Свята: вёскі ці горада?

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

5 верасня ў ваколіцах Мінска адбыліся адразу дзве імпрэзы, цікавыя для аматараў фольку: фэст “Камяніца” і 550-годдзе Ракава. Калі з “Камяніцай” усё зразумела (фестываль з сямігадовай гісторыяй, добра раскручаны), то Ракаў на такім фоне… зусім не згубіўся і выглядае досыць самавіта: не пабаяцца правесці мерапрыемства паралельна з такім канкурэнтам!

/i/content/pi/cult/551/12033/13-2.jpgПоруч з асноўнай пляцоўкай, дзе выступалі гурты з Валожынскага раёна і Мінска, у Ракаўскім доме фальклору гралі авангардную і фальклорную музыку. Найбольш цікавы, канешне, выбар публікі: замежныя гурты на “Камяніцы” ці свае, родныя, у Ракаве? Праўда, “Стары Ольса”, напрыклад, і некаторыя калектывы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства паспелі выступіць на абедзвюх імпрэзах. Што ж зробіш, калі “Камяніца” ўжо стала традыцыйным фэстам пачатку верасня, а сябры клічуць яшчэ і ў Ракаў!

І ўсё ж, чаму ў адзін дзень? Дырэктар Ракаўскага дома фальклору, рэжысёр свята Хрысціна Лямбовіч тлумачыць, што мерапрыемства было запланавана на жнівень-верасень, хаця першая згадка Ракава — 14 красавіка 1465 года. А другія выхадныя верасня — Дзень горада ў Мінску, там занятыя ўсе ахоўныя службы. Таму вырашылі рабіць 550-годдзе Ракава раней. З датай “Камяніцы” атрымалася накладка. У выніку, да Дома фальклору даехалі пераважна заўсёднікі танцавальных вечарын, што ладзіліся там цягам года капэлай “На таку”. Зазірнулі на авангардна-фальклорную пляцоўку і некаторыя жыхары Ракава. Асноўную ж пляцоўку ў мястэчку наведалі, пераважна, мясцовыя жыхары.

Для гэтага гарадка са славутым мінулым імпрэза стала вялікай падзеяй. Падчас свята адбылося тэатралізаванае шэсце ў вобразах гістарычных асоб, чыя дзейнасць была звязана з Ракавам: каралёў, артыстаў ды кантрабандыстаў (колішняя мяжа Беларусі з Польшчай давалася ў знакі). І нават жанчына лёгкіх паводзінаў з Сяргеем Пясецкім, тым самым “каханкам Вялікай мядзведзіцы”, на рэтра-аўтамабілі. Сцэнарый гістарычнай часткі распрацаваў гісторык-архівіст Язэп Янушкевіч — жыхар Ракава.

Арганізатар фальклорнай пляцоўкі і дэкаратар імпрэзы Вольга Кашкурэвіч адзначае, што для ракаўцаў актуалізацыя мясцовай гісторыі вельмі істотная. Вольга пераехала сюды ў 2009 годзе разам з мужам, мастаком і майстрам па вырабе музычных інструментаў Тодарам Кашкурэвічам, таму з упэўненасцю разважае пра ракаўскія будні. Урэшце, шмат для каго з жыхароў — гэта проста вёска пад Мінскам. А тут — падзея! Гістарычныя асобы, фаер-шоу, байкеры… Такая актыўнасць дазваляе адчуць, што месца, дзе ты жывеш — большае за проста вёску. Уздымаецца гонар за мястэчка, да таго ж — добрая магчымасць адпачыць.

І, калі ўжо разбірацца, то што адбылося ў Ракаве? Свята горада ці свята вёскі? “Свята аграгарадка” ў дачыненні да гэтага месца неяк не гучыць. Шкада, што згубілася ў сучасных слоўніках як “гістарызм” старабеларускае “мястэчка”. З элементаў свята вёскі — віншаванні самага малодшага і самага сталага жыхара, афіцыйная частка. Ад свята горада — сучасная анімацыйная праграма, да таго ж, зробленая на мясцовым гістарычным і этнаграфічным матэрыяле.

Феномен Ракава як “культурнага цэнтра пад Мінскам” уражвае: заслужаны фальклорны гурт “Гасцінец”, галерэя братоў Янушкевічаў, святкаванні Купалля па старых традыцыях, вечарыны традыцыйных танцаў, якія не знайшлі пляцоўкі ў Мінску… Які яшчэ беларускі аграгарадок, не кажучы пра вёску, так спраўляе юбілеі? Куды яшчэ моладзь ездзіць танчыць са сталіцы штотыдзень?

Канешне, можна спісаць ракаўскую “культурную рэвалюцыю” на тое, што тут утварылася супольнасць мясцовай інтэлігенцыі, пераважна мінскага паходжання. Але ж у культурным жыцці мястэчка ўдзельнічаюць і “карэнныя” ракаўцы. Можна разважаць пра цывілізацыйны разлом паміж Захадам і Усходам, які прыпаў у міжваенны перыяд акурат на Ракаў. Праўда ж, мабыць, дзесьці пасярэдзіне.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"