Гук і смак слова

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

Жанна ЛАШКЕВІЧ, загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Тэатра юнага гледача
У час нашага небыткавання — пяцгадовага знаходжання трупы ТЮГа па-за роднай сцэнай — мы вынаходзілі самыя розныя сродкі для паразумення з беларускай мовай. Да прыкладу, складалі “Слоўнічак для тых, хто ўпершыню трапіў у беларускі тэатр”.

/i/content/pi/cult/553/12066/4-5.jpgМы выпісвалі словы, якія — з пункту гледжання нашых педагогаў — самыя незразумелыя для гледача, і давалі іх рускі пераклад. Мера добрая, яна нікога не абражала. Калі да бацькоў траплялі гэтыя слоўнічкі, дык ў глядзельні перад пачаткам дзеяння не-не ды і чулася: “О! Дык гэтак жа наша бабуля кажа!”. Друкаванкі-перакладчыкі знайшлі сваю аўдыторыю.

Вельмі цікавы водгук прыйшоў аднойчы на электронную скрыню. Маці з сынам завіталі да нас на спектакль “Брык і Шуся шукаюць лета”. Іншыя гледачы часта перапытвалі, а хто такія гэтыя персанажы Таццяны Сівец. А той хлопчык адразу ўзгадаў, што яго дзед ужывае два словы: “убрыкнуць” і “шуснуць”. Такім чынам, хлопчык самастойна зрабіў пэўны лінгвістычны аналіз і пераканаў сваё атачэнне ў тым, кім з’яўляюцца гэтыя героі. Пераканаў абсалютна пэўна, бо імя першага ўтварылася ад рэплікі “брык, паваліўся!”, а другое ўзнікла ад сугучча “шуснуць у лісце”. У гэтым ёсць і смак, і гук нашай мовы, і дзеці інтуітыўна на іх адгукаюцца.

Перад пачаткам спектакля мы неаднаразовала ладзілі гульні. У іх таксама выкарыстоўвалі словы, якія глядач можа не зразумець. Зрэшты, я, як перакладчык пэўнай часткі нашых п’ес, дазваляю сабе выкарыстоўваць нават самыя рэдкія, старажытныя або неўжывальныя словы. Калі яны падыходзяць па афарбоўцы, па гучанні, то іх проста патрэбна “запакаваць” у такі кантэкт, дзе слова не можа быць незразумелым. Тады яно лёгка ўспрымецца.

Іншая рэч, што няма такога сродку, каб чалавека схіліць да валодання мовай, якая яго раздражняе. Калі тэатр па-беларуску кагосьці ў прынцыпе не вабіць, дык яму, верагодна, лепш увогуле на беларускія спектаклі не хадзіць… Але магу засведчыць, што за гады службы ў ТЮГу я не сустракала людзей, якіх прынцыпова ўсё не задавальняла б настолькі, каб яны не маглі слухаць гаворку са сцэны і забіралі б з тэатра сваіх дзяцей. Наадварот, наша служба гледача заўважыла, што больш стала бацькоў, якія кажуць сваім дзецям: “Слухай, як гэта дакладна вымаўляецца, запамінай, як гэта ўжываецца”.

У нашу літчастку неаднойчы звярталіся з рэгіянальных і самадзейных тэатраў з просьбай падзяліцца добрай п’есай на беларускай мове. На базе тэатра быў праведзены адпаведны конкурс “Новая назва”. Магу пахваліцца: айчынныя пісьменнікі і драматургі падыйшлі да справы з самым вялікім градусам адказнасці. Да нас прыйшлі дыхтоўныя творы ад Таццяны Сівец, Алены Масла, Уладзіміра Ягоўдзіка, Васіля Дранько-Майсюка, Фёдара Палачаніна, Дзмітрыя Марыніна; ёсць п’есы і з-за межаў Беларусі. Сярод конкурсных работ нават знайшоўся міні-мюзікл Барыса Лагоды паводле Уладзіміра Караткевіча “Жабкі і Чарапаха” — ужо разам з музыкай! І вось тут не можа быць непаразумення з публікай, бо казку ведаюць усе, не раўнуючы, гэта ўжо дзіцячая класіка.

Наколькі дазволіць магутнасць нашага сайта, усе п’есы, прысланыя на конкурс, будуць выкладзены (з дазволу аўтараў) для пампавання. Мы дзелімся назапашаным багаццем, калі ласка, бярыце! На мой погляд, добрая справа, калі па краіне будзе больш беларускіх назваў у афішах.

Я часам бываю ў журы фестываляў самадзейных дзіцячых тэатраў. Раней увачавідкі колькасць рускамоўных пастановак значна перавышала беларускамоўныя. Сёлета на аналагічных мерапрыемствах у Мінску і Любані я адзначыла, што людзі імкнуцца і ставіць, і размаўляць па-беларуску, і — галоўнае! — без прымусу і вымогі. Відаць, з’явілася патрэба...

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"