Джаз, трыа, Ваня

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Джаз у Мінску любяць. Доказам таму — запоўненыя залы ў час фестываляў, філарманічных канцэртаў, а таксама велізарная аўдыторыя джазавых вечароў на плошчы Свабоды, што прайшлі летам. Аншлаг быў i на канцэрце польскага трыа Дамініка Вані, якім адкрыўся новы сезон “Джазавых вечароў у філармоніі”. Партнёры піяніста Вані — кантрабасіст Максімільян Муха і ўдарнік Давід Фартуна.

/i/content/pi/cult/554/12115/13-2.jpgМузыканты пазнаёміліся ў кракаўскіх джазклубах, калі Дамінік, будучы студэнтам Музычнай кансерваторыі Новай Англіі ў Бостане, прыязджаў на канікулы ў Польшчу. Сярод многіх ён абраў менавіта гэтых музыкантаў, вырашыўшы граць з імі пасля заканчэння свайго навучання ў ЗША. І не памыліўся ў сваім рашэнні. Музыканты, што працуюць як трыа з 2012 года, адрозніваюцца высокім узроўнем, пачуццём партнёрскага ўзаемаразумення і неардынарнасцю думкі.

У чэрвені 2013 года выйшаў першы аўтарскі альбом Дамініка Вані “Равэль”. Гэта джазавыя імправізацыі да аднаго з выбітных фартэпіянных твораў Марыса Равэля “Адлюстраванні” (“Miroirs”). У красавіку 2014-га Ваня атрымаў узнагароду “Гарантыя культуры 2014”, а таксама дзве ўзнагароды польскай джазавай прэміі “Fryderyk” — у катэгорыях “Джазавы альбом года-2014” і “Дэбют года-2014” за гэту працу.

Фартэпіянны цыкл “Адлюстраванні” зацікавіў Дамініка Ваню, калі яшчэ падчас навучання ў Кракаўскай акадэміі музыкі студэнт граў яго ў арыгінале. Давід выявіў у гэтым сачыненні цесную сувязь з джазавай гармоніяй і знайшоў тут ідэальны матэрыял для джазмена, які шукае натхненне ў класіцы. Тым больш, да гэтага твора ніхто раней у такім ключы не звяртаўся. Дамінік Ваня, ствараючы аранжыроўку “Адлюстравання” Равэля, пакінуў нязменнай структуру пяці частак, якія нясуць розны настрой. Кожная кампазіцыя цыклу адрозніваецца сваёй непаўторнай аўрай, якая створана дзякуючы выбару Равэлем адпаведных танальнасцей. У той жа час Ваня вольна падышоў да арыгінальнай крыніцы. Слухаеш ігру трыа і ловіш сябе на думцы, што гэта нібы сучасны шэдэўр амбіцыйных джазменаў з класічнай адукацыяй, вялікай эрудыцыяй і неабмежаванай фантазіяй.

У час працы над аранжыроўкай “Адлюстравання” Ваня рэалізаваў сваю задуму, якая заключалася ў тым, каб раяль і іншыя інструменты сталі раўнапраўнымі партнёрамі. І сапраўды гэта ў яго добра атрымалася. Прыкметная адказная роля кантрабаса з вялікай колькасцю сумесных партый з раялем. Цікавыя сольныя эпізоды кожнага з інструментаў, якімі віртуозна валодаюць музыканты. Прапанаваная Дамінікам Ванем інтэрпрэтацыя цікавая, як знатакам класічнай музыкі, так і прыхільнікам джаза.

Трэба адзначыць, што Дамінік Ваня і Давід Фартуна ўжо вядомыя беларусам. Не так даўно яны выступалі ў Мінску ў складзе іншага джазавага ансамбля — “New Bone”. А ўвогуле Дамінік Ваня дае канцэрт у нашым горадзе ў шосты раз. Кожны раз ён выступаў з рознымі джазавымі праектамі.

Пасля канцэрта мы пагутарылі з Дамінікам. Музыкант адзначыў: у гэты раз ён з вялікай радасцю ехаў у Мінск. Перад сваім першым прыездам у беларускую сталіцу, паводле слоў джазмена, вельмі хваляваўся, не ведаючы, як прыме яго наша публіка. А цяпер, кожны раз ён не стамляецца захапляцца тым, як у перапоўненай зале Белдзяржфілармоніі слухачы з увагай успрымаюць самыя розныя і дастаткова складаныя творы.

Беларускі джазавы піяніст Алена Вашкевіч падзялілася ўражаннямі пра канцэрт. Яна адзначыла, што ў трыа граюць прафесіяналы найвышэйшага класа. Маладыя польскія выканаўцы вылучаюцца сваім сучасным, авангардным мысленнем. “Вядома сучасны джаз, — адзначыла мая візаві, — абсалютна адрозніваецца ад класічнага, але нам цікава ведаць ці не ўсё адметнае са свету музыкі”.

Элеанора СКУРАТАВА, музыказнаўца