбяна-агародніныя матывы.

Тамара КРУТАЛЕВIЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦБