Смак, песні, Пір Асман

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Адно падарожжа праз мастацкае і побытавае / Частка І
Прызнаюся: буду неаб’ектыўным, бо люблю гэтую зямлю, як ніякую іншую замежную. Тут, у царкве Добраславеннага князя Міхаіла Цвярскога, мой будучы дзядуля з маёй будучай бабуляй павянчаліся. Тут, на ганаровым месцы, проста пад мурамі той жа царквы, што на схіле гары Мтацмінда, якая гаспадарыць над Тбілісі, мой дзядуля і будзе пахаваны. Тут, непадалёк, у завулку з былой назвай Тарыэла, які выходзіць на вуліцу Цхінвальская, яны і жылі. Тут нарадзіўся мой тата. У Тбілісі, Батумі, у вёсцы Чыбаці жывуць мае крэўныя па бацьку і па маці з паралельных, ужо цалкам грузінскіх, родаў. Люблю грузінскую паэзію, літаратуру, гумар, музыку, песні, стравы і, канешне ж, грузінскае кіно. Як жа мне быць “аб’ектыўным”, апісваючы ўражанні ад краю, які называюць Сакартвэло, Іверыя, Джорджыя, Грузія.

/i/content/pi/cult/554/12114/13-1.jpgМае ўражанні — мастацкія і побытавыя — будуць дапаўняцца спасылкамі на размовы з жыхарамі Грузіі: родзічамі, знаёмымі і выпадковымі суразмоўцамі. І бадай ніводнага маналога тутэйшага жыхара не было без узгадвання нядаўняй сустрэчы Прэзідэнтаў: беларускага — Аляксандра Лукашэнкі — і новага кіраўніка Грузіі — Георгія Маргвелашвілі. Да сувязі з Беларуссю адносяцца не тое, што станоўча, а з надзеяй на ўсебаковае супрацоўніцтва: перш за ўсё, эканамічнае і, канешне ж, культурнае. Відавочны пачатак ужо ёсць: акрамя рэгулярных авіярэйсаў з Мінска ў Тбілісі, зачасцілі палёты “Белавія” ў Батумі, Кутаісі.

Па тэлебачанні сярод кантэнту безупынна дэманструюцца турэцка-індыйскія серыялы з іх наігранна-наіўнымі жарсцямі. І раптам — неспадзяванка: у Грузіі запусцілі канал “Беларусь 24”! Уключылі якраз у час рэпартажу з фестывалю “Магніфікат”: інтэрв’ю ўдзельнікаў, яго дырэктара Юрыя Гарулёва. Затым заспявалі народныя песні нашы бессмяротныя бабкі з нейкага РДК, пайшлі навіны. Словам, сувязь з радзімай была непарыўнай!

Але пачну з побытавых замалёвак.

Смакі

У аэрапорце Тбілісі на пашпартным кантролі гасцям краіны 29 жніўня прэзентуюць па бутэлечцы густа-чырвонага “сапераві”: з нагоды дня Успення Багародзіцы — вялікага свята ў Грузіі. Шмат прыдарожнага гандлю: мёд, арэхі, садавіна-гародніна, вырабы з гліны — ад кубачкаў да 200-літровых квевры — вострадонных сасудаў для захоўвання віна ў зямлі. І, канешне ж, “харчэўні”, “хінкальні”, “шашлычныя”, “тракціры”, вінныя сутарэнні-“паграбкі”.

Пасёлак Урэкі, рэстаран “Стары дом”. Замовілі ежу: канешне ж, усё грузінскае, і, як тут водзіцца, гляк хатняга віна.

Дзяўчо-афіцыянтка:

— У нас толькі піва.

— Дык збегай дамоў, прынясі адтуль.

Збегала, дакладвае:

— Ёсць белае, чырвонае і чорнае. Якое вам? Колькі?

Гэта быў адзіны за два тыдні выпадак, калі хатняга не падалі адразу. А так: заўсёды і паўсюль — разліўное, адно смачнейшае за другое. Вольна, ды з канкурэнцыяй, віно прадаюць уласнікі.

Замовіўшы ежу, трэба пачакаць, бо тут не будуць хутка разаграваць табе паўфабрыкаты ў печцы СВЧ, а згатуюць на агні ў гліняных “кецы” ўсё свежае, з пылу-жару — такое смакоцце!

Натуральна, пытанне пра кошт харчавання? “Дом хінкалі” з кандыцыянерам і мяккімі крэсламі ў самым цэнтры Тбілісі. І вось расклад. Абед на чацвярых: 15 сакавітых хінкалі (вялікія пельмені), вялікае блюда з хачапуры, усім па карытцу з верхам мясных супчыкаў — харчо, чыхыртма ці “татар’яхла”, — мчады (кукурузныя піражкі), літровы гляк “сапераві” — хатняга, канешне ж, — і за ўсё 53 лары, прыкладна 22 долары Не падкажаце, дзе ў Мінску можна наесціся — з віном! — на чацвярых за такія грошы?

Песні

І пры абедзе — песні! Шматгалосныя, меладычныя, напеўныя! Уражанне, што ў рэстаранах, кампаніях, выпадковых зборышчах недзе бліжэй да поўначы спяваюць некалькі вакальных гуртоў кшталту “Арэра”. А гэта ж людзі, якія сышліся выпадкова. Прычым, ніхто не гарлае, імкнучыся перакрычаць адзін аднаго, як гэта, на жаль, водзіцца ў нашых застоллях нападпітку. Галоўнае ў грузінскім вакале не самавыяўленне, а сама песня, яе меладычнасць, душэўнасць, сэнс.

Колькі апрацовак і выканаўцаў неўміручай “Тбілісо” Рэваза Лагідзэ, песні, напісанай 55 гадоў таму! Па “бессмяротнасці”, напеўнасці і папулярнасці роўная ёй тут, мо толькі “Нью-Ёрк, Нью-Ёрк”. І пашанцавала ж гэтым гарадам!

Амаль нідзе ў машынах не чуваць англійскіх “саўндтрэкаў” — толькі сваё. Праўда, вельмі якаснае. Зайздросна.

Тут з сумам згадаю крыкі пад аглушальную “фанеру” вядомага нашага спевака ў рэстаране пад Мінскам: ні слова не разабраць, а гарлапаніў, нібы патрабуюць таго, як ад аркестра артысты цырка: “Хутчэй і грамчэй!” Дык ёсць жа дыскі “Грузінская поп-музыка”, “Грузінскія галасы”, “Лепшыя грузінскія песні”. Поп-музыка, так. Але якая! Паслухалі б нашы “зоркі”, павучыліся. Пад такія напевы пішу і гэтыя радкі…

Пірасманішвілі

І першае сярод шэрагу мастацкіх ўражанняў, дзеля якіх я, па сутнасці, штогод вандрую па Еўропе: музейчык Ніко Пірасманішвілі, прыгожыя каляровыя білеты, гід Лалі (па-руску “рубін”). Адзін невялікі пакой з копіямі яго работ: вядомыя “куцяжы”, газелі, алені, кінто, тракцірныя шыльды на чорным цыраце, нешматлікія фота мастака. Побач з вядомай карцінай “Актрыса Маргарыта” — сімпатыя мастака — фота старой жанчыны: некалі ў 1940-я гады на выстаўцы прац Ніко ў Парыжы з’явілася асоба, назваўшыся той самай Маргарытай. Падабенства відавочнае.

Ацаніўшы наш інтарэс і тое, што прыбылі здалёк, Лалі запрашае нас паглядзець “зачынены аб’ект”: дзверы ў дзверы — нізкі маленечкі чуланчык пад сходамі, дзе няшчасны Ніко сканаў. Жабрацкае абсталяванне: тапчан з рыззём, лямпа з надбітым шклом, скрутак цырату, вядро з-пад фарбаў… Бачылі гэта ў біяграфічным кінафільме пра мастака.

Трагедыю перадае і копія карціны Ладо Гудзіяшвілі “Смерць Ніко”.

А па выхадзе адкрылася сенсацыя.

Краязнаўца Ася з Кукіі (раён Тбілісі):

— Корпаемся мы, грузіны, у радаводах… Ані слова ў даследаваннях няма пра ягоных продкаў. Чаму? А вось: “Пір” — гэта наступны сан пасля шэйха. “Асман” — папросту імя: Пір Асман. Так зваўся ягоны продак. Літару “і” грузіны дадаюць: Батум-і, Сухум-і, Тбіліс-і…

Сапраўды, узгадваю, як запісвалі тут у гатэлі маё прозвішча: “Орлов-і”.

— Стаў ён “Пірасман-і”. Але здалося таго мала, дык дадалі яшчэ і “швілі” — зусім “абгрузінілі” мастака. А праўда такая: ён па паходжанні — курд, Пірасман. Ды і знешне — мы ж тут разбіраемся ў тварах — курд! Таму і жыў у гаротнасці, таму ніякага ягонага былога не згадваецца.

Нам жа ўсё адно: курд ён ці грузін. Але ўзнікалі пытанні і больш складаныя.

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр