Бібліятэкар "прачнецца", калі...

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

“Кухня” кніжнай справы: гаворка аб прафесіі і не толькі
І не чакалася, што паводле першапачатковай тэлефоннай гутаркі з загадчыкам аддзела бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай ЦБС Галінай КУЧЫНАЙ атрымаецца гэтае інтэрв’ю. Яна вельмі негатыўна прыняла колішнюю публікацыю “К” пра тое, як у адной з клубных устаноў рэспублікі дзеля нарошчвання пазабюджэту пачалі прадаваць памідорную расаду. Сваё абурэнне тлумачыла тым, што бібліятэкі Маларытчыны зарабляюць толькі тым, што тычыцца іх непасрэдных абавязкаў. Пра дасягненні свах калег напісала і артыкул, які быў апублікаваны на нашых старонках. Пакрысе высветлілася, што Галіна Кучына — з “нестандартных” бібліятэкараў. Інакш кажучы, умее мысліць, аналізаваць і вучыцца на памылках іншых, мае немалыя амбіцыі і здольная падмацоўваць іх справай… Ну як з такой не пагутарыць грунтоўна?!

/i/content/pi/cult/554/12112/12-1.jpg— Я ўсё жыццё ў гэтай справе, — тлумачыць Галіна Уладзіміраўна. — Скончыла ў 1982 годзе Інстытут культуры ў Мінску. І ўсе сяброўкі маюць дачыненне да бібліятэчнай дзейнасці, а сябровак у мяне шмат не толькі па вобласці, але і па рэспубліцы… Паверце, мы ўсе вельмі хвалюемся за лёс нашай прафесіі, без якой грамадства, я пераканана, проста маральна збяднее.

— У сувязі з тым — якую самую дадатную якасць бібліятэкара вы назавеце?

— Камунікабельнасць. Калі прыязджаю на сяло, першы крытэрый ацэнкі працы мясцовай установы — не парадак, скажам, у картатэцы, а напоўненасць бібліятэкі чытачамі. Бібліятэкара павінны паважаць. Інакш да яго ніхто не пойдзе.

— Мы, журналісты, наведваем бібліятэкі і зранку, і апоўдні, і ўвечары. Напоўненая людзьмі ўстанова — шчасце для нас даволі рэдкае… За што канкрэтна павінны паважаць бібліятэкара?

— Адна ў нас — стараста аграгарадка, з паўдзясятка — дэпутаты мясцовых саветаў. Ці не заслуга гэта бібліятэчнай сферы?

— А самы галоўны недахоп сучаснага беларускага бібліятэкара ў чым?

— У замкнёнасці, канечне. І ведае, і ўмее, але з-за сціпласці баіцца пра гэта казаць. А трэба пра сябе пастаянна заяўляць. У іншых сферах дробязь зробяць, а размоў — на рубель. Колькі разоў сваіх прашу: напішыце пра здзейсненае ў газету. Не пішуць, бо няёмка… Вось на наш сайт калегі пачалі ўжо інфармацыю скідваць.

— Так, на вашым сайце ёсць што пачытаць.

— Літаральна днямі ставілі перад начальствам пытанне, каб сайт удасканаліць, павысіць яго мабільнасць. Хацім, каб 28 зборнікаў нашых мясцовых паэтаў сталі паўнатэкставымі ў электронных версіях. Так, яны — не Купалы і не Коласы. Нам нават абласная бібліятэка ўказвала на не вельмі высокі ўзровень гэтых твораў. Ведаем. Але на прэзентацыі з удзелам нашых літаратараў актыўна ідуць людзі, якія нават купляюць названыя выданні…

— Вось для мяне гэта — праблема з праблем. Прынамсі, адна з прычын узнікнення графаманіі, дзе спрэс “розы — слёзы — морозы — берёзы”.

— Пагаджаюся. У нас нават так было: робім аўтару той зборнік, які ён хоча, а для бібліятэкі выданне рэдагуем і скарачаем. Аўтары пагаджаюцца з такім падыходам.

— Цудоўна, калі так… Пойдзем далей. У параўнанні з гарадскім бібліятэкарам трэба рабіць скідку ў бок сельскага? Маўляў, для вёскі пры кадравай нястачы і так пойдзе?

— Давайце ўлічым тое, што запыты гарадскога чытача адрозніваюцца ад запытаў сельскага. Раённыя бібліятэкары маюць спецыялізацыі, сельскі — адзін ва ўсіх іпастасях: яму і пагаварыць з наведвальнікам трэба, і камп’ютарную паслугу аказаць, і шмат чаго яшчэ. Так, палова сельскіх спецыялістаў — не такая яркая. Але з якой прычыны? Таму што жывуць і працуюць нават не ў аграгарадку, а ў глушы, дзе ні школы, ні сельсавета, ні шматлікага насельніцтва. Як ты там сваю яркасць праявіш? Але ж і такое бывае: пэўны сельскі бібліятэкар значна ярчэйшы за райцэнтраўскага. Так што стаўленне да спецыялістаў — аднолькавае. Калі казаць канкрэтна пра ўзровень кваліфікацыі сельскіх бібліятэкараў нашай ЦБС, дык толькі 11 працэнтаў з іх не маюць спецыяльнай адукацыі.

— Вы неяк хвалілі курсы павышэння кваліфікацыі ў Інстытуце культуры Беларусі. У сельскіх бібліятэкараў ёсць магчымасць прыехаць на вучобу ў Мінск?

— Няма. Толькі ў Брэст.

— Для сяла і так пойдзе?

— А вы думаеце абласны ўзровень — недастатковы?

— Застаемся кожны пры сваім меркаванні… Назавіце, калі ласка, некалькі яркіх сельскіх праектаў.

— Іх вельмі шмат, і яны звязаны з краязнаўствам. Усе аграгарадкі маюць па два-тры аб’ёмістыя альбомы (па сто старонак толькі друкаванага тэксту) пра гісторыю свайго населенага пункта. Гэтая праца доўжыцца гадамі. Калі журналісты робяць вялікія матэрыялы пра нашы сельскагаспадарчыя арганізацыі, абавязкова звяртаюцца да бібліятэкараў.

— Паслуга платная?

— Не. Нават няма потым пазнакі, з дапамогай каго створаны артыкул. Гэта ў дадатак да пытання аб ролі бібліятэкі і бібліятэкара ў грамадстве.

— Краязнаўства — адзін з натуральных кірункаў бібліятэчнай справы. Што цікавага робіце апроч?

— Шмат друкаванай прадукцыі — паштоўкі, тэматычныя лістоўкі, буклеты, закладкі — мы распаўсюджваем па школах. Такія стасункі доўжацца ўжо дзесяцігоддзямі. Мы тут, падаецца, былі першымі ў краіне. Але асноўнае — наша краязнаўства, якое пастаўлена ў раёне на асаблівы ўзровень.

— У гэтым трэба на ўласныя вочы пераканацца.

— Калі ласка, запрашаем да нас у госці. Мы ведаем, куды нам рушыць, вывучаем камп’ютарныя магчымасці, імкнемся не сядзець на месцы.

— А пагаджаецеся з тым, што гадоў шэсць таму сярэднестатыстычны бібліятэкар спакойна драмаў сярод кніжных паліц і не ведаў збольшага, як Інтэрнэтам карыстацца?

— Пагаджуся. Але цяпер у нас праблема іншага роду: камп’ютары ёсць, але яны неўтаймоўна састараваюць.

— Ваш пазабюджэт дазволіць хоць нейкім чынам выправіць становішча?

— У гэтым годзе мы набылі толькі каляровы прынтар. Значная частка грошай ідзе на закупку расходных матэрыялаў (фотапапера, фарба для прынтараў, плёнкі для ламінавання, спружыны і вокладкі для перфабіндзіравання і іншае).

— Вы задаволены ўзроўнем папаўнення кніжных фондаў?

— Няма ніякіх прэтэнзій. Заходзіш у апрацоўку і душа радуецца: там кніжкі новыя — яркія, прывабныя. Аўтабібліятэка таксама працуе бездакорна.

— Чым канкрэтна займаецца ваш аддзел?

— Адказваем за працу ўсіх бібліятэк раёна, за павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў і займаемся рэкламай нашай дзейнасці.

— На падставе чаго складаюцца навучальныя планы для павышэння кваліфікацыі? Наколькі актыўна бярэце на ўзбраенне замежны досвед?

— У асноўным — гэта інфармацыя з Расіі. Там бібліятэчная справа, на мой погляд, развіваецца надзвычай імкліва. За год ладзім пяць навучальных семінараў. Гэта норма. Першы прысвечаны аналізу леташняй работы і намёткам на год бягучы. Другі звернуты да дзіцячага чытача. Наступны — планаванне работы на перспектыву. Трэці і чацвёрты прымяркоўваюцца да аналізу канкрэтнага кірунку дзейнасці: прававога забеспячэння, экалагічнага выхавання, папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Пяты семінар абагульняе нашы рэкламныя захады.

— Якія новыя формы працы ўкаранілі пасля такіх семінараў?

— Да прыкладу, мультымедыйныя прэзентацыі, буктрэйлеры, танцавальныя флэш-мобы…

— Аптымізацыя не нашкодзіла?

— Пашанцавала. Раённыя ўлады за нас непакояцца, таму аптымізацыю правялі без хваравітасці для агульнай справы. Але калегі з іншых абласцей, ведаю, скардзяцца. Там па раёнах палова бібліятэк знікла. Вось за іх — крыўдна.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"