У зале Сафіі

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

3 — 22 красавіка ў канцэртнай зале Сафійскага сабора ў Полацку адбудзецца ХХІ Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, які збярэ выканаўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны, а таксама з ЗША і Японіі.

Сярод камерных выканаўцаў адзначым Мінскі струнны квартэт і заслужанага артыста краіны, прафесара Юрыя Гільдзюка, якія выступяць сумесна, саксафонна-фартэпіянны дуэт “Anima” з Украіны, мужчынскае вакальнае трыо “Рэлікт”, выпускніцу Наваполацкага музычнага вучылішча, а цяпер студэнтку Базэльскай акадэміі музыкі Юлію Садыкаву, японскую віяланчэлістку Чысакі Кіто, а таксама навучэнцаў Полацкай школы мастацтваў.

Паводле добрай традыцыі, у фестывалі возьмуць удзел арганісты — амерыканец Рональд Эбрэхт і наша Ксеня Пагарэлая.

Адкрые ж фестываль сімфанічны аркестр Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, за пультам якога з’явіцца расійскі дырыжор Канстанцін Крымер. Вынікам гэтага беларускарасійскага супрацоўніцтва стане канцэрт з красамоўнай назвай — “Свет славянскай музыкі”.

 Надзея БУНЦЭВІЧ