Дзень пад нумарам 23

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

“Аўтарскае” і агульнае для рэспублікі ў традыцыйным свяце беларускага пісьменства
Разглядаючы тэматычную карту Беларусі на прадмет пунктаў правядзення Дня беларускага пісьменства, заўважыла: гарады-гаспадары свята рассыпаны па тэрыторыі краіны настолькі раўнамерна, ладна і, калі можна так сказаць, прапарцыйна, што пачынаеш разумець: нас сапраўды не абмінула асвета ў свае часы (месца свята выбіраецца па былых і сённяшніх гістарычных, культурных, навуковых заслугах населенага пункта). Крыху не стае такіх раўнамерных кропачак на карце Гомельшчыны, але наступным разам менавіта яе выбітны Рагачоў стане дзевятнаццатай перлінай у гэтай, без перабольшання, ювелірнай кампазіцыі. Люблю гармонію ва ўсім.

/i/content/pi/cult/551/12028/10-1.jpgТаму і да сёлетняй імпрэзы ў Шчучыне прыглядалася пільна ды ўдумліва. І не адна нават, а са сваёй калегай, бо ў дзве пары вачэй бачна лепш. А паглядзець у Шчучыне было на што яшчэ ў суботу 5 верасня, хаця асноўная праграма планавалася, канешне, на нядзелю.

Крама да свята

Даехаць да Шчучына ад Мінска нескладана, але, адзначым, даволі марудна: чатыры гадзіны на міжгароднім аўтобусе можна трэсціся. Прыбывае ён на аўтастанцыю, што на ўскрайку горада, гэтым самым не апярэджваючы мясцовае хараство, утульнасць і, менавіта ў гэтым выпадку, саму святочную дзею. “Пешшу проста па галоўнай вуліцы — і вы ў эпіцэнтры”, — кажуць нам мясцовыя жыхары. Так і робім. Хутка нашу ўвагу прыцягвае першае масавае згуртаванне людзей, якое наіўна прымаем за частку дзеі Дня пісьменства. І дарэмна, бо тое аказалася… адкрыццё сеткавай прадуктовай крамы, чарговай для Мінску ці Гродна, але для Шчучына — першай. Можна было б паразважаць на тэму сапраўдных чалавечых каштоўнасцей, аднак больш дарэчным будзе ўзгадана ўсім знаёмай піраміды і яе прынцыпу. А да ўсяго, відавочна, што не дарма новы гандлёвы аб’ект з’явіўся ў Шчучыне менавіта гэтымі днямі. Карацей, прадстаўнікам рэдакцыі “К” адразу стала ў разы больш цікава, як у гэтым горадзе спаталяюць і духоўны голад.

Як глядач гледачам і…

Летась прысутнічала на аналагічным свяце ў Заслаўі, але выключна ў якасці шараговага гледача. У той момант я яшчэ не звяртала ўвагі на такія моманты, як арганізацыя, канцэпцыя, мэтанакіраванасць і арыентаванасць мерапрыемства, таму, хутчэй, проста бадзялася па старажытным паселішчы. Я да таго, што мае паводзіны — наўрад ці ўнікальныя: абсалютная большасць людзей менавіта так успрымае святочныя імпрэзы, агульнарэспубліканскія ці раённыя, забаўляльныя ці асветніцкія. Дзень жа беларускага пісьменства — сапраўды выключная з’ява, а не высасаная з пальца кволая ідэйка. Таму хочацца, каб удзельнікі і сведкі ўрачыстасці былі інтэлектуальна актыўнымі, шанавалі, паважалі і падтрымлівалі задуму свята.

…Як чытач чытачам

Ногі адразу прывялі нас да Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі. Нездарма: будынак установы здалі пасля рамонтных работ якраз 5 верасня. Цудоўныя светлыя памяшканні, абноўлены фонд (у тым ліку дзякуючы шматлікім падарункам ад выдавецтваў і пісьменнікаў), прадстаўнічая канферэнц-зала для сустрэч рознага маштабу і якасці, рэдкія выданні кніг, якія сустрэнеш ні ў кожнай аналагічнай раённай установе. Бібліятэка нас парадавала, як і навіна пра тое, што колькасць чытачоў толькі сёння, у суботу, павялічылася яшчэ на 20 чалавек. Толькі пры нас дзве бабулі пажадалі далучыцца да ліку наведвальнікаў бібліятэкі. (Вось яна, сіла прывабнай сучаснай “абгорткі”!) Адказнасць установы павялічана ўдвая, бо зараз яна працуе і за гарадскую, і за раённую — так вырашыла аптымізацыя. Аляксандра Янкоўская, дырэктар, аднак, упэўнена глядзіць у будучыню з верай, што яе калектыву ўсё па плячы. У тым ліку адкрыццё інтэрнэт-кавярні, турыстычныя праекты, якія пачалі ладзіць супрацоўнікі бібліятэкі, і іншыя цікавосткі (пра іх “К” раскажа ў наступных нумарах у асобным матэрыяле).

ДК і вакол яго

Развітаўшыся з бібліятэкарамі, рушылі ў бок Раённага дома культуры. Зноў у некаторым сэнсе сустракаемся з Цёткай: каля ДК стаіць велічны помнік адной з самых знакамітых беларускіх жанчын, у нагах яе - ускладзеныя цягам гэтых літаратурна-арыентаваных дзён ахапкі жывых кветках. Вядома, хацелася б спадзявацца, што ўшаноўваюць літаратарку тут і такім чынам заўсёды. Сам РДК літаральна блішчыць навізной рамонту, на свежых сценах арганічна глядзяцца творы знакамітых мастакоў Гродзеншчыны Юрыя Якавенкі і Аляксандра Сільвановіча ў рамках праекта “AlfAbet”. Назва нам паказалася крыху заезджанай, адносна судакранання з тэмай слова, чаго не скажаш пра самі творы: уражваюць яны не толькі сваёй мастацкасцю, але і арганічнай уплеценасцю ў рэчышча свята. Затрымала каля сабе і іншая выстаўка ў РДК: “Памяць аб вайне нам кніга пакідае”, якая сабрала артэфакты часоў Вялікай Айчыннай. Першы паверх Дома культуры быў аддадзены пад перасоўныя выстаўкі “Якуб Колас. Дарогамі вайны” да 70-годдзя Перамогі, “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду” да 85-годдзя з дня нараджэння слыннага аўтара. Ажыятажу гэтыя стэнды вакол сябе не выклікалі, калі шчыра, бо ўвага людзей у месцы іх размяшчэння аказалася хутчэй “транзітнай”.

Затое няспынны гул у ДК сведчыў пра тое, што конкурс юных чытальнікаў Гродзенскай вобласці “Жывая класіка” праходзіць з аншлагам. Сапраўды, перад намі поўная зала не толькі тых, хто прыйшоў падтрымаць сваіх дзяцей, але і проста неабыякавых да літаратуры і да спроб яе сучаснай падачы людзей. Увогуле, адзначым тое, што ў Шчучыне ў гэтыя дні памяталі пра дзяцей, падлеткаў. Дзейнічалі дзве маладзёжныя сцэны, першая — каля “Горада майстроў”, другая — ля кінатэатра “Беларусь”, які хутка адчыніцца пасля рамонту. На пляцоўку “Маладзёжная” былі зроблены вялікія стаўкі, праграма на ёй была адначасова тэматычна выверанай, і пры гэтым цікавай і пазнавальнай. У нядзелю праект “Жывая гісторыя” падарыў жыхарам Шчучына і яго гасцям выявы беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва, увасобленыя студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Сучаснасці ж дадала работа на месцы мабільнага кінатэатра гістарычнага маршруту “Памяць у граніце”. Флэшмоб “За будучыню незалежнай Беларусі”, літаратурнае скрыжаванне, патрыятычная акцыя “Памяць” — арганізатарамі ўсяго гэтага выступілі Гродзенскі аблвыканкам, Шчучынскі райвыканкам, БРСМ, “Беларускі саюз жанчын”.

А таксама тэатр!

Не абмінулі ўвагай на свяце і тэатр, што не магло не пацешыць яго аматараў. Тры спектаклі былі прадстаўлены на суд гледачоў самых розных упадабанняў: “Ціхі шэпт сыходзячых крокаў” Дзмітрыя Багаслаўскага (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі), “Камедыя пра нешчаслівага селяніна…” Уладзіміра Рудава (Гродзенскі абласны драматычны тэатр) і “Калядны вечар” Ніны Рыбік (Народны тэатр Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці). Ракурс абраны арганізатарамі — магчымасць пазнаёміцца з творчасцю драматургаў рознай творчай скіраванасці. Уваход на спектаклі быў вольны, чым з удзячнасцю людзі і скарысталіся. Добра і тое, што самі пастаноўкі разнапланавыя, а да тэматыкі Дня пісьменства дачыненне маюць ускоснае. Але, калі паразважаць, усё ж маюць. Тэатралізаванасці агульнаму дзейству надалі і выступленні клубаў гістарычнай рэканструкцыі, ансамбляў сярэднявечнай музыкі і танцаў, што бавілі час на вольным паветры каля…

/i/content/pi/cult/551/12028/10-2.jpgПалац запрашае!

…Каля Палаца князёў Друцкіх-Любецкіх, які быў адкрыты раніцай 6 верасня і адразу прыняў у сваіх сценах некалькі “партый” гасцей, бо ахвотных пазнаёміцца з яго “нутром” было ўжо на тую гадзіну значна больш, чым, вобразна кажучы, даступных квадратных метраў. Палац, вытанчана прыгожы знешне і функцыянальны па сваёй планіроўцы, адразу ўзяў на сабе пэўныя задачы: у сучаснасці ён будзе працаваць на карысць мясцоваму Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі, а ў яго памяшканнях цягам часу асталюецца і Краязнаўчы музей, пра які так марыць Шчучынскі раён. Стане Палац і месцам дзелавых сустрэч, бо мае на то адпаведныя пакоі і залы. Зараз жа колішнюю княжацкую прастору запоўнілі рэчамі з экспазіцыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а калі ўдакладніць, то копіямі мэблі, карцін, выданняў і гэтак далей...

Трэба падкрэсліць адзін арганізацыйны недахоп (не для таго, каб пакрыўдзіць гаспадароў, а толькі каб такія моманты ўлічваліся на будучыню іх наступнікамі). Адкрыццё Палаца, яскравае і запамінальнае, адцягнула ўвагу ад іншага мерапрыемства, наступнага па храналогіі ў свяце, — урачыстага шэсця. Дзеі надта шчыльна “суіснавалі” ў сцэнарыі, таму на шэсце многія проста фізічна не паспелі. Арыентавацца ў такіх выпадках дапамагаюць друкаваныя праграмкі, а таксама стэнды з планам Дня, якіх у Шчучыне, як нам падалося, усё ж не ставала ў дастатковым аб’ёме. Зрэшты, каб прадугледзець падобныя нюансы з арыентаваннем, любому гораду патрэбна правесці па некалькі рэспубліканскіх імпрэз. А тады і цягліцы наросцяцца!

Шпацыр працягваецца

Зноў да выключна станоўчага. Надзейныя людзі, нашы рамеснікі, бадай ніколі не расчаруюць! І гэтым разам "Горад майстроў" (пад назвай “Народная творчасць — крыніца натхнення”) быў шчыльна населены “жыхарамі”: людзі ахвотна знаёміліся з аўтэнтычнымі беларускімі вырабамі, удзельнічалі ў майстар-класах па ганчарстве, кавальстве і гутарках з носьбітамі традыцый, набывалі прадукцыю, абменьваліся кантактамі. Магчыма, не выпадкова праходзіла і свята-конкурс “Папяровы вернісаж”, на якім дэманстравалі свой талент выцінаншчыцы. Дзень пісьменства і выцінанка маюць агульны корань — паперу, што і было падкрэслена на свяце. На конкурсе сустрэлі старшыню Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена Сахуту. Гуру з задавальненнем шпацыраваў па радах, прыкмячаючы пераможцу ў творчым спаборніцтве.

Фестываль кнігі і прэсы на плошчы Свабоды, што ля райвыканкама, — гэта, у некаторым сэнсе, рэзюмэ ўсёй перыядычнай, літаратурнай і фотадзейнасці Беларусі да 2015 года. Шматлікія павільёны і выстаўкі (ад прадстаўнікоў СМІ, выдавецтваў, пераможцаў нацыянальных і міжнародных конкурсаў) самадастаткова і выразна сведчылі самі за сябе. Арганізатарам фестывалю выступіла Міністэрства інфармацыі і Гродзенскі аблвыканкам. Што важна: арганізатары стараліся недарма, бо і атрымалася здорава, і наведвальнікі ацанілі. Тое было бачна па колькасці людзей у павільёнах і па іх рэакцыі.

Мудрасць лакацый

Вабілі людзей, канешне, і геданістычныя кропкі горада: там, дзе можна было адпачыць, паслухаць музыку ці нават паспяваць, там, дзе пачаставаць цябе гатовы з задавальненнем. Шчучын змог разумна і з годнасцю злучыць у сабе глыбокія асветніцкія пасылы разам з простымі чалавечымі радасцямі. Канешне, мудрасць заключалася ў тым, што караоке не грымела непасрэдна ля Літаратурнага салона “У Элізы Ажэшкі”, а пункты харчавання знаходзіліся на некаторай адлегласці ад тых жа культурных пляцовак. Магчыма, адваротнае задаволіла гасцей свята больш, але не была б вытрымана высокая задача Дня пісьменства. Дарэчы, упершыню пасля доўгага перапынку, як нам сказалі, у Шчучыне былі дазволены алкагольныя напоі на такіх маштабных дзеях, вядома, у спецыяльна адведзеных месцах. І ведаеце, мяжу прыстойнасці ніхто не перайшоў. Жыхары Гродзеншчыны ўвогуле людзі рэдкай годнасці, прыгажосці, як знешняй, так і ўнутранай, вытанчанага густу!

Яшчэ адна кульмінацыя

Адным з кульмінацыйных момантаў Дня беларускай пісьменства можна назваць абвяшчэнне лаўрэатаў Першай нацыянальнай літаратурнай прэміі. У гэтым кантэксце прагучала шэсць імёнаў: Тамара Краснова-Гусачэнка (“Лепшы твор паэзіі”), Уладзімір Саламаха (“Лепшы твор прозы”), Наталля Голубева (“Лепшы твор драматургіі”), Міхаіл Шыманскі (“Лепшы твор публіцыстыкі”), Ганна Скаржынская-Савіцкая (“Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”), Дзяніс Марціновіч (“Лепшы крытычны твор”).

Дзень беларускага пісьменства пад нумарам 23 прайшоў для Шчучына і для ўсёй краіны паспяхова, у гэтым няма сумневаў. Ён выканаў свае звышзадачы, і пры гэтым пакінуў нешта сваё, аўтарскае, у гісторыі гэтага свята. Мерапрыемства таксама паслужыла гораду на карысць: прыцягнула ўвагу беларусаў і замежжа, дадатковыя матэрыяльныя сродкі, што паскорылі ўдасканаленне некаторых культурных аб’ектаў, інфраструктуры. І гэта, з улікам не самых простых эканамічных варункаў, перамога як у маштабах горада і раёна, так і ўсёй краіны.

Мінск — Шчучын — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст