Пілаваць ці не пілаваць?

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Аперацыя “Ратаванне гумна” працягваецца… / Вяртаючыся да надрукаванага
У адным з мінулых нумароў мы ўжо пісалі пра драматычны лёс адной з пабудоў сядзібы ў Грушаўцы на Ляхавіччыне. Нагадаем, што дах стогадовай даўніны драўлянага гумна моцна пашкодзіла летняя навальніца, і цяпер стан гэтага цікавага помніка спадчыны папросту крытычны. Далей падзеі сталі разгортвацца даволі імкліва — і пакуль не ў найлепшы бок. Але, хочацца верыць, — пакуль… На шчасце, артыкул меў працяг. У рэдакцыю звярнуліся валанцёры з Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана. Распавёўшы пра свае намеры пачаць супрацьаварыйныя работы яшчэ да наступлення халадоў, яны папрасілі “К” аказаць гэтаму пачыну інфармацыйную падтрымку.

/i/content/pi/cult/554/12096/5-2.jpg

Той самы праблемны дах.

Рэальнасць і чуткі

Як тое і належыць у дадзеным выпадку, валанцёры пачалі свае захады з візіту ва упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Яго начальнік Ігар Чарняўскі без ваганняў пагадзіўся пракансультаваць энтузіястаў адносна канкрэтных захадаў і ўвогуле праясніць магчымыя варыянты будучыні гумна, якія падаваліся даволі няпэўнымі.

Акурат напярэдадні запланаванай сустрэчы ў рэдакцыю патэлефанавала неабыякавая да лёсу спадчыны жыхарка суседняга Баранавіцкага раёна ды распавяла, нібы “на месцах” ходзяць чуткі пра хуткае выключэнне гумна з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей. Што амаль аўтаматычна прадугледжвае хуткае знікненне помніка з аблічча зямлі.

Намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Дзіяна Трысцень пацвердзіла: варыянт сапраўды разглядаўся.

— Пасля навальніцы, калі мы абмяркоўвалі, што ж рабіць з пацярпелым помнікам спадчыны, высоўвалася ідэя хадайнічаць аб яго пазбаўленні ахоўнага статусу — вядома, толькі ў тым выпадку, калі аднавіць яго ў аўтэнтычным выглядзе будзе ўжо немагчыма. Аднак падкрэслю: гэта была толькі чыясьці ідэя. Ходу мы ёй не далі, — зазначыла візаві.

Па словах Ігара Чарняўскага, выключыць гумно з Дзяржспісу амаль немагчыма: беларускае заканадаўства прадугледжвае належныя бар’еры для такога “спакусліва лёгкага” спосабу вырашэння праблемы.

— У дадатак, немінуча паўстане пытанне: хто павінен несці адказнасць за тое, што помнік быў даведзены да такога стану і ці рабіліся захады, каб прадухіліць руйнаванне? — тлумачыць суразмоўца. — Згодна з нарматыўнай базай, у дадзеным выпадку будзе патрэбна крыміналістычная экспертыза, і яе вынікі могуць стаць для ўласніка несуцяшальнымі.

Аднак “на месцах” гэтыя прававыя нюансы нехта не ўлічыў. Недзе з месяц таму валанцёры заўважылі пашкоджанні, прычыненыя і без таго аварыйнаму помніку чыёйсьці руплівай бензапілой. Мяркуючы па ўсім, пры вывазе льну, які захоўваўся ў тым самым гумне, нехта вырашыў спрасціць сабе задачу ды пашырыць праезд.

— Мы гатовы накіраваць уласніку аб’екта прадпісанне з патрабаваннем аднавіць усе пашкоджаныя элементы, — адрэагаваў на дадзеную сітуацыю Ігар Чарняўскі. — Гэта першая мера, якую прадугледжвае заканадаўства. Калі яна не дасць выніку, пяройдзем і да наступных: складзем пратакол і выпішам штраф за прычыненне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Мост паразумення

Адпаведна, коска ў сказе “знесці нельга ратаваць” у дадзеным выпадку ўжо бадай выстаўлена на належным месцы. Які ж алгарытм павінны ўзяць на ўзбраенне тыя неабыякавыя людзі, якія хочуць прыкласці свае рукі да добрай справы? І ў гэтым выпадку, і ва ўсіх падобных Ігар Чарняўскі рэкамендуе валанцёрам перш-наперш наладзіць “стратэгічныя” стасункі з мясцовымі ўладамі ды прыйсці з імі да паразумення.

— Трэба напісаць да іх ліст, патлумачыць у ім свае намеры і прапанаваць канкрэтныя захады — напрыклад, рамонт даху або пакос быльнягу, які вырас ужо па вушы, — тлумачыць ён. — А ўзяўшы на сябе пэўныя абавязкі, можна папрасіць райвыканкам аказаць пасільнае садзеянне — скажам, выдзеліўшы транспарт або адшкадаваўшы на добрую справу пару лістоў шыферу.

Валанцёры з Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана менавіта так і зрабілі. Рэакцыя мясцовых уладаў іх цалкам задаволіла: Дзіяна Трысцень без ваганняў прызначыла сустрэчу ў сваім кабінеце ў найбліжэйшы час.

— Паверце, у нас за сядзібу ў Грушаўцы душа баліць не менш, чым у тых жыхароў Мінска! — запэўнівае яна. — Таму пасядзім-памяркуем, што мы можам зрабіць у цяперашніх няпростых умовах, калі фінансавыя магчымасці зусім не такія, як бы таго хацелася. Тым больш, у нашым датацыйным раёне…

Брус і рубероід

Ігар Чарняўскі мяркуе, што ў дадзеным выпадку можна зрабіць многае - нават без сур’ёзных выдаткаў. Балазе, працаваць з драўляным помнікам спадчыны ў пэўнай меры прасцей і танней, чым з мураваным.

— Ці вялікая праблема напілаваць брусу патрэбнага сячэння і ўставіць у пазы ў слупах? — задаецца ён рытарычным пытаннем.

У той самы час, даводзілася сутыкацца з выпадкамі, калі ўласнікаў альбо энтузіястаў палохала сама неабходнасць атрымання дазволу на правядзенне работ у Міністэрстве культуры — і гэтым яны тлумачылі сваю бяздзейнасць. Як запэўніў Ігар Чарняўскі, насамрэч баяцца тут няма чаго. Згодна з Артыкулам 38 Закона аб ахове спадчыны, правядзенне перыядычных работ па падтрыманні належнага тэхнічнага стану на гісторыка-культурнай каштоўнасці ніякага дазволу ўвогуле не патрабуе.

— Гэта тычыцца тых выпадкаў, калі самі работы не вядуць да змяненняў помніка спадчыны, — тлумачыць Ігар Чарняўскі. — Адпаведна, сюды трапляюць элементарныя захады па кансервацыі: забіць вокны і дзверы, залатаць дзірку ў даху…

А вось калі прадугледжваюцца больш сур’ёзныя працы, дазвол неабходны. Але, як падкрэсліў начальнік упраўлення, ён зусім неабавязкова прадугледжвае выраб праектнай дакументацыі, які цягне за сабой непад’ёмныя для многіх выдаткі.

— Усё залежыць ад таго, у якім аб’ёме будуць праведзены работы і якія задачы ставяцца, — кажа Ігар Чарняўскі. — Прыкладам, у выпадку з гумном можна абысціся праграмай работ, дзе будуць падрабязна пералічаны ўсе пункты. Прыносьце яе да нас, мы разгледзім і, калі ўсё будзе ў парадку, дадзім дазвол.

Пры гэтым валанцёры атрымалі рэкамендацыю заахвоціць да ўдзелу ў працах прафесійнага архітэктара (зразумела ж, на такіх самых валанцёрскіх пачатках). Бо парады спецыяліста ў любым выпадку будуць надзвычай карыснымі.

— Тут трэба ўлічваць нямала нюансаў: які стан пашкоджання крокваў, ці патрабуюць яны замены, як арганізаваць водаадвод, каб вільгаць не трапляла ў сярэдзіну будынка, — кажа Ігар Чарняўскі.

Паколькі адужаць увесь аб’ём работ у сціслыя тэрміны наўрад ці атрымаецца, суразмоўца прапанаваў падзяліць яго на часткі і зрабіць часовае ўкрыццё: каркас з брусу, а на ім — рубероід. Такая канструкцыя здатная пратрываць, як мінімум, некалькі “мокрых сезонаў”.

Як адзначыў Ігар Чарняўскі, грамадская ініцыятыва ў справе аховы спадчыны сёння папраўдзе важная: не варта спадзявацца, нібы ўсе праблемы вырашацца “з цэнтра” ды за кошт дзяржбюджэту. А вось рупліўцы, здатныя скіраваць у канкрэтнае рэчыша рассеянае ў паветры памкненне “зрабіць гэты свет лепшым”, могуць вырашыць сур’ёзныя задачы. Балазе, такое памкненне ўласціва многім — у тым ліку, і прадстаўнікам бізнесу.

Вядома, драўлянае гумно наўрад ці ўваходзіць у залаты фонд нацыянальнай спадчыны. Напэўна, з гэтай нагоды многія скажуць: ну гумно, і што з таго? Хіба мала ў нас іншых клопатаў?

— Па-першае, гэта адзін з прыкладаў драўляных гаспадарчых пабудоваў, якіх ацалела зусім няшмат, — кажа Ігар Чарняўскі. — І калі мы будзем па-ранейшаму легкаважна ставіцца да гэтых здабыткаў, дык неўзабаве зможам убачыць іх толькі на старых фота. А па-другое, старое гумно ў будучыні можа прынесці немалую карысць — калі зрабіць там, скажам, музейную экспазіцыю альбо турыстычны аб’ект. Як мы бачым і з замежнай, і ўжо з беларускай практыкі, любы цікавы гістарычны будынак, разумна прыстасаваны пад патрэбы сучаснасці, працуе на карысць свайго краю і дабрабыт яго жыхароў.

Што ж, будзем сачыць за ходам падзей па ратаванні гумна.