Дык усё ці нічога?

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Пазл “… Ваяжу” на французскі манер
З Францыяй Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі пасябраваў, падобна на тое, даўно і надоўга. Чарговым вынікам супрацоўніцтва стаў праект “Тэатральны ваяж ІІ”. Як і ўсялякую пастаноўку, яго можна падзяліць на дзве часткі: уласна працэс падрыхтоўкі (больш падрабязна пра яго — у “К” № 35) і тое, што атрымалася.

/i/content/pi/cult/551/12025/8-2.jpg

Падчас рэпетыцыі "Тэатральнага ваяжу ІІ".

Лічба ў самой назве прэм’еры, што прайшла ў канцы жніўня на сцэне Тэатра беларускай драматургіі, красамоўна сведчыла, што гэта ўжо не першая спроба супрацоўніцтва. Але ўлічваць трэба не толькі гэтыя “ваяжы-падарожжы”, але і шматлікія іншыя праекты — спектаклі, музычныя тэматычныя вечары, турнэ, майстар-класы, што ладзяцца цягам некалькіх гадоў з удзелам французскіх і іншых замежных артыстаў. Можна згадаць таксама спектакль “Тры Жызэлі”, дзе распавядаецца пра францужанку, якая воляй лёсу стала беларускай, леташняе “Каляднае рандэву”, дзе казка для дарослых была змешчана ў багаты “суправаджальны” антураж з выставак, дэгустацый-прэзентацый-дэманстрацый вінаў, парфумы, модных калекцый.

На гэтым фоне “Тэатральны ваяж ІІ” глядзеўся больш чым сціпла, але сімптаматычна. Пастаноўка ўяўляла сабой набор вучэбных эцюдаў: драматычных, музычных, танцавальных, падрыхтаваных цягам жніўня. Мы ўбачылі каля трыццаці нумароў рознай якасці агульнай працягласцю больш за дзве гадзіны без антракту. Зразумела, арганізатары хацелі прадэманстраваць усё падрыхтаванае. Ды ўсё ж такі шырока разрэкламаваны паказ на публіку патрабаваў хаця б некаторага “рэдагавання”, штосьці можна было б і скараціць — менш, ды лепш.

Асабліва “кульгалі” вакальныя спробы. Замежныя студэнты добра пачувалі сябе ў жанры шансона (тут і нашым знаным вакалістам было чаму ў іх павучыцца — ад маўлення да інтанацыйнай нязмушанасці), але з цяжкасцю адольвалі оперна-рамансавыя хіты. Калі ўжо і хацелася звярнуцца да апошніх, дык замест традыцыйнага падыходу трэба было шукаць штосьці іншае. Узгадалася, як у свой час артысты Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек спявалі Моцарта — з акцэнтам не на “опернасць”, а на сэнсавыя гульні і візуалізацыю зместу, часам іранічна парадыйную. І гэта быў — шэдэўр, на якім маглі б вучыцца як акадэмічныя, так і эстрадныя салісты. Паказаныя ж цяпер студэнцкія вакальныя эцюды ў большасці былі пазбаўлены не толькі маладзёжнага крэатыву, але і самога намёку на артыстызм.

Самай, бадай, выразнай і артыстычнай была канцэртмайстар Таццяна Панасюк, якая сыходзіла са сцэны хіба для таго, каб выйсці нанова з чарговым салістам. Ад старога піяніна, не прыдатнага да сапраўднага канцэртавання, яна дабілася і разнастайнасці тонкіх эмацыйных адценняў, і дакладнасці штрыхоў, і, што зусім неверагодна, прыгажосці гуку, аднолькава свабодна адчуваючы сябе ў любым стылі і тактоўна кіруючы сваімі “падначаленымі” нават спіной, на адлегласці ўсёй сцэны.

На такім фоне асабліва ярка ззяла вакальная адоранасць некалькіх удзельнікаў “… Ваяжу” і асабліва Алісы Марок-Лятур. А Ёнатан Сэмо ўвогуле ўспрымаўся суперпрафесіяналам у любым жанры, ад нумару да нумару не стамляючыся змяняць вобразы-іміджы.

Былі і цікавыя, вынаходлівыя мініяцюры. Той жа эцюд “Муха” мог бы не толькі на роўных спаборнічаць з сацыяльнай рэкламай (“Грынпіс: будзем гуманнымі з жывёламі”), але і перамагчы многія яе выдатныя ўзоры. А тое, што абодва артысты — чалавек і муха — былі падобныя адзін на аднаго, надавала пастаноўцы філасофскі сэнс. Гэтак жа з гумарам і шчымлівай абаяльнасцю ўзнімаліся іншыя тэмы, сярод якіх пераважалі пошукі ўзаемапаразумення (“Шчаня”, “Стары”, “Карыда”, “Мяжа”, “Дождж”). Праўда, часам рускамоўны пераклад з закулісся гучаў больш выразна, чым французскі арыгінал (“У цягніку”).

Не абмяжоўваючыся рэцэнзіяй, паразважаем: ці часта такога роду матэрыял выносіцца з класа на прафесійную сцэну? Што ні кажыце, а беларускія студэнты такога гонару не маюць. У лепшым выпадку, самы-самы адметны спектакль (часцей, дыпломны), папярэдне адзначаны на міжнародных фестывалях, знаходзіць прапіску і ў тэатральнай афішы. Астатняе — паказваецца на вучэбнай сцэне і сыходзіць, быццам яго і не было. Натуральны адбор? Можа, і “натуральны”, але не зусім правільны.

Як бачым, атрымліваюцца дзве крайнасці: цягнуць на публіку ўсё — ці нічога. Ісціна, пэўна, пасярэдзіне. Выбіраючы лепшыя эскізы (не абавязкова “сумесныя”, з інтэрнацыянальным адценнем), з іх потым можна складаць не толькі мазаіку-калейдаскоп, але і больш цэласныя аповеды, з’яднаныя накшталт рэвю ці постмадэрнісцкай драматургіі, калі асобныя “пазлы” становяцца ў фінале завершанай карцінай. І прапаноўваць публіцы — пры такім жа, як на гэты раз, актыўным “прасоўванні”. Танна — і эфектыўна. Для студэнтаў — дадатковы стымул. Для публікі — разнастайнасць і маладыя твары з выбухам энергетыкі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"