Коленька

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Словы пра графіка Міколу Селешчука / Частка 2
Калі Адам Глобус прынёс у рэдакцыю для пераводу ў “лічбу” раней не друкаваныя работы Міколы Селешчука, якія ілюструюць гэтыя нататкі, яго згадкі пра мастака гучалі з рэфрэнам “Коленька… Коленька… Коленька…” Таму і вырашылі назваць гэтую публікацыю акурат гэтак: “Коленька”.

/i/content/pi/cult/551/12022/14-1.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 34.)

Непераборлівасць

Васямнаццаць гадоў прамінула пасля трагічнай гібелі Міколы пад марской хваляй. Вялікі тэрмін для чалавечага жыцця. Чыноўнікі, нібыта спахапіўшыся, адзначылі ягоную творчасць Дзяржаўнай прэміяй. Селяшчук прэмію заслужыў, безумоўна, як заслужыў і выданне кнігі пра сваю творчасць. Выстаўка, якая прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі з нагоды шасцідзесяцігоддзя Мікалая, мела шматлюдны поспех. Усё гэта са станоўчага, але мяне хвалюе і адмоўнае. Кнігі з малюнкамі Селешчука не перавыдаюцца. А ўсё з-за ягонай непераборлівасці. Манументалістаў вучылі выбіраць свой аб’ект і працаваць толькі з тымі будынкамі, якія будуць стаяць доўга. Заўважыў лужыны вады пасярод сабора? Сыходзь. Выбачайся і развітвайся з замоўцамі роспісаў. Нават ад лёгкіх і вялікіх заробкаў адмаўляйся. Кніжных графікаў вучылі роўна наадварот: ніколі не адмаўляйся ад замоў. Што прапанавалі, тое і ёсць тваім. Таму і даводзілася Мікалаю рабіць малюнкі да загадак і вершаў сумніўнай якасці накшталт: “Што за навінка: / Пад елкай вырасла сланінка!” Не кожны дарослы здагадаецца, што аўтар вершаванай загадкі ў якасці адгадкі прапануе слова “грыб”. Такога і да такога падобнага Селяшчук праілюстраваў шмат, што засмучае.

Кнігі

І ўсё ж… Найлепшым, што засталося ў творчай спадчыне Міколы Селешчука, з’яўляецца кніжная графіка. Мікола быў чалавекам кніжным. Разам са Славуком, Савічам, Шаранговічам, Зельскай, Вішнеўскім, Александровічам ён стварыў цалкам новую беларускую кніжную графіку. Дзіцячыя кнігі, аздобленыя малюнкамі Селешчука, карысталіся вялікім попытам. Менавіта за гэта яго цанілі і паважалі. Праца ў выдавецтвах Міколу карміла, паіла і апранала. Ён так добра зарабляў на кнігах, што мог сабе дазволіць пісаць карціны не на замову, а на свой густ.

Канфармізм

Шмат хто залічвае Міколу Селешчука да авангардыстаў, да прагрэсіўных мастакоў. Насамрэч, ён быў узорным прыкладам канфармізму. Ягоныя працы выглядалі новымі роўна настолькі, наколькі дазвалялася ў савецкім грамадстве выглядаць новым. Калі спрэчкі і канфлікты паміж рознымі пакаленнямі тутэйшых мастакоў набылі вастрыню, Мікалая выклікаў да сябе Кузьмін — сакратар па ідэалогіі і культуры з ЦК КПБ. Ён сказаў, што Мікола павінен уступіць у камуністычную партыю, стаць сур’ёзным мастаком і больш не займацца дзіцячымі гульнямі. Кузьмін прапанаваў Мікалаю напісаць карціну, прысвечаную савецкім ветэранам вайны. З-пад пэндзля Селешчука выйшла анімічная брудна-шэрая карціна з трыма савецкімі афіцэрамі ў галіфэ. Селяшчук спрабаваў жартаваць і пасміхацца са сваёй прадажнасці, але самаіронія не была ягоным ладам жыцця. Ён любіў узвышацца, таму і насіў абутак на вельмі высокіх, як для мужчыны, абцасах.

Карціна

Мікола Селяшчук пісаў карціны для прыватнікаў. Яго палотны добра глядзеліся ў невялічкіх кватэрах. Нават сцены ўласнай кватэры Мікола пазавешваў малапамернымі палотнамі. Нават на кухні ў яго віселі фактурныя, не раўнуючы рэпрадукцыі з Джэксана Полака, абстрактныя карціны. Калі папярэднікі Селешчука пісалі творы для выставак і музеяў, дык Селяшчук пісаў іх у дабрабытныя інтэр’еры дзеля падкрэслівання раскошы. У гулкіх музейных каланадах і прахалодных выставачных павільёнах яго жывапіс губляецца, бо ў ім няма манументальнасці, няма ідэалагічнай зададзенасці, няма плакатнасці. Жывапіс Селешчука мяшчанскі. Яму ўтульна сярод лакіраваных сервантаў, цёмных шпалераў, насценных дываноў, падсвечнікаў і шкляных палічак з дарагім посудам. Калі стары і суровы Альгерд Малішэўскі толькі ў страшным сне мог убачыць уласную карціну на вузкай сцяне над кухонным сталом ці лядоўняