Мастацкі апаясаны

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

У гэты чацвер карэспандэнт “К” мела магчымасць адной з першых пазнаёміцца з унікальнай калекцыяй са збору Нацыянальнага мастацкага музея імя Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса (Каўнас). Літоўскія калегі прывезлі мінскаму Нацыянальнаму мастацкаму выстаўку пад назвай “Залаты век шаўкаткацтва: кунтушовыя паясы і партрэты шляхты…”, якая напалову складаецца з экзэмпляраў, вырабленых некалі на тэрыторыі Беларусі. Ужо з 1 кастрычніка экспазіцыя пачынае працу.

/i/content/pi/cult/554/12094/3-1.jpgКаштоўныя ўзоры распакоўваліся на вачах карэспандэнта "К" вельмі асцярожна і далікатна, бо на іх узрост — прыйшлося не адно стагоддзе. Два паясы з Гродзенскай мануфактуры, заснаванай Антоніем Тызенгаўзам каля 1768 года, гданьскі і ліпкаўскі паясы часоў Польскага Каралеўства, стула і арнат — літургічнае адзенне, вытканае на мануфактуры французскага Ліёна, легендарны слуцкі пояс, а такжа маленькі фрагмент пояса з таго ж Слуцка — тут зацікавіцца не толькі навуковец, але і наведвальнік без прафесійных ведаў у гэтай галіне. Аб’ядноўвае экспанаты тое, што яны былі сабраны ў адным музеі з дапамогай “беларускай шляхцянкі” Марыі Магдалены Радзівіл (1861 — 1945) з роду Завішаў. Таму выстаўка была арганічна дапоўнена партрэтамі прадстаўнікоў фаміліі Радзівілаў.

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст