Нерв музея. Сучаснага

№ 41 (1219) 10.10.2015 - 16.10.2015 г

Ад фарміравання калекцыі да новага ўспрымання
Што жадае пабачыць у сучасным музеі публіка? Што гатова прапанаваць у якасці прынады сама скарбніца? Якія пытанні задае глядач супрацоўнікам установы культуры? Мы папрасілі падзяліцца вопытам у гэтым кірунку загадчыка аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Кацярыну ІЗАФАТАВУ. Думкі суразмоўцы выкладаем у фармаце маналогаў.

/i/content/pi/cult/555/12122/12-1.jpgПрага інфармацыі

— Публіка, на маю думку, ужо саспела да таго, што хоча не проста прыйсці ў музей і пабачыць выстаўку, а жадае атрымаць максімум інфармацыі. Паколькі тэндэнцыя гэта навідавоку, апошнім часам кожны выставачны праект у Нацыянальным мастацкім суправаджаецца максімальна шырокай інфармацыйнай базай. Гэта можа быць грунтоўная эксплікацыя, экскурсіі або аўдыягіды. Да ўсяго, гледачам сёння цікава самім разважаць, шукаць адказы на пытанні, глядач перастаў быць пасіўным, ён смела ўступае ў дыялог з экскурсаводам.

І выстаўка, і падзея да яе

— А яшчэ наведвальнікі прагнуць яркіх уражанняў: нездарма да некаторых праектаў прымеркаваны канцэрты, аўтарскія лекцыі, майстар-класы. І гэта ўжо не ноу-хау, а звычайны працэс. Мастацкі музей сёння выконвае функцыі не толькі захавання і прадстаўлення каштоўнасцей, але і распрацоўвае розныя атракцыйныя формы музейнай камунікацыі: канешне, са знакам “плюс”. Зразумелая прапорцыя: чым больш падзей прапануецца ў музеі, тым больш збіраецца на іх публікі. Людзі жадаюць прыйсці не толькі на выстаўку, а таксама і на падзею, прымеркаваную да яе.

Праекты і імёны

— Галоўны рухавік Нацыянальнага мастацкага музея — часовыя выставачныя праекты. А як сведчыць практыка, нервам сучаснага музейнага працэсу з’яўляюцца буйныя міжнародныя праекты, такія, як, напрыклад, “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600 — 1800 з калекцыі Музея Вікторыі і Альберта”, “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”. Правяду паралель з асабістага досведу. Нядаўна я была ў Тэатры-музеі Сальвадора Далі ў Фігейрасе, прастаяўшы ў чарзе дзве гадзіны (і гэта нармальна). У нас, у Мастацкім, такі ж ажыятаж назіраўся з нагоды персанальнай выстаўкі “Марк Шагал: жыццё і каханне”. Урэшце, падчас персанальных выставак беларускіх мастакоў Гаўрылы Вашчанкі, Леаніда Шчамялёва, сюррэаліста Георгія Скрыпнічэнка, скульптара Андрэя Асташова шмат гледачоў набывалі білет менавіта на іх экспазіцыі. Так што і ў нас ёсць людзі, якія прыходзяць у музей на пэўныя імёны, як і самі персоны, што прыцягваюць увагу публікі.

Як трапляюць у музей?

— Папаўняем найперш калекцыю сучаснага беларускага мастацтва. Не дзіва, што менавіта яна самая дынамічная. Мы набываем творы аўтараў розных кірункаў і гістарычных перыядаў, адбор праводзіць экспертна-закупачная камісія Міністэрства культуры. Шляхі папаўнення калекцыі? Па-першае, калі мастак дорыць сваю карціну пасля персанальнай выстаўкі. Па-другое, закупаюцца творы як у народных мастакоў, так і ў маладых творцаў. Пераважны жанр, стыль, кірунак? Дык у Мастацкім можна ўбачыць “гіперрэалістычную” карціну Валерыя Шкарубы, якая прадстаўлена ў пастаяннай экспазіцыі, а побач — лірычную абстракцыю Анатоля Кузняцова. Нацыянальны мастацкі закупляе найперш паводле мастацкай якасці.

Успрыманне сучаснага

— За тры гады працы ў Нацыянальным мастацкім музеі заўважыла, што перавагу гледачы ўсё ж такі аддаюць рэалістычнаму, больш зразумеламу мастацтву, бо візуальная культура нашага гледача традыцыйная. Напрыклад, экспазіцыя рускага мастацтва ў нас завяршаецца творам прадстаўніка аб’яднання “Бубновы валет”, авангардыста Ільі Машкова. Наведвальнікі часта звяртаюць увагу на тое, што колеравае рашэнне партрэта не адпавядае натуры. Замест парцалянавай скуры з персікавым румянкам мы бачым твар з сіне-зялёнымі адценнямі. І задача экскурсавода “пагрузіць” гледачоў у кантэкст часу і творчай манеры мастака, распавесці, чаму некаторыя на той час пісалі “дзікімі” фарбамі, чаму дэфармавалі натуру… Яшчэ адзін прыклад — скульптура Уладзіміра Слабодчыкава, якая прадстаўлена ў Зале беларускага мастацтва. Яе выцягнутыя прапорцыі таксама выклікаюць шмат пытанняў. І тады экскурсавод задае сустрэчныя пытанні (гаворка якраз пра ўспрыняцце вобразаў), наведвальнік пачынае разважаць і прыходзіць да разумення працы. Урэшце, на маю думку, гэта вялікая ілюзія — растлумачыць мастацва. Хтосьці, напрыклад, думае, што музейны работнік — пасярэднік паміж гледачом і экспанатамі. А ёсць і іншае прадстаўленне, што ён — трэці лішні. Бо кожны вольны шукаць свае вобразы ў мастацтве.

Што да сучаснага мастацтва, то трэба разабрацца менавіта ў слове “сучаснае”. Так, напрыклад, у еўрапейскім мастацтве існуе два паняцці: “modern art” і “contemporary art” — актуальнае мастацтва, якое працуе з іншымі формамі, кантэкстамі, філасофіяй. І матэрыяльна яно ўвасоблена таксама нетрадыцыйна.

Цікавая рэч: мы не здзіўляемся, чаму чалавек перасеў з воза ў аўтамабіль, а жанчыны скінулі карсеты і надзелі штаны. Значыць, адбылася эвалюцыя. А калі мастак перайшоў ад рэалістычнага малюнку да абстрактнага, напрыклад, то гэта некаторымі ўспрымаецца як штосьці “ненармальнае”. Але ж навідавоку таксама эвалюцыя свядомасці, толькі мастацкай. І калі мастаку нецікава ўвасабляць свае эмоцыі ў рэалістычнай тэхніцы, ён шукае нешта іншае. Казімір Малевіч казаў, што мы жывем сярод гэтых прадметаў, навошта іх яшчэ раз маляваць.

Занатавала Вольга РОПАТ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

На здымку: адна з інтэрактыўных пляцовак Нацыянальнага мастацкага падчас Ночы музеяў-2015.

Фота з акаўнта музея ў сацыяльных сетках