Падыходы да “Роднага”

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

Аляксандр РАСТОПЧЫН, гітарыст
На дыску “Роднае”, які быў выдадзены ў 2008 годзе, у дзясятку нумароў задэкларавана тое, што для мяне з’яўляецца родным — чытай: атаясамляецца з Беларуссю — у музыцы. Урэшце, “роднае” — паняцце шырокае, якое каранямі сыходзіць у лепшыя гады дзяцінства і юнацтва.

/i/content/pi/cult/553/12068/6-2.jpgМае бацькі, мой сябра з першага класа Ігар Дахін — гэта для мяне ўвасабленні роднага. Калісьці сям’я Ігара пераехала з Магілёва ў Мінск, крыху пазней тут аказалася і мая радзіна. Ды мы праз усё жыццё сувязь трымаем! У час гэтага прабывання ў Беларусі я ў Ігара і атабарыўся. Так што можа быць інтэрпаляцыя паняцця “роднае” на канкрэтнага чалавека, а можа адносіцца да месца, напрыклад. Праўда, наведаўшы Магілёў, стала зразумела: геаграфічныя каардынаты нязменныя, а з пазнавальнасцю ўжо больш складана. Многае змянілася.

Пры выбары твораў класічнага ў шырокім сэнсе беларускага рэпертуару для “Роднага” я карыстаўся як музычнымі “стэрэатыпамі” пра Беларусь, так і нейкімі асабістымі асацыяцыямі. Да ўсяго, прыслухоўваўся да меркаванняў знаўцаў. Скажам, ідэя з боку — гэта ўключэнне ў альбом твору “Магутны Божа”. Нават у нечым спрэчная версія, пабудаваная пад электрагітару. Але ўсе нумары адпавядаюць майму разуменню Беларусі. Той жа Паланэз Агінскага — наогул мой улюбёны твор з часоў музычнай школы, дзе яго шматкроць даводзілася граць. Ды і колькі на яго зроблена кавераў! Ну і маё гітарнае, менш класічнае прачытанне, спадзяюся, не акажацца лішнім у асэнсаванні музычнай спадчыны Агінскага.

Кажуць, што “Роднае” — гэта бадай адзін з нямногіх праектаў з інтэрпрэтацыямі беларускай музыкі мінулага, які атрымаў бадай толькі станоўчую крытыку. Гэта прыемна, хаця, можа, пасля гэтай калонкі знойдзецца той крытык, што проста разаб’е альбом! Але сакрэтаў высокіх ацэнак бадай не назаву: гэта тое, што я раблю, гэта мая музыка, як я яе чую, выказаная праз пэўныя інструменты. Ну і адно лета напружанай працы ў студыі. Па сутнасці, гэтыя аранжыроўкі — аналаг напісання песні, можа, хіба крыху прасцей, бо цудоўная мелодыя ўжо існуе. А на мове якога стылю яе выказаць, якімі сродкамі-інструментамі — уласная справа інтэрпрэтатара. У музыцы, як і ў палітыцы, скажам, шмат розных меркаванняў. Толькі тут яны пра аранжыроўкі, апрацоўкі, стылі.

Праз гэты дыск удалося своеасаблівым чынам вярнуцца ў беларускі музычны кантэкст як дзейнаму айчыннаму музыканту, што жыве ў Нью-Ёрку. Але гэта ў значнай ступені заслуга тых, хто займаўся адміністрацыйным бокам альбома, яго прадзюсіраваннем, менеджментам і прасоўваннем. Мая задача — выключна музычная, як і заўжды: пасадзі мяне ў студыю — і я буду рабіць. Хаця, вядома ж, усё абмяркоўвалася калектыўна. Я думаю так: людзям прыйшлося даспадобы “Роднае”, паколькі тыя ж шматлікія склады са словам “Песняры” ў назве спяваюць прыкладна аднолькавы рэпертуар, які базуецца на старых аранжыроўках, а тут прагучала, па-першае, не тая музыка, што часта выконваецца, а па-другое, яна пададзена яшчэ і ў нестандартных гітарных версіях. Фактычна, дыск уяўляе сабой усё, што сплаўлена ў маёй галаве ад рок-н-рола да Мулявіна.

Цікава было б, каб нехта захацеў выканаць арыгінальныя песенныя тэксты пад інструментал да гэтых версій класікі. Чаму б і не, балазе, тэксты ўсім вядомыя. Скажам, я ў “Купалінцы” граю на электрычным сітары. Як да такога нестандартнага ў нашых шыротах інструментах удасца дапасавацца вакалісту? Нават цікава, як тое атрымаецца.

Фота аўтара

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах