Трохкутнік з “Камяніцай”

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Спрабуем разабрацца, на чым зарабляюць і на чым страчваюць арганізатары?
У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам прайшоў фольк-фэст “Камяніца”, што ладзіцца з 2009 года. Для музея фэст, разам з іншымі масавымі мерапрыемствамі, — сродак прыцягнуць наведвальнікаў, зарабіць грошы, і ў той жа час — выклік. Як прыняць гасцей, не ствараючы чэргі на ўваходзе, як не пусціць “зайцаў”, як перадухіліць надзвычайныя здарэнні…

/i/content/pi/cult/551/12031/12-1.jpgТворчы бок

Музычны бок “Камяніцы”, як заўсёды, на вышыні. Эстонцы з гурта Trad.Attack! (“Атака традыцыі”) запомніліся гучаннем варгана і прыгаворкамі кшталту “Эх! Эх! Эх! Эх!”. Менавіта чатыры разы, інакш масла не саб’ецца (гэта частка “працоўнай замовы”). Славянскі драйв ад палякаў з гурта “Dzikie Jablka” і ад украінцаў з “Дримба да дзига”. Хэдлайнер фэсту сёлета — беларускі метал-гурт “Znich”. Старыя песні, новая (хай і з год таму запісаная) “Дунаю-Дунаю” з народнымі словамі і мелодыяй, толькі ў “цяжкой” апрацоўцы. Гомельскі гурт “Ягорава гара” з праграмай на цэлую гадзіну. Летась выступалі на малой сцэне, сёлета “дараслі” да вялікай. І рэпертуар, і касцюмы ўдзельнікаў — з Веткаўскага раёна Гомельшчыны. Захоўваючы дыялектныя асаблівасці і мелодыю, музыканты карыстаюцца разам з традыцыйнымі інструментамі сучаснымі, устаўляюць электронныя пройгрышы. Адна з вакалістак гурта Ірына Глушэц — загадчык аддзела традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці.

Сярод пачаткоўцаў фэсту — гурты “Мілавіца”, “Мерэжа”, “Горынь”, “Варган”, што імкнуцца выконваць фальклорныя творы максімальна блізка да аўтэнтычнага варыянту. Выступаў гурт “Этнасуполка”, у якім граюць выпускнікі спецыяльнасці “Этнафоназнаўства” Універсітэта культуры і мастацтваў. Сярод іх — два маладыя спецыялісты, размеркаваныя ў Музей народнай архітэктуры і побыту: Мікалай Дашыневіч і Мікіта Халькоў.

Розгалас атрымала містэрыя “Пад стрэхамі прашчураў”, што ладзіў Іван Кірчук у будынку царквы з вёскі Логвінавічы на сектары “Цэнтральная Беларусь”. Містэрыя дэманстравалася тры разы, і людзей заўсёды было настолькі шмат, што апошнія шэрагі толькі чулі песні, ды нічога не бачылі. Містычнае адчуванне: нібыта на службе ў палескай царкве ХІХ стагоддзя, і яблыку няма дзе ўпасці. Хоць і заяўлена было “прадстаўленне для дзяцей”, дарослым было на што паглядзець: Іван Кірчук мастацкімі сродкамі паказаў цэлае гадавое кола традыцыйнага беларускага календара. Урэшце, пра асаблівасці дзеі Іван Іванавіч апавядаў у “К” у № 35.

“Кухня” навідавоку

Развагамі пра фестывальную “кухню” і музейныя будні дзеліцца загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Музея народнай архітэктуры і побыту Аляксандр Шавель:

— Камяніца” — фэст, які робіцца супольна нашым музеем і фірмай “Новы альянс”. Гэта арганізацыя арандуе ў нас карчму (яны ж валодаюць у Мінску рэстаранам “Камяніца” — адсюль назва фестывалю). У фэст укладае грошы не толькі і не столькі музей. Згаданая фірма вылучае ўласныя сродкі, да таго ж знайшоўся спонсар — банк “БелВЭБ”.

Некалькі гадоў таму кошт уваходу на фэст быў роўны кошту музейнага білета. Сёлета ўваход абышоўся ў 100 тысяч (поўны білет, для школьнікаў — 50 тысяч, для дашкольнікаў і людзей у поўным нацыянальным строі — задарма). Аляксандр Шавель тлумачыць: “Спачатку заваблівалі на фэст, раскручвалі. Паступова падымалі кошт. Цяперашні, лічу, можна было б яшчэ падняць”. Праўда, сёлета людзей было, як на вока, менш, чым у мінулыя гады. Можа, кошт білета ўсё ж паўплываў, а можа, тое, што ў гэты ж дзень святкавалі 550-годдзе Ракава. Там дзейнічала фальклорная пляцоўка і пляцоўка авангарднай музыкі, і цалкам верагодна, калі частка зацікаўленай публікі “адцягнулася” туды. З плюсаў такой нешматлюднасці: не трэба было стаяць у чарзе, каб трапіць на дармовы аўтобус да музея ад станцыі метро “Малінаўка”. Транспарт нават яшчэ чакаў пасажыраў, каб не ехаць пустым. Назад да горада таксама можна было даехаць без праблем. Акрамя бясплатных аўтобусаў, што аплачваліся арганізатарамі “Камяніцы”, хадзілі і платныя ад “Мінсктранса”. Іх запуск — ініцыятыва аматара фольку Кірылы Сінюціча, што працуе на прадпрыемстве “Сталічны транспарт і сувязь”. І, трэба сказаць, што платныя аўтобусы добра дапамаглі, разгрузілі фестывальныя, якія бралі пасажыраў не больш за колькасць месцаў для сядзення.

Не назіралася чэргаў ні на ўваходзе ў музей, ні ля намётаў з ежай. Дарэчы, сёлета дзейнічала забарона на пранос да сцэны ўласных прадуктаў. Напоі ж ахова прасіла адкаркаваць і нюхала. Некаторых наведвальнікаў абшуквалі, не спыняючыся на даглядзе сумак. Заўсёднікі фестывалю заўважылі, што дагляд стаў больш пільным. Забарону ж на пранос ежы арганізатары аргументавалі “мэтамі бяспекі”. Але не будзем на гэтым пытанні спыняцца пільна, бо яго падрабязна на старонках “К” у свой час разглядаў фалькларыст і музыкант Алег Хаменка, што да “Камяніцы” меў дачыненне не ў апошніх шэрагах. Урэшце, і ў папярэднія гады памідорамі нікога не закідалі. Хіба саломай. І не артыстаў, а фатографаў. Здымкі з таго “саламянага батлу” ўзялі прызавыя месцы у конкурсе “Прэс-фота-2014”.

Меню і прыбытак

Ну а карыстальнікі сацыяльных сетак тут жа кінуліся жартаваць: “Яблык у маёй сумцы неяк пагражае бяспецы фестывалю?”, “Зрабіце платнымі яшчэ прыбіральні і выхад!” Узгадалі і леташнія чэргі па ежу, малы асартымент. Арганізатары ж кінуліся апраўдвацца: маўляў, і квіткі танныя, і грошы ўсе ад іх продажу ідуць музею, і транспарт дармовы. Пасля фестывалю выклалі ў сацыяльных сетках фота меню: салянка — 35 тысяч, суп пярловы з грыбамі — 30, каша пярловая з мясам — 20, каўбаса на шпажцы — 35, кукуруза — 30, мачанка — 45 тысяч, ну, і “бюджэтная” бульба адварная з маслам — 15 тысяч. Можна паліць кетчупам за 5 тысяч. Тут ужо гледзячы з чым параўноўваць: камусьці танна, а камусьці — не вельмі.

