Мы разам — бясспрэчна!

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

Грамадска-культурная акцыя “Мы, беларусы — мірныя людзі” хутка дасягне сваёй кульмінацыі. Тое адбудзецца 9 кастрычніка 2015 года ў Мінску, дзе пройдзе апошні — гала-канцэрт — пад вычарпальнай назвай “Мы разам”. Арганізатар гэтай музычнай імпрэзы, тэлеканал АНТ, будзе весці прамую трансляцыю з месца дзеяння.

/i/content/pi/cult/553/12072/9-2.jpgЦягам восені такія канцэрты феерычна “прагрымелі” ў кожным з абласных цэнтраў Беларусі і, па прызнанні тэлевізійшчыкаў, насамрэч сваю задачу выканалі максімальна якасна: з’ядналі народ перад галоўнай палітычнай падзеяй года — выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

На апошнім абласным “Мы разам” у Віцебску, што меў месца быць гэтым аўторкам, “К” на свае вочы пабачыла, які эфект мае музыка ў выкананні лепшых артыстаў краіны. Іх чулыя словы на гэты раз звернуты да віцебскага слухача. Для горада на Заходняй Дзвіне такі канцэрт стаў сапраўднай культурнай падзеяй, крыніцай добрага настрою. Было зразумела, што зоркі беларускай эстрады адчуваюць тут асаблівую адказнасць, бо менавіта гэты горад па вартасці лічыцца музычным гурманам Беларусі, які натрэніраваў вуха і сэрца дзякуючы ўжо традыцыйнаму і любімаму ўсімі міжнароднаму фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Кожная шоу-праграма для асобнага горада складалася індывідуальна: месца дзеі патрабуе свайго рэпертуару, сваіх спевакоў, сваіх ганаровых гасцей канцэрта — а гэта і знакамітыя дактары, і рэктары ўніверсітэтаў, і бізнэсмены, і адметныя работнікі ў сферы сельскай гаспадаркі, культуры, спорту.

Спявалі гэтым разам як прадстаўнікі новага пакалення артыстаў, напрыклад, Аляксей Грос, Анастасія Віннікава, так і ўсімі вядомыя гурты “Цягні-Штурхай” і “Чук і Гек”, Ларыса Грыбалёва, Ніна Багданава і інш.. Не абышлося і без легенд беларускай эстрады: Аляксандра Ціхановіча з Ядвігай Паплаўскай, Аляксандра Саладухі. Дарэчы, у зале Палаца спорту, дзе ўсё і адбывалася, быў аншлаг: трыбуны, запоўненыя людзьмі рознага ўзросту, інтарэсаў, прафесій. Сярод іх — старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко.

Словы “Мы разам” рэфрэнам гучалі амаль пасля кожнага выступлення. І гэтую думку, у рэшце рэшт, усвядоміў кожны з прысутных, нават самы скептычна настроены глядач. Засталося чакаць прыемных сюрпрызаў ад мінскага гала-канцэрта, удзел у якім будуць таксама браць артысты з Расіі і Украіны. Бо дэвіз “Мы разам” актуальны цяпер не толькі для беларускага грамадства, але і для больш шырокай геаграфічнай 
прасторы.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст