Сукенка для лепшай чытачкі

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

Як дранікі сталі сродкам культурнай кансалідацыі
Сённяшні расповед — пра клубы і бібліятэкі Кіраўшчыны. Раён для нас — больш чым адметны. І не толькі тым, што на падставе жудаснай трагедыі мясцовай вёскі Боркі Алесь Адамовіч напісаў сваю знакамітую аповесць “Карнікі”, крывавую хроніку знішчэння гітлераўцамі мірных жыхароў, і не адно ўзорным калгасам “Рассвет” імя Кірылы Арлоўскага. Аддзел культуры ў раёне доўгі час узначальвала Тамара Галубоўская. Цяпер яна — на заслужаным адпачынку. Але і па сёння на памяці, як Тамара Леанідаўна ўпэўнена кіравала легкавіком, чытала пры гэтым вершы і гэтак жа артыстычна і вынікова спраўлялася са шматлікімі праблемамі няпростай культурнай справы. Ехалі і думалі, а якім акажацца паслядоўнік Галубоўскай — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэй Карпук? Як потым адзінадушна высветлілі: малады начальнік — на сваім месцы, бо за ўсё перажывае і паўсюль паспявае… Але не будзем парушаць храналогію нашага расповеду.

/i/content/pi/cult/553/12084/10-1.jpgНе той выпадак

Кіраўшчына сустрэла вёскай Любонічы. Вялізны Дом культуры, дзе хапае месца і для сельскай бібліятэкі. З яе і пачалі знаёмства з тутэйшымі творчымі (і збольшага — нечаканымі) цікавосткамі. Кіруе бібліятэкай Алена Малойка. За што можна і неабходна паважаць Алену Канстанцінаўну? За тое, што адразу прызналася (нібы папярэдзіла), што раней загадвала жывёлагадоўчай фермай. Потым пачала працаваць у школьнай бібліятэцы, паднабралася досведу, вельмі дапамаглі метадысты, паўтары гады ўжо кіруе кніжнай справай у публічнай сельскай…

Вельмі важная рэмарка. Мы ў шэрагу выпадкаў пішам пра такіх практыкаў з пэўнай доляй іроніі: маўляў, дзе жывёлагадоўля, а дзе бібліятэчны клопат... Дык вось, спадарове, Любоніцкая сельская бібліятэка — абсалютна не той выпадак. Таму, напэўна, бібліятэкарка не без какецтва намякнула, што хоць і няма ў яе спецыяльнай адукацыі, але глядзіце, як справа пастаўлена. Ну і малайчына! Так з намі і трэба! Аргументавана і ўпэўнена. Калі ж мы адзначылі, што на Магілёўшчыне ці не ўсе бібліятэкі ўзорныя, то ад Алены Малойка атрымалі сціплае тлумачэнне: “А што нам яшчэ рабіць? За чытача трэба змагацца!”.

Дзе ўзяць чытача?

Справа, сапраўды, пастаўлена як мае быць. Мяркуйце самі. Тройчы на тыдні ў бібліятэку арганізавана прыходзяць выхаванцы дзіцячага садка (больш за два дзясяткі чалавек). Бавяць тут час з ранку да апоўдня. Пад кіраўніцтвам бібліятэкаркі гуляюць у літары, словы і пакрысе вучацца сябраваць з кнігамі. Патэнцыяльныя чытачы! “Кожны, — кажа Алена Малойка, — на вагу золата”. І ніяк інакш, бо бібліятэцы патрэбны чытачы. А суседні садок — цудоўны і пры старанні гарантаваны чытацкі рэзерв. Вось Алена Канстанцінаўна і шчыруе. Звычайна бібліятэкар ідзе з кніжкамі ў садок ці ў пачатковую школу. Але Малойка — не звычайная. Арганізавала ўсё так, што прыходзяць да яе.

А для дарослага чытача ў бібліятэцы ёсць… элітарны салон, дэвіз ягога: “Пачытай, памар, падумай…”. Слова “элітарны” — як стымул для таго, каб патрапіць у лік лепшых наведвальнікаў. Для гэтага трэба публічна абараніць асабісты чытацкі фармуляр. Даволі традыцыйнае для рэспублікі бібліятэчнае мерапрыемства. Але ў кожнага — свае яркія нюансы. Прынамсі, так павінна быць. Наталля Калашнікава прычытала, да прыкладу, за месяц 218 кніжак. Абаранілася: распавяла аб прачытаным, абагульніла ўсё і параіла сяброўкам, на што з выданняў варта ўвагу звярнуць. А Малойка нібыта і не пры чым: усё наўкола як быццам і без яе ўдзелу адбываецца. Дык у дбайнага ды прадбачлівага гаспадара ўсё так і робіцца. Насмажыла Наталля Калашнікава ўсім дранікаў, такім смачным чынам і адзначыла сваю чытацкую абарону. Усе аддзячылі і запыталіся: “А калі наступная абарона?”. Вось так за дранікамі ды пасярод кніг і мацуецца саюз бібліятэкара з чытачамі.

