Тэлемост дзвюх сталіц

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Напярэдадні 12-ай гадавіны ўтварэння Саюзнай дзяржавы ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася відэа-прэс-канферэнцыя “Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. 12 гадоў Саюзнай дзяржаве”.

З беларускай сталіцы ў тэлемосце прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. З маскоўскай студыіРИА Новостина пытанні беларускіх журналістаў адказвалі дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Васіль Даўгалёў. З абедзвюх сталіц бралі ўдзел дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Падчас тэлемоста Павел Барадзін зазначыў, што неад’емнай часткай інтэграцыйнага працэсу паміж дзвюма краінамі з’яўляецца супрацоўніцтва ў галіне культуры. Аснову яго складаюць такія значныя для абодвух бакоў мерапрыемствы, як культурны абмен, Дні славянскага пісьменства, фестывалі мастацкай творчасці і выстаўкі твораў мастацтва, заснаванне прэмій па літаратуры і мастацтве. Старшыня Камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы,

старшыня Камісіі Парламенцкага сходу па пытаннях знешняй палітыкі Мікалай Чаргінец паведаміў, што пісьменнікі дзвюх краін вырашылі стварыць Асацыяцыю пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.

Павел Барадзін таксама нагадаў, што на культурную сферу з бюджэту Саюзнай дзяржавы выдзяляецца 33 працэнты. Фінансуецца 9 мерапрыемстваў, у тым ліку правядзенне Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, прэміраванне ў галіне літаратуры і мастацтва, майстар-класы для навучэнцаў мастацкіх устаноў Беларусі і Расіі “Саюзная дзяржава — маладым талентам XXI стагоддзя”, фестываль “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”, тэлевізійна-тэатральны фестываль “Ажыўшая казка” і інш. На мерапрыемствы ў сферы культуры ў 2007 годдзе было выдаткавана 58 496 млн. расійскіх рублёў.

 

Настасся ПАНКРАТАВА