Патрабуецца адміністратар!

№ 39 (1217) 25.09.2015 - 02.10.2015 г

Мажорныя ноты і застарэлыя пытанні творчага саюза
У верасні адбыўся з’езд Беларускага саюза кінематаграфістаў. Чарговы-пазачарговы — цяжка сказаць. Гледзячы, што лічыць з’ездам. На ранейшыя гістарычныя мерапрыемствы ў Доме кіно — Чырвоным касцёле, — у любым выпадку, не падобны. Што не дзівіць: змянілася грамадства, змянілася кіно, змяніліся кінематаграфісты. Быць членам БСК зусім не так прэстыжна, як у часы закрытых кінапаказаў і пуцёвак у элітныя дамы творчасці. У залатыя часы “Беларусьфільма” кінематаграфісты збіраліся, каб разам адстойваць свабоду творчасці і самавыяўлення, спрачацца аб мастацкіх кірунках і падыходах. А цяпер гаворка ідзе пра хлеб надзённы, штодзённы заробак, за які творцы змагаюцца, на жаль, паасобку.

Хоць — парадокс!.. Кіно — самае калектыўнае з усіх відаў мастацтва. Для яго паўнавартаснага існавання і развіцця неабходна добра наладжаная індустрыя. І без прафесійных аб’яднанняў, саюзаў, гільдый, той самай праславутай “надбудовы”, “базіс” у выглядзе індустрыі ніяк не абыходзіцца. Ва ўсякім разе, у большасці краін, дзе існуе пастаянная кінавытворчасць. У Беларусі індустрыя таксама існуе, але ўсё менш асацыюецца выключна з “Беларусьфільмам”. А ўсё больш дзейнічае пад крылом адасобленых прадзюсарскіх кампаній, замежных вытворцаў і “незалежных”, чытай, самадзейных кінагруп. Не дзіўна, што сувязі паміж прафесіяналамі ў такой сітуацыі толькі слабеюць. Вось і траціна з прыблізна трохсот членаў БСК настолькі не верыць у неабходнасць прафесійных аб’яднанняў, што перастала плаціць членскія ўнёскі. І зараз, рашэннем новага з’езда, прыпынена ў сваім сяброўстве ў творчай грамадскай арганізацыі. А найважнейшыя пытанні цяпер будуць абмяркоўвацца на агульных сходах, якія абяцаюць праводзіць прыкладна раз на паўгода і на якіх ужо не патрэбен будзе паўнавартасны кворум.

Характэрна, што ў лютым гэтага года кінематаграфісты ўжо збіраліся на з’езд. Але так і не здолелі вырашыць асноўных пытанняў. Гэтым разам сабралася прыкладна траціна ад усіх членаў Саюза, і дзякуючы новым правілам, гэтага аказалася дастаткова, каб мерапрыемства адбылося. Цяперашні старшыня БСК, акцёр Віктар Васільеў поўны аптымізму. Змены ў статуце творчага саюза, прынятыя на пасяджэнні, дазволяць БСК наўпрост атрымліваць спонсарскую дапамогу і весці камерцыйную дзейнасць па профільных кірунках. Планы БСК, выкладзеныя вуснамі яго энергічнага старшыні на з’ездзе ў памяшканні Тэатра-студыі кінаакцёра, шырокія: тут і арганізацыя ўласнага фестывалю, і правядзенне тэматычных кінапаказаў, і розныя мерапрыемствы па папулярызацыі беларускага кіно. Дарэчы, першы спонсар ужо знайшоўся — адзін з прыватных прадзюсараў прадаставіў памяшканне для офіса БСК наўзамен вельмі сціплага пакоя ў будынку Нацыянальнай кінастудыі і выступіў на з’ездзе з палымянай прамовай падтрымкі дзейнасці БСК, чым сарваў бурныя воплескі прысутных. Усё вышэйпералічанае, сапраўды, выклікае аптымізм, але добрыя намеры і планы на будучыню — сталыя госці на сустрэчах творцаў.

Пакуль жа на паверхні пытанні, якія ледзь ні штодня паўстаюць перад беларускімі кінематаграфістамі і якія немагчыма вырашыць паасобку. У тым ліку адно з самых набалелых — фінансавыя адносіны з прадзюсарамі, айчыннымі і замежнымі. Многія з апошніх не спяшаюцца расплаціцца з членамі здымачных груп. Як тут не прыгадаць “вялікія і жудасныя” галівудскія прафсаюзы, сяброўства ў якіх гарантуе і годны мінімальны ганарар, і юрыдычную абарону ў выпадку экстраардынарных сітуацый. Менавіта аўтарытэтныя прафесійныя гільдыі пад эгідай творчага саюза ў стане дапамагчы ў падобных і іншых далікатных сітуацыях трымаць сувязь паміж прафесіяналамі розных кінематаграфічных спецыяльнасцей. Пакуль жа актыўнасць праяўляюць толькі гільдыя кінаакцёраў ды гільдыя кіназнаўцаў і кінакрытыкаў, члены якіх, дарэчы, далёка не ўсе сябры БСК.

Прапаганда нацыянальнага кінамастацтва і арганізацыя кінапаказаў — гэта вельмі добра, хоць Музей гісторыі беларускага кіно і шматлікія энтузіясты самадзейных прэзентацый робяць ужо вельмі многае. Але не менш важна, і гэта адчувалася па настроі прысутных, з’яўленне ў нашым нацыянальным кіно адзінага творчага асяроддзя. Вось тут творчы саюз і прафесійныя гільдыі пры ім могуць адыграць незаменную ролю.

Таксама як і ў абмеркаванні найважнейшых момантаў дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да сферы кіно і людзей, якія ў ёй працуюць. Таму што каму як не самім кінематаграфістам лепш за ўсё відаць, якім чынам павінна быць пабудаваная іх праца. На кожным з’ездзе або мерапрыемстве членаў БСК нязменна разгортваюцца цікавыя дыскусіі, гучаць прапановы ў адрас органаў дзяржаўнай улады. Зразумела, што з ініцыятывамі па ўнясенні змяненняў у заканадаўства або іншымі пытаннямі павінен выступаць творчы саюз, а не асобныя постаці.

Успомнім, што ў адрозненне ад Саюза пісьменнікаў, Саюз кінематаграфістаў СССР, які быў заснаваны ў 1957 годзе, заўсёды быў асяродкам творчай свабоды, ішоў у авангардзе мастацкай і грамадскай думкі. Не адставаў ад яго і беларускі сабрат, арганізаваны ў 1962 годзе. Сімвалічна, што менавіта ў гэты час пачаўся так званы "залаты перыяд" у існаванні нацыянальнага кінематографа. Сучаснікі дагэтуль успамінаюць яго з цеплынёй і настальгіяй. Роўна як і часы Дома кіно ў Чырвоным касцёле. Аб апошнім ўспаміналі нават на гэтым з’ездзе, хоць з часоў, калі БСК, фактычна, страціў культавую пляцоўку для сустрэч і творчых размоў, прайшло ўжо чвэрць стагоддзя.

Будзем спадзявацца, цяперашнім планам кіраўніцтва Саюза па арганізацыі тэматычных паказаў і прэм’ер нацыянальнага кіно з прафесійным і грамадскім абмеркаваннем спраўдзіцца ўсё ж наканавана. Але што тычыцца пляцоўкі для зносін, то ў цяперашніх умовах яна ўсё больш перамяшчаецца ў Інтэрнэт.

Віктар Васільеў паскардзіўся, што БСК не можа пакуль знайсці адміністратара для вядзення вэб-сайта БСК. Дарэчы, з’явіўся сайт не так даўно і яго практычна немагчыма знайсці праз папулярныя пошукавікі. І гэта не ёсць добра: стварэнне творчага і прафесійнага асяроддзя цяпер немагчыма без распаўсюджвання інфармацыі праз Інтэрнэт, ды не толькі аднабаковай, без зваротнай сувязі. Рэгулярна збірацца людзям кінематаграфічных прафесій не надта і проста, асабліва ў разгар здымачнага сезона. А вось быць на сувязі і ўдзельнічаць у жыцці саюза з дапамогай сацыяльных сетак — цалкам па сілах.

Дарэчы, новага генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі на з’ездзе не было. Як і многіх ключавых для беларускага кіно персон. Што, напэўна, не паказчык: кінавытворчасць не трывае паўз — праца ёсць праца. Тым не менш, пажадаем БСК правесці наступны з’езд не толькі на мажорнай ноце пасля ўдалага выканання намечаных планаў, але і ў ролі паўнавартаснага аб’яднання для ўсіх, хто робіць беларускае кіно.