Што па-за мурамі?

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Дванаццаць прац мастака-казачніка Білібіна ў адной мінскай радзіне, і яшчэ адна — у другой.

/i/content/pi/cult/551/12032/13-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 31, 34.)

Іван Білібін! Вучань Рэпіна, прыгажун-весялун, прафесар Акадэміі мастацтваў, сябра аб’яднання “Свет мастацтваў”, сцэнограф дзягілеўскіх балетаў у славутых Парыжскіх "Рускіх сезонах”, чараўнік-ілюстратар рускіх казак, патаемных былін, стваральнік свайго ўласнага білібінскага свету, населенага царэўнамі, асілкамі, каралевічамі, жывёламі, што размаўляюць, бабамі-ёшкамі ды кашчэямі!

Мой кінанастаўнік Уладзімір Уладзіміравіч Корш-Саблін, безумоўна, добра ведаў ягоную творчасць. Асабліва ўражвалі кінарэжысёра эскізы дэкарацый Івана Якаўлевіча да парыжскай пастаноўкі “Жар-птушкі” з музыкай Ігара Стравінскага і эскізы касцюмаў да оперы Мікалая Рымскага-Корсакава “Казка пра залатога пеўнічка” паводле Аляксандра Пушкіна. Задумаўшы адысці ад рэвалюцыйных (“Першы ўзвод”) і побытавых (“Шукальнікі шчасця”, “Маё каханне”) тэм сваіх фільмаў, Корш абраў для экранізацыі беларускую казку “Каваль Вярнідуб”. Вось тут і звярнуўся ён да Білібіна з прапановай стаць мастаком-пастаноўшчыкам фільма. Зрабіць гэта было проста: і кінастудыя “Белдзяржкіно”, і мастак, які вярнуўся з Парыжа, знаходзіліся ў Ленінградзе.

Па задуме Корша мастаком-казачнікам былі зроблены тры эскізы дэкарацый і дзесяць эскізаў касцюмаў асноўных персанажаў: частка ў колеры, частка — чорна-белых. Ішлі падрыхтоўчыя працэсы да запуску фільма, як раптам пачалася вайна. Корш надзеў ваенную форму і стаў кінарэжысёрам ваенных стужак. Іван Білібін са словамі “З асаджанай цвярдыні не бягуць” застаўся у абкружаным немцамі горадзе на Няве. Ён падзяліў лёс сотняў тысяч ленінградцаў: у марозную ноч на пачатку лютага 1942-га Білібін памёр ад голаду.

На шчасце, Корш, пакідаючы той жа горад, захапіў білібінскія аркушы. Пасля вайны змяніліся прыярытэты, было не да казак. Так задума двух майстроў і засталася нерэалізаванай. Эскізы тыя знаходзяцца ў доме знакамітых кінематаграфістаў, яны ніколі не экспанаваліся, іх можна ўбачыць толькі ў маім фільме 1999 года “Разам з ім”, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР Уладзіміра Корш-Сабліна.

Яшчэ ў адным доме, у самым цэнтры Мінска, знаходзяцца тры работы Лазара Рана. Пасля смерці мастака аркушы з яго афортамі валяліся на падлозе лецішча-майстэрні — сведчыць родзіч. А цяпер гэта мастацкая каштоўнасць, рарытэты. Што ж, тыповае для постсавецкага грамадства стаўленне да спадчыны. На жаль…

Дык вось, у пакоях згаданай кватэры графічны партрэт Ганны Франк — дзяўчынкі, што загінула ў Асвенцыме, аўтара трагічнага “Дзённіка”. Побач партрэт Максіма Багдановіча — таксама графіка. Пэўна, гэтай работай з гадоў маладосці натхняўся жыхар кватэры, бо ў сталым узросце напісаў кніжку пра паэта.

А ў гасцявой зале над піяніна — вялікі партрэт алеем: Шалом-Алейхем. Па манеры выканання, па прапісванні дэталей, рысачак твару і перадачы характару персанажа ранаўскі партрэт блізкі асаблівасцям карцін віцебскага класіка Юдэля Пэна. Таленавітая рэч, што вельмі ўражвае.

Я бываю ў майстэрнях беларускіх мастакоў. Колькі там зусім невядомых прац вельмі вядомых майстроў! Напрыклад, у майстэрні мастака… (не, не прагаваруся!), кілімаў і цыратаў пэндзля Язэпа Драздовіча больш, чым у нацыянальным музеі.

Творы гаспадара майстэрні — па ўсёй Еўропе, у Злучаных Штатах. Ён разам з сынам аздабляў-распісваў царкву — гэта ўсё ўласціва мастакам. Але ў адной з яго работ лёс незвычайны. Можаце сабе ўявіць, што чалавек кланяецца ўласнаму твору, вымольвае міласці ад яго? Калі грымнула Чарнобыльская бяда, родная, хаця ўжо і да таго пакінутая вёска, дзе нарадзіўся мастак, апынулася ў небяспечнай зоне. Узрушаны, ён стварыў цыкл работ пра тую навалу. А потым… Потым з натхненнем напісаў ікону “Маці Божая Чарнобыльская”. Яе ўрачыста, пры вялікім сцячэнні народу, неўзабаве асвяцілі на плошчы Свабоды ў Мінску. Цяпер яна ў Жодзіне, у новай царкве, у заалтарнай прасторы, і ў яе свой лёс у гісторыі: існуе яна ўжо самастойна, у адрыве ад стваральніка. Мастак, бываючы там, моліцца, каб святыня надалей берагла нашу радзіму.

Будзеце ў той жодзінскай царкве, перехрысціцеся на тую ікону, пісаную нашым сучаснікам.

І яшчэ: будзем уважліва аглядацца! Мо і нам пашанцуе прыдбаць нейкі каштоўны рарытэт. “Усплываюць” жа час ад часу нават аркушы рукапісаў самога Пушкіна!

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр