“Развітанне…” і сустрэча

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Кульмінацыяй урачыстасцей да 250-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага стаўся дзень яго народзінаў 25 верасня. Вечарына ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі “Час Агінскага: таленты і геніі”, якая вянчала фестываль “Год Агінскага ў Залессі”, утрымлівала і навуковы падыход, і відовішчнасць, і прэм’еры як адноўленых твораў даўніны, так і сучасных, прымеркаваных да юбілею.

У зале — аншлаг. Публіка — самая розная, уключаючы тых, хто наведаў філармонію ўпершыню. Прыходзілі нават сем’ямі, разам з маленькімі дзецьмі. Напрыканцы першага аддзялення артыстаў віталі ўжо стоячы. Цікавосткі ж пачыналіся яшчэ да ўваходу ў залу — у фае, дзе пад інтымны шэпат клавесіна ладзіліся танцы мінулай эпохі. Танцамі, толькі на сцэне, завяршаўся і ўвесь трохгадзінны канцэрт (прызнацца, яму не зашкодзілі б некаторыя купюры ў праграме).

Змястоўныя ўступныя словы і каментарыі кандыдата мастацтвазнаўства Святлены Немагай, якая стала самым сур’ёзным даследчыкам творчасці Агінскага не толькі ў Беларусі, але і ў свеце, дазвалялі даведацца шмат новага: пра ягоны праект ліцвінскага тэатра, прыжыццёвыя “пірацкія” выданні музыкі аўтара, пра тое, што многія яго творы, уключаючы знакаміты паланэз “Развітанне з Радзімай”, насамрэч былі прысвечаны адлюстраванню паўстання 1830 — 1831 гадоў. У такім кантэксце ўсім вядомая назва набыла зусім іншы сэнс: пад радзімай разумеліся не проста родныя мясціны, кінутыя з-за вымушанага ад’езду за мяжу, як гэта меркавалася раней, а тая краіна — Рэч Паспалітая, пераемніца традыцый Вялікага Княства Літоўскага, надзеі на вяртанне якой страціліся канчаткова.

Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі, які ўзначальвае Яўген Бушкоў, дырыжыраваў мастацкі кіраўнік фестывалю “Год Агінскага…” Аляксей Фралоў. У яго ж беларускамоўным перакладзе гучалі і некаторыя вакальныя творы. Пералажэнні для аркестра, зробленыя Паўлам Шведавым, адразу выдавалі сучаснае ўмяшальніцтва — надта шчодрым выкарыстаннем ударных і дубліраваннем струнных нізкімі духавымі, меддзю. Аркестранты гралі так старанна і з такой падкрэсленай выразнасцю, раз-пораз выдаючы няўпэўненыя інтанацыі, што часам складалася ўражанне, быццам яны чытаюць з ліста.

Упершыню прагучалі некаторыя архіўныя рукапісы Агінскага, у тым ліку фрагменты з яго оперы “Зэліс і Валькур, альбо Банапарт у Каіры”, якая пры жыцці аўтара так ніколі і не была пастаўлена. Аматарская творчасць кампазітара (а ён і сам заўсёды падкрэсліваў яе аматарства) была аздоблена прафесійнымі творамі Восіпа Казлоўскага — яго першага настаўніка, які і надалей заставаўся сябрам і папулярызатарам яго музыкі, а таксама 21-й сімфоніяй Моцарта, пра якога Агінскі пакінуў некалькі радкоў у сваіх успамінах.

Адкрыццём нават для знаўцаў стаўся Першы фартэпіянны канцэрт Ёзафа Вёльфля — у свой час нават больш папулярнага за Бетховена аўстрыйскага піяніста і кампазітара ХІХ стагоддзя, які ў 1791 — 1795 гадах жыў у Рэчы Паспалітай, на пачатку кар’еры служыў у Агінскага і ў 1793-м даваў свой сольнік у нашай тагачаснай Гародні. Музыка Рэчы Паспалітай адбілася на ягонай творчасці: фінальная частка Канцэрта была напісана ў жанры паланэза, што зусім не ўласціва аўстра-нямецкай культуры і класічнаму санатна-сімфанічнаму цыклу. Кадэнцыю ў першай частцы, якую аўтары той пары пакідалі на водкуп салістам, стварыў цяперашні выканаўца твора — лаўрэат міжнародных конкурсаў Юрый Бліноў, дэманструючы ў ёй не толькі бліскучую віртуознасць, але і адметную кампазітарскую працу з аўтарскім матэрыялам.

З асаблівай нецярплівасцю чакалася прэм’ера чатырохчасткавай Рамантычнай навэлы Вячаслава Кузняцова паводле тэм Агінскага, якая атрымала харэаграфічнае прачытанне балетмайстра Наталлі Фурман. Твор, як заўсёды ў гэтых мастакоў, аказаўся канцэпцыйным. У музыцы была выяўлена і акцэнтавана “выпакутаванасць” мелодыі “Развітання…”, яе “правобразы” ў ранейшых творах Агінскага, а таксама блізкасць яго інтанацыйнага слоўніка як музычнай класіцы, так і сучаснай беларускай нацыянальнай культуры. У харэаграфіі разам сышліся палётнасць і скульптурнасць, неакласіка, працяг традыцый Баланчына. А ўсё разам было прасякнута не толькі светлай, але і глыбока трагічнай настальгіяй: гісторыя не даруе “выкрэсліванняў”, падзеі і людзі сыходзяць — павінна заставацца памяць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"