Фота на памяць

Сярод бібліятэчных прыдумак засталося толькі пра сукенку распавесці. Справа ў тым, што з нейкай даўняй нагоды (для навагодняга святкавання?) агульнымі намаганнямі была пашыта вячэрняя сукенка. Неяк з жартачкамі яе пачалі прапаноўваць для прымеркі лепшым чытачкам. Жартачкі ператварыліся ў сур’ёзную традыцыю. Алена Малойка распавядае: “Нават фотапартрэты для жадаючых робім!”. Арыгінальна! Але мы трошкі засумавалі: пра лепшых чытачоў-мужчын у Любонічах падумаць яшчэ не паспелі. Бібліятэкарка паабяцала праблему вырашыць. Цікава, як? Але пра гэта — наступным разам.

Ледзь не забыліся на камп’ютары. У мясцовай бібліятэцы іх два. Як кажа бібліятэкарка: неабходны мінімум для сваёй штодзённай працы і для паслуг чытачам. Такі мінімум — ды кожнай бы нашай сельскай бібліятэцы!

(Не)лірычнае адступленне Яўген Рагіна

Такую супрацу бібліятэкі з дзіцячым садам, як у Любонічах, я бачыў колькі гадоў таму толькі ў Чэрыкаве. Там таксама выхаванцы садка літаральна калонамі рушаць ў госці да дзіцячых кніг. Іх сустракае не толькі бібліятэкар, але і мноства мяккіх цацак. Сапраўднае цараванне дабрыні, казкі і літаратуры! Паўсюль бы так. Не адмаўляю, што падобных прыкладаў насамрэч — шмат. У такім выпадку тэлефануйце, пра кожны абавязкова напішам.

Песня пра Беларусь

Наступныя цікавосткі — клубныя. Любонічы — вёска спеўная. Яшчэ ў бібліятэцы даведаліся, што ў суседніх клубных памяшканнях спяваюць удзельнікі дзявочага эстраднага гуртка. Спачатку даведаліся, а потым — і пачулі. Мастацкі кіраўнік СДК Ніна Шчоткіна пазнаёміла нас з таленавітымі салісткамі. Іна Чайка толькі паступіла ў каледж сферы абслугоўвання, а Віка Ільінчык — ужо на другім курсе каледжа медыцынскага. Дзяўчаты для вёскі, лічы што, згубленыя, але пад летні час з роднага клуба амаль не сыходзяць. Спяваюць, сапраўды, някепска.

Асабліва нам спадабалася Віка, якая ў вакальных выступленнях аддае перавагу роднай мове. Спявае ў вёсцы, спявае і ў Мінску, дзе вучыцца. Па прычыне таленту там, відаць, і застанецца. Безумоўна, у сталіцы магчымасцей больш. А ў СДК камп’ютар — на ладан дыхае, між тым усе спевы — толькі пад фанаграму, і без манітора тут не абысціся. Дык ці доўгі век ў гуртка, калі навучальны год усю моладзь з вёскі па свеце раскідвае, ды і апаратура канкурэнцыі не вытрымлівае? Тэндэнцыя — агульная для ўсіх нашых вёсак.

І не ў першы раз мы задумаліся, што ў такіх вёсках, дзе моладзь толькі на горад арыентуецца, больш акрэсленыя перспектывы менавіта ў бібліятэкі, а не ў клуба. Любонічы — яркі таму доказ.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Пра грэблю ў Любонічах нам распавяла ўсюдыісная бібліятэкарка. І ўбачылася нам хоць нейкая, але перспектыва для паселішча. І звязана яна з турызмам. Так-так. Аднак не масавым, а эксклюзіўным. Аказваецца, побач з вёскай маецца маляўнічае балота, багатае не толькі на камароў, але і на цікавыя легенды і помнікі прыроды. Дабрацца туды можна адно на брычцы, запрэжанай коньмі, бо грэбня — пад вадой. Пры добрай маркетынгавай стратэгіі, рэкламе ды, вядома ж, жаданні можна завабіць у Любонічы замежных і заможных турыстаў, якіх прыцягвае некранутая прырода. А бібліятэка як раз можа прадастаўляць экскурсійныя паслугі, папаўняючы план платных паслуг.

Не цырк-шапіто, але…

Тым вечарам паслугі кіраўчанам прапаноўваў заезджы цырк-шапіто, што атабарыўся акурат насупраць нашай гасцёўні (для нас літаральна ўсе гасцёўні рэспублікі паспелі ўжо роднымі стаць). Мы вельмі здзівіліся: квіток каштуе сто тысяч, а чэргі ў цыркавую касу — несупынныя. Чым не доказ таму, што спажыўцу культуры патрэбны рэдкі ды яркі арт-прадукт. У тым ліку і пра гэта гаварылі з кіраўніком мясцовай культуры Андрэем Карпуком.

Пачалі ці не з галоўнага — з кадраў. І хоць на сёння ўсе вакансіі ў сферы культуры раёна закрытыя, праблему са спецыялістамі гэта не адмяняе. Як і ў іншых раёнах, на Кіраўшчыне перыядычна адбываецца кадравая ратацыя. На думку Андрэя Карпука, самы цяжкі клопат — утрымаць добрага работніка ў сельскім клубе ў маланаселеных вёсках. А вось у дачыненні маладых спецыялістаў у раёне свая палітыка: адразу кіруючыя пасады ўчорашнім выпускнікам тут не прапаноўваюць. Спачатку трэба прыгледзецца, дапамагчы вырашыць жыллёвае пытанне. Не адмяняецца ў Кіраўскім раёне і прынцып пераемнасці. У вёсцы Бабры загадчык клуба па прафесіі заатэхнік, на пенсіі. Але па імпэце дасць фору многім маладым. Такімі кадрамі тут не раскідваюцца.

Але за што па-сапраўднаму баліць галава Андрэя Карпука, дык гэта за матэрыяльна-тэхнічную базу: не паўсюль маюцца ва ўстановах культуры камп’ютары, музычная апаратура — састарэла… Дзеля справядлівасці адзначым, гэтыя праблемы характэрныя не толькі для Кіраўскага раёна. Апроч таго, большасць устаноў культуры па краіне 11 кастрычніка стануць выбарчымі ўчасткамі. А значыць іх трэба падрыхтаваць да важнай падзеі, а ў асобных выпадках зрабіць бягучы рамонт…

Зарабіць на сябе…

Пацікавіліся ў Андрэя Карпука, на чым сёння зарабляе культура раёна. Як аказалася, на ўсім патроху. Вядома, асноўная — канцэртная дзейнасць. Вось толькі мясцовая публіка непрадказальная. На знаных музычных выканаўцаў не хоча ісці, а на цыркавое прадстаўленне білеты разбіраюцца загадзя. Тлумачэнне ж тут мы бачым простае: для дзяцей нічога не шкада.

Зарабляе сфера культуры і на арганізацыі тэматычных вясельных абрадаў, пра што “К” пісала раней. Не лішняй з’яўляецца і аплата за вучобу ў школе мастацтваў. Дадатковай крыніцай папаўнення бюджэту сёлета стаў пракат дзіцячых электрамабіляў, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Іх аддзел набыў за пазабюджэтныя сродкі і за прэмію ад абласнога упраўлення.

Што да эфектыўнай працы славутага клуба-музея ў Борках, то тут маюцца свае акалічнасці. Прыкладам, госці санаторыя “Рассвет” з задавальненнем наведваюць мемарыяльны комплекс у Борках. Вось толькі грошы такія экскурсіі аддзелу не прыносяць, бо транспарт прадастаўляе для турыстаў санаторый, а за само наведванне мемарыяльнага комплексу грошы не бяруцца. Ідэй, як змяніць сітуацыю, пакуль няма.

А таму літаральна кожнае вялікае раённае мерапрыемства не абыходзіцца без спонсарскай дапамогі. Мясцовыя прадпрымальнікі, нягледзячы на фінансавую нестабільнасць, дапамагаюць чым могуць. З апошняга, дзякуючы прыватнай дапамозе адбыўся рамонт сцэны ў Раённым доме культуры, на што было выдаткавана блізу 100 мільёнаў рублёў, была набыта музычная апаратура. Але і спонсары застаюцца не ў крыўдзе. Назвы іх фірмаў гучаць са сцэны падчас масавых святаў. Чым не добрая рэклама перад патэнцыйнымі пакупнікамі?

Фэст парасонаў

А тое, што масавых мерапрыемстваў у Кіраўску праводзіцца нямала — факт даўно вядомы. Толькі сёлета тут прайшлі рэгіянальны фестываль двайнятак, фэст “Крэатыўная мода” і “Фестываль парасонаў”. З калякультурнага жыцця можна згадаць супер-фінал чэмпіяната краіны па футболе. Пляжным. Між іншым, у Беларусі ўсяго шэсць пляцовак для гэтай гульні. І ці не лепшая з іх месціцца ў Кіраўску.