Аляксандр Шавель паведаміў карэспандэнту “К”, што першапачаткова выручаныя грошы ідуць на рахунак музея. Тым не менш, існуе дамова, па якой частка атрыманых сродкаў пералічваецца “Новаму альянсу”. Дакладных лічбаў Аляксандр не назваў, пасміхнуўся, што гэта — камерцыйная тайна. А не праносіць ежу — патрабаванне міліцыі. У той жа час Аляксандр Шавель не адмаўляе, што забарона працуе на карысць арганізатарам, якія атрымліваюць ад рэалізацыі ежы прыбытак. Урэшце, будзем спадзявацца, што тонкасці ўзаемаадносін у трохкутніку “гледачы — органы аховы парадку — арганізатары” пад час новага фэсту ўсё ж атрымаюць рашэнне, што не выклікала б узаемных прэтэнзій.

Дырэктар музея Эдуард Багдановіч кажа, што летась музей атрымаў у час “Камяніцы” 180 мільёнаў рублёў, якія пайшлі на рамонт кузні ў музейным сектары “Цэнтральная Беларусь”. Наведвальнікаў летась было, па словах прадстаўніка з боку арганізатараў таго форуму Алега Хаменкі, 8 — 9 тысяч. Дзелім 180 мільёнаў на 8500 наведвальнікаў і атрымліваем сярэдні кошт білета крыху большы за 21 тысячу. Уваход жа на фестываль летась каштаваў для дарослых - 60 тысяч, для школьнікаў — 35, для дзяцей дашкольнага ўзросту і людзей у строях — задарма. Адпаведна, сярэдні кошт білета — боьшы за 47 тысяч рублёў. Так, усемагчымыя адлічэнні, так, магло аказацца багата апранутых у строі і дзетак... А мо леташнія 180 мільёнаў — гэта толькі “чысты” прыбытак. Бо сёлета, па словах Аляксандра Шавеля, музей аплочваў дарожныя выдаткі дзіцячых гуртоў, працу міліцыі, дзяжурнай машыны меддапамогі і пажарных. Ці не гэтак жа было ў папярэднія гады? Адсюль і рэальныя сумы на рахунку.

Каго цікавіць рамяство?

Было шмат рамеснікаў. Праўда, некаторыя скардзіліся, што іншыя майстры цікавяцца іх вырабамі больш за гасцей фестывалю. А жанчына родам з Клічаўскага раёна прадавала тэкстыль, што застаўся ёй ад бабулі.

— Вось гэты абрус у нас сцялілі толькі на святы. Я ўсё кветкі на ім лічыла, малая.

— Дык гэта ж памяць, нашто прадаяцё?

— Дачцэ не трэба. А так — трапіць у добрыя рукі.

Сумна…

А сям’я рамеснікаў Нікіціных з таго ж Клічава глядзіць у будучыню з аптымізмам: “Мы выйшлі на пенсію, ва ўстановах культуры ўжо не працуем. Куды запрашаюць на мерапрыемствы — едзем. У Мінск — дык у Мінск, па вобласці — дык па вобласці”. Актыўная пазіцыя старэйшага пакалення, наадварот, натхняе.

Аляксандр Шавель адзначае, што масавыя мерапрыемствы даюць значную частку музейнага прыбытку. І ўсё роўна без бюджэтных сродкаў установе культуры выжыць цяжка. Калі б сёння перавесці музей на самаакупнасць, давялося б скараціць штат удвая. Рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры музей самастойна не пацягнуў бы.

Цікава, што Музею народнай архітэктуры і побыту (як і кожнаму іншаму з ліку дзяржаўных) даводзіцца план па аказанні платных паслуг і па колькасці наведвальнікаў, і гэтыя планы… супярэчаць адзін аднаму. Чым вышэйшы кошт квітка, тым менш людзей прыходзіць у музей. Таму, каб выканаць план па колькасці наведванняў, музей запрашае задарма школьнікаў, інвалідаў. Кожную другую сераду месяца — дзень адчыненых дзвярэй для ўсіх катэгорый наведвальнікаў. А грашовы план штогод павялічваецца на 3-5 працэнтаў...

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"