“…Веча” вечна будзе жыць?

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Тамара СЛАБОДЧЫКАВА, дацэнт Акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік капэлы “Акадэмія” НАН Беларусі, аўтар ідэі і мастацкі кіраўнік Рэспубліканскай акцыі “Харавое веча”
“Харавое веча” рыхтавалася даўно, ідэя набывала ўсё новыя абрысы і тэрміны правядзення — нарэшце, акцыя адбудзецца да Дня горада, сабраўшы лепшыя калектывы з розных куткоў краіны. Рэжысёрам свята выступае народны артыст Беларусі, прафесар Міхась Дрынеўскі.

/i/content/pi/cult/551/12037/2-2.jpgЯшчэ да пачатку харавога дзейства, якое пройдзе 12 верасня а 15-й ля Храма-помніка ў гонар усіх Святых, акцыю падхапілі многія рэгіёны Беларусі. Задоўга да яе цяперашняй кульмінацыі і напярэдадні ў некаторых абласцях ладзіліся свае харавыя святы і агляды — пад той жа назвай “Харавое веча”, насустрач рэспубліканскаму святу. На харавым сайце, які ўжо стаў добрай апорай для кіраўнікоў калектываў і ўсіх зацікаўленых, з’яўлялася не толькі інфармацыя, але і выкладаліся ноты, каб калектывы маглі развучваць неабходны рэпертуар.

Праграма выступленняў таксама мела некалькі варыянтаў. Але нязменным было імкненне з’яднаць розныя стылі і кірункі, звярнуцца да музыкі розных стагоддзяў і рознай тэматыкі. Бо вельмі хацелася паказаць не толькі палітру харавых калектываў Беларусі, але і ўсе старонкі нашай музыкі.

Зразумела, што ў юбілейны год Вялікай Перамогі цэнтрам праграмы павінен быў стаць ваенны блок. Ён атрымаўся вельмі разнастайным, ахопліваючы і папулярныя песні ваенных гадоў, і партызанскую тэматыку, і нават класіку. Так, мы звярнуліся да харавога фрагмента з оперы Сяргея Пракоф’ева “Вайна і мір”, толькі замянілі згадкі пра Кутузава зваротам да роднага краю: такое нязначнае рэдагаванне літаратурнага тэксту дазваляецца, бо пры тых жа перакладах на іншыя мовы страты бываюць куды большымі.

Блок “Беларусь партызанская”, які акрэслівае гэтую адметную рысу нашай краіны, будзе прадстаўлены народнымі калектывамі. А ў сюіце з любімых песень прагучаць “Вечар на рэйдзе”, “Кацюша”, “Смуглянка”, “У лесе прыфрантавым”.

“Харавое веча” ладзіцца ля храма, таму абавязкова будзе і духоўная музыка. Але стрыжнявой лініяй пройдзе любоў да радзімы, бо пра гэта — практычна кожны твор, уключаны ў праграму.

Кульмінацый будзе некалькі, прычым розных па скіраванасці. “Люблю наш край” Міколы Равенскага на словы Канстанцыі Буйло — прамы зварот да Беларусі. “Ляціце, галубы, ляціце” Ісака Дунаеўскага на словы Міхаіла Матусоўскага — сімвал мірнага неба над галавой. А завершыцца выступленне зводнага хору, дзе з’яднаюцца ўсе калектывы, “Мінскім вальсам” Міхаіла Шуміліна на словы Авяр’яна Дзеружынскага. Знакамітая “Радзіма мая дарагая” Уладзіміра Алоўнікава на словы Алеся Бачылы таксама прагучыць, але раней. Бо фінальнай кропкай мы хацелі зрабіць не ўрачысты клічнік, а цёплае, сардэчнае, “недасказанае” шматкроп’е. І менавіта ў жанры вальса, да якога змогуць далучыцца танцавальныя пары. Каб свята на гэтым не скончылася, а працягвалася.

Працяг павінен быць і ў “Харавога веча”. Такая акцыя не можа быць адзінкавай — ды яна ўжо і цяпер, можна сказаць, не першая. Бо падобныя сумесныя харавыя выступленні мы ладзілі і ля Акадэміі навук, і на прыступках Нацыянальнай бібліятэкі. Знаны харавы дзеяч, народны артыст Беларусі і СССР Віктар Роўда заўсёды марыў, каб у нас, як у краінах Балтыі, ладзілася сваё “Спеўнае поле”. Мы ўсе ўпэўнены, так і будзе. Народ не можа не спяваць! Бо іначай — які ж ён народ, няўжо такі маўклівы? Не, нашы продкі мелі песні на ўсе выпадкі жыцця, спявалі разам і паасобку. Дык заспяваем і мы!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"