Тым не менш, прапрацоўваецца ідэя яшчэ аднаго адметнага фестывалю. Магчыма, ён адбудзецца ў неўзабаве адрэстаўраваным палацы ў Жылічах. Пакуль жа там праходзяць… паказы ды фотасесіі прадукцыі “Мілавіцы” і іншых фабрык. Акрамя эстэтычнага задавальнення такія праекты прыносяць і невялікі прыбытак. І гэта, трэба думаць, не лішняе: на завяршэнне рэстаўрацыі гістарычнага аб’екта патрабуецца больш за 120 мільярдаў рублёў. Але пра таямніцы і клопаты Жылічаў пагаворым у наступным выпуску нашага аўтатура. Цяпер жа разам з намеснікам начальніка аддзела Валянцінай Іваніцкай скіруемся да Раённага дома культуры.

Брэнды ёсць, дома рамёстваў няма

Абмінуўшы аўтапарк электрамабіляў, што размясціўся ля ўваходу ў РДК, найперш трапілі ў этнаграфічны куток. Як растлумачыла нам дырэктар установы Эма Калмыкова, цяпер супрацоўнікі збіраюць аўтэнтычныя экспанаты для будучага раённага музея. Паралельна вядзецца і пошук будынка пад культурную скарбніцу раёна. Пакуль жа ў засценках РДК можна ўбачыць багата эксклюзіўных матэрыялаў з будучай музейнай экспазіцыі “Народнае вяселле”. Можна тут пазнаёміцца і з адметнымі мясцовым строем, які адрадзіла ткачыха Марыя Салановіч.

З цікавостак РДК вылучым так званы “Пакой дружбы”, прысвечаны гарадам-пабрацімам Бранску і Белгараду. У ім сабраны разнастайныя падарункі, фотаздымкі з агульных мерапрыемстваў, якіх у свой час было багата: раней абмен творчымі калектывамі адбываўся штогод.

Апроч вырабаў з мясцовага льну ў фае РДК можна пабачыць гномікаў, якія сталі пазнавальным брэндам горада. Іх стваральнік Ларыса Бандзіна зрабіла моду на гэтыя лялькі. Яны прадстаўлены на ўсіх буйных кірмашах народных майстроў краіны. Хто ведае, мо, неўзабаве яны, вылітыя з метала, размесцяцца ў розных кутках Кіраўска падобна польскаму Вроцлаву, дзе так званыя “красналюдкі” сталі мясцовай славутасцю і кожны турыст імкнецца знайсці ды сфатаграфаваць як мага болей гэтых жыхароў падзямелляў.

Аднак і выраб хохлікаў, і ткацкія дасягненні, і адметная сувенірная прадукцыя нівелююцца адсутнасцю Раённага цэнтра рамёстваў. Па прызнанні начальніка аддзела, сёння стварыць новую структуру праблематычна. Таму майстры працуюць на месцах — пры сельскіх установах культуры і РДК.

З іншага боку, новая структура, а дакладней структурнае падраздзяленне, у раёне было створана летась. Як вядома, у мінулым годзе Кіраўск прыняў абласныя “Дажынкі”. Да гэтага мерапрыемства быў адкрыты Цэнтр вольнага часу. Узвядзенне будынка і яго ўладкаванне каштавала 14 мільярдаў. Нягледзячы на яшчэ зусім дзіцячы ўзрост ЦВЧ штомесяц зарабляе каля 25 мільёнаў рублёў. За кошт чаго? Ды хаця б дзякуючы 3-D кінатэатру, які штомесяц прапануе сусветныя прэм’еры. Улетку на кінапаказы актыўна прыязджае моладзь з вёсак. Перад пачаткам сеансу паркоўка ля будынка застаўлена веласіпедамі. Прыносіць прыбытак і більярд, кавярня, якая была здадзена ў арэнду прыватніку. Прыходзіць моладзь і на начныя дыскатэкі кожныя пятніцу і суботу. Рэтра-паці, белая і піянерская вечарынкі — чым толькі не спрабуюць здзівіць работнікі ЦВЧ мясцовую публіку! Пакуль гэта ў іх паспяхова атрымліваецца.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

А вывады вельмі караценькія. Такой бібліятэкі, як у Любонічах, мы даўно не бачылі, а такога Цэнтра вольнага часу, як у Кіраўску, не бачылі ўвогуле. Інакш кажучы, работнікі культуры Кіраўшчыны, ведаюць, над чым працаваць і куды рухацца. І гэта, па нашым перакананні, самае галоўнае. А ў наступных нумарах гаворка пойдзе пра культурныя традыцыі Мышкавічаў і Жылічаў.

Мінск — Пухавіцкі раён Міншчыны — Асіповіцкі, Кіраўскі раёны Магілёўшчыны — Светлагорскі раён Гомельшчыны — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"