Адноўлена з дапамогай дзяржавы

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

24 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў мінскі Архікафедральны касцёл Імя Прасвятой Дзевы Марыі. Якраз на гэтую дату прыпаў сёлета другі дзень святкавання Вялікадня каталіцкімі вернікамі рэспублікі.

 /i/content/pi/cult/155/1209/Adnoulena.jpg
Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з Архіепіскапам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам, які правёў для Аляксандра Лукашэнкі экскурсію па адноўленым храме. Прэзідэнт пазнаёміўся з адрэстаўраванымі фрэскамі касцёла, над якімі працавалі майстры каля 4 гадоў пры дзейснай падтрымцы ўлад: у

2004 годзе пад час сустрэчы з каталіцкімі епіскапамі беларускі лідэр даў распараджэнне аказаць фінансавую дапамогу для ўзнаўлення ў прыходзе роспісаў.

У час наведвання касцёла адбылася гутарка Аляксандра Лукашэнкі і Тадэвуша Кандрусевіча за закрытымі дзвярыма, а па завяршэнні сустрэчы Прэзідэнт і Архіепіскап абмяняліся падарункамі. Кіраўніку дзяржавы быў уручаны памятны медаль, а ў сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падарыў архікафедральнаму касцёлу карціну “Касцёл у Жупранах” пэндзля Эдуарда Рымаровіча, на якой паказаны каталіцкі храм у гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла на Ашмяншчыне.

Паводле інфармацыі БелТА
На здымку: у час наведвання касцёла.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА