Слухаць і пісаць па-беларуску

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Барыс ШТЭРН, тэлежурналіст службы навін “9 канала” ізраільскага тэлебачання
Жывучы ў Ізраілі, па сутнасці асіміляваўшыся там, з гадамі для мяне вельмі важным стала і ўсё беларускае. Ды не з постсавецкім душком, а менавіта нацыянальнае, таму сёння і пішацца шмат на беларускай мове. І я вельмі рады такому свайму стану.

/i/content/pi/cult/554/12099/5-7.jpgУ Ізраіль з Беларусі я з’ехаў у 2003 годзе, як кажуць, па сямейных абставінах. Які бэкграўнд у мяне быў да таго часу? Праца на радыё з 1993-га па 2000-ы ў першай хвалі журналістаў і ды-джэяў мінскага FM-дыяпазону. А яшчэ — па айчыных лэйблах, дзе займаўся піярам артыстаў, пасля кіраваў продажамі на тэлебачанні. Хапала і творчых актываў — гурт “DPS”, праект “Лабараторыя”, дуэт “Ліберзон і Штэрн”, калектыў “Каратэ”. Ужо пачалося супрацоўніцтва з гуртом “J:Морс”, для якога напісаў тэкст песні “Календаром”… У Ізраілі ж склаў для “морсаў” некалькі тэкстаў, напрыклад, “Прынцэсу” (у суаўтарстве з лідарам каманды Уладзімірам Пугачам) — за несмяротную фразу “вислоухая принцесса” адказваю менавіта я. У новым альбоме “J:Морс” павінны быць дзве кампазіцыі на мае вершы, а адна з іх — і з маёй музыкай. Дзве песні ёсць у рэпертуары гурта “Пані Хіда”, пісаў для гурта “У нескладовае”...

Дык вось, два гады прайшло ў Ізраілі, перш чым я зноў апынуўся на творчай працы. Спярша ўнікаў у мясцовыя рэаліі, азіраўся, падцягваў мову і, у рэшце рэшт, дзякуючы таму бясцэннаму беларускаму вопыту, прафесійнай падрыхтоўцы, у 2004-м мяне ўзялі на адзін з тэлеканалаў, дзе я стаў працаваць вядучым навін. У 2006-м апынуўся на рускамоўным “9 канале”: спачатку ў якасці карэспандэнта, а потым і як вядучага аўтарскай аналітычнай праграмы “Своечасова!”, якая шчасна памерла, праіснаваўшы 2 гады. Зараз я зноў толькі карэспандэнт, як і раней раблю рэпартажы пра ўсё: ад нейкіх побытавых тэм да ваенных дзеянняў.

У Мінск перыядычна прыязджаю. Шчыра кажучы, якогасьці цэльнага ўражання аб горадзе і краіне, якiя змяніліся і змяняюцца, у мяне няма. Аб культурным жыццi ў тым ліку. Хутчэй, я спадзяюся на думкі, ацэнкі сваіх сяброў, якія жывуць тут, прыслухоўваюся да іх, раблю высновы. Вонкава ўсё выглядае нядрэнна, але ўнутраны настрой у іх... не надта вяселы, ці што. Не магу зразумець чаму, і яны растлумачыць не могуць. Памятаю, як прыехаў бліжэй да канца 2000-х. Мне так распісалі ў Інтэрнэце рок-музыку, што, маўляў, на такім яна ўздыме. Паслухаў “жыўцом”, паглядзеў і… амаль нічога цікавага для сябе не адкрыў. А цяпер ужо з задавальненнем слухаю апошнія рэлізы “The UNB”, “Сярэбранага вяселля”, Памідорава, Вольскага, Насарогава. А вось тое творчае, да якога прывялі метамарфозы, што здарыліся з Міхалком, па-за маім разуменнем.

Яшчэ дзеля цікаўнасці паслухаў FM. Ну, радыё, як радыё. Парадавала тое, што ў эфіры ёсць яшчэ галасы тых, хто пачыналі ў адзін час са мной. Чым ізраільскія станцыі адрозніваюцца ад беларускіх? Тым, што там шмат інфармацыйных праграм і станцый наогул, а разам з абавязковай мясцовай папсой гучаць і абсалютна андэрграўндныя выканаўцы. Вось гэта прасоўванне праз радыё сваёй музыкі ў Ізраілі вельмі адчуваецца, таму асабіста я быў “за” тыя самыя 75%, якія ўвялі калісьці ў Беларусі.

З маіх цяперашніх музычных праектаў адзначыў бы супрацу з расіянінам Пецем Прывiным і нядаўні сеткавы рэліз “Слухаць у навушніках”. Назапасілася шмат вершаў, якія мне захацелася “загарнуць” у музыку. Я начытваў тэксты і адсылаў іх у Мінск, дзе Андзiй Граф і Леанід Нарушэвіч клалі іх на музыку. Або яны спачатку высылалі меладычныя замалёўкі, а я прапаноўваў тэкст. У “...навушніках” атрымаўся сапраўды міжнародным праектам, дзе заняты не толькі беларускія і ізраільскія выканаўцы. Канцэпту асаблівага ў ім няма. Гэта проста 34 хвіліны маіх разваг пра жыццё, пра сябе, пра сяброў, канстатацыя нейкіх фактаў. Стылістыка — ад джаза да тэхна. Камерцыйных планаў я па ім не будаваў, але прадзюсар Яўген Калмыкоў зацікавіўся гэтым прадуктам і яго індзі-лэйбл “SunWoofer” нейкім чынам будзе альбом прасоўваць. Магчыма, ён увесь візуалізуецца, каб у выніку выйшла нейкае відэа-арт-кіно. Планую перакласці гэтыя рускамоўныя тэксты на беларускую мову і таксама выдаць. Абмяркоўваюцца і яшчэ два праекты: адзін, дзвюхмоўны, з тым жа складам у “жывым” варыянце; другі ў супрацоўніцтве з Пугачам, з яго голасам, але інструментальна — іншы.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"