Анатомія вяселля

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Пакрысе прыйшоў да высновы, што бібліятэкары на сёння ўпэўнена абышлі ў творчай выдумцы клубных работнікаў. Аказваецца, і ў аптымізацыі ёсць дадатныя бакі. Чаго толькі не зробіш, каб цябе не скарацілі разам з роднай установай. І мне вельмі падабаецца, як крэатывяць кніжнікі. Нечакана, цікава, ёміста. Дзень бібліятэк, што быў адзначаны феерверкам самых розных мерапрыемстваў, — яскравы таму доказ. Матэрыялы пра гэта апошнім часам не сыходзяць са старонак “К”. Дэфіцыт пераканаўчых публікацый пра клубныя знаходкі — відавочны.

І не пісаў бы пра бібліятэчны прарыў, каб не гаворка з дырэктарам Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярынай Лабука. Яна, аказваецца, прытрымліваецца падобнага меркавання. “Бібліятэкары валодаюць неабмежаванай інфармацыяй, — кажа яна, — і ўрэшце навучыліся ёй карыстацца. А клубнікі пачалі ленавацца”. Кацярыну Пятроўну ведаю цудоўна і даўно: у шапку спаць нікому не дазволіць. З яе дапамогай вырашыў хоць трошкі ліквідаваць названы недахоп матэрыялаў пра клубныя навацыі.

24 кастрычніка, па словах кіраўніка АМЦНТ, у Дуброўне пройдзе Вялікая вясельніца. Чым прывабіла мяне дадзенае мерапрыемства? У першую чаргу, агульным прыкладаннем сіл клубнікаў і метадыстаў-фалькларыстаў. Рэканструкцыя беларускага старадаўняга вяселля абяцае быць цікавай яшчэ і таму, што гаворка вядзецца не пра нейкі выпадковы абрадавы элемент, а пра аднаўленне цэласнага аўтэнтычнага вяселля, уласцівага дадзенаму рэгіёну ў 30-40-х гадах мінулага стагоддзя. Балазе яшчэ жывыя сведкі тых вяселляў, што доўжыліся па строгай сцэнарнай схема цягам аж трох дзён. За аснову ўзяты адпаведныя традыцыі вёсак Расасна і Ляды Дубровенскага раёна, а таксама тое-сёе з Глыбоцкага раёна… Пра сур’ёзнасць намераў мясцовых работнікаў клубнай сферы сведчыць тое, што на вясельнае свята яны запрашаюць вядучых навукоўцаў-фалькларыстаў рэспублікі, якім не схлусіш. На мой погляд, падыход — больш чым ухвальны. Прынамсі, гэта не “абрад” прыгатавання шашлыкоў на фоне фрагментарнай дзеі, якая аддалена нагадвае беларускае Купалле. Хтосьці скажа: затое сцэнарый такога свята напісаць — што котку паказытаць. Так. У выніку прыкладны сцэнарны сінопсіс вельмі вольна абыгрывае тры аб’екты: карагод, вогнішча, вянкі. І засцеліцца мангальны дым над вадой…

Спадзяюся, у Дуброўне будзе інакш. Тут да Вялікай вясельніцы ішлі шэсць гадоў: шукалі, распытвалі, раіліся. У выніку вяселле на сцэне РДК будзе пададзена ад “А” да “Я”. І толькі на мясцовым матэрыяле. Свякруха, да прыкладу, пагоніць “маладу на ваду”, каб потым той вадой пахрысціць усіх прысутных. А жартаўлівыя перабрэхі родзічаў з боку маладога і маладой паспрыяюць таму, каб у будучай сям’і ўсталявалася суладдзе. З-пад вясельнага стала рашуча выдаляць скруху. І будзе яшчэ шмат чаго, пра што я ўвогуле ніколі не чуў… Хтосьці запытаецца, а ці будзе дадзеная дзея цікавай для шараговага гледача. Усё будзе залежаць толькі ад майстэрства і мастацкага густу выканаўцаў рэканструкцыі. Натуральна, усе дзейныя асобы хвалююцца. А па мне — дык толькі такія святы, не са столі ўзятыя, і павінны стаць для клубаў рэпертуарнымі. Гэта як вучоба для чалавека, які вырашыў застацца не проста насельнікам нашай краіны, а яшчэ і беларусам.

А яшчэ 24 кастрычніка Глыбоцкі РДК прэзентуе выстаўкі вясельнай атрыбутыкі, сучаснай і старадаўняй, адпаведных сямейных фатаграфій, жаночай і мужчынскай святочнай вопраткі…

Не выключаю, што дзесьці ў іншых раёнах іншых абласцей клубнікі сёння ладзяць ці рыхтуюць не менш цікавыя і карысныя акцыі. Пішыце ці тэлефануйце. Пра кожную пастараемся напісаць. Крэатыў аднаго павінен стаць здабыткам усіх.