Музейны “Байканур”

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Пра тэхналогіі, бясплатны ўваход і плошчу ў 74 тысячы "квадратаў"
Не так даўно дэлегацыя з Беларусі і Швецыі, у якую ўваходзіў і дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, наведала Казахстан. “К” папрасіла Алега Рыжкова распавесці пра музейны вопыт гэтай краіны.

/i/content/pi/cult/555/12125/13-2.jpg

У шыкоўным гмаху Нацыянальнага музея Казахстана.

Найбольшае ўражанне на суразмоўцу зрабіў новы Нацыянальны музей Рэспублікі Казахстан. Гэтая ўстанова культуры знаходзіцца на галоўнай плошчы Астаны — дарэчы, плошчы Незалежнасці, — і, па меркаванні дырэктара айчыннага музея, гарманічна ўпісваецца ў архітэктурны ансамбль з Палацам Незалежнасці, Палацам міру і згоды, саборнай мячэццю і Нацыянальным універсітэтам мастацтваў.

— На мой погляд, менавіта так і павінен выглядаць музей, дзе сабраны здабыткі культуры народа, — кажа Алег Рыжкоў. — На плошчы ў 74 тысячы квадратных метраў размясцілася экспазіцыя, у якой прадстаўлены 11 залаў: старажытнай і сярэднявечнай гісторыі, этнаграфіі, сучаснага мастацтва і іншыя. А, напрыклад, зала золата маляўніча аформлена пры дапамозе разнастайнага светлавога абсталявання...

Багата плошчы аддадзена і пад правядзенне заняткаў з дзецьмі — у рамках урокаў так званай музейнай педагогікі. Ва ўстанове месціцца дзіцячы музей і нават цэнтр дзіцячай творчасці... Таксама ў галоўным музеі Казахстана працуюць рэстаўрацыйныя майстэрні, лабараторыі, фондасховішча, навуковая бібліятэка з чытальнай залай, канферэнц-залы ды сувенірныя кіёскі.

— Музей мае найноўшае абсталяванне, — кажа Алег Рыжкоў. — Напрыклад, тут ёсць дынамічны макет цэнтральнай часткі сучаснай Астаны, медыяэкраны, галаграмы, сэнсарныя кіёскі, мультымедыйныя гіды з прадастаўленнем інфармацыі на трох мовах… У адным з залаў кожныя 10-15 хвілін ладзіцца прэзентацыя дасягненняў краіны. Музычнае рашэнне, светлавое афармленне, тэхнічныя прылады, з дапамогай якіх перад наведвальнікамі спачатку рассоўваецца падлога, а пасля з’яўляюцца гарадскія будынкі, — гэта ўражвае...

Самае цікавае, што з усёй музейнай плошчы шмат месца аддадзена пад фондасховішча, абсталяванае, што называецца, па апошнім слове тэхнікі. Гэта асобныя залы для захоўвання самых розных дакументаў, арэфактаў, залатых вырабаў, фотанегатываў і іншага… Акрамя таго, фондасховішча мае сучасныя сістэмы сігналізацыі, пажаратушэння, аўтаматычную рэгуляцыю тэмпературнага рэжыму, пра што многім айчынным музейшчыкам, у тым ліку, у рэспубліканскага ўзроўню ўстановах, на жаль, даводзіцца пакуль толькі марыць…

— Я назваў музей для сябе сапраўдным “Байканурам”, — пасміхаецца Алег Рыжкоў. — А ўсё таму, што, лічу, у Казахстане зразумелі значнасць Нацыянальнага музея, як своеасаблівай візітоўкі нацыянальнай культуры сучаснай сувяерэннай дзяржавы з багатай культурай і гісторыяй, пра якую можна і нават трэба з гонарам распавядаць замежнікам. У час паездкі зноў пераканаўся: над стварэннем музейнай экспазіцыі сёння павінны працаваць тэатральныя рэжысёры. Менавіта яны цяпер ствараюць лепшыя выстаўкі ва ўсім свеце, бо інтарэс наведвальніка да экспазіцыі, да яе прадметаў павінен захоўвацца не толькі першыя 10 хвілін экскурсіі…

На думку Алега Рыжкова, айчынным музеям варта адыходзіць ад банерных праектаў і пераходзіць да працы з калекцыямі. Балазе ва ўсім свеце назіраецца цікавасць да старадаўніх артэфактаў... І беларускім музеям трэба ўлічваць такі трэнд…

І апошняе. Як адзначыў Алег Рыжкоў, сёння ўсе рэгіянальныя ды мясцовыя музеі Казахстана — бясплатныя для наведвання:

— Музеі там цалкам датуюцца дзяржавай. Таму мясцовыя музейшчыкі засяроджаны толькі на функцыях захавання, апісання ды папулярызацыі здабыткаў нацыянальнай культуры. Дарэчы, Нацыянальны музей Рэспублікі Казахстан, які пачаў працу ў ліпені 2014 года, спачатку таксама быў бясплатным. І толькі ў лютым гэтага года за ўваход у музей сталі браць невялікую плату…

Па выніках візіту паміж Нацыянальным музеем Казахстана і Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве.

— Ужо цяпер маем папярэднюю дамоўленасць пра тое, што ў 2016 годзе ў сценах Нацыянальнага музея Казахстана будзе прадстаўлена наша выстаўка, — кажа Алег Рыжкоў. — Хутчэй за ўсё — этнаграфічная, бо гэта цікава партнёрам. Плануем прывезці сюды яшчэ адну калекцыю ў 2017 годзе. Паўдзельнічаем з ёй у спецыялізаванай міжнароднай выстаўцы “Экспа-2017 Астана”, у якой, плануецца, прымуць удзел больш за 100 краін свету.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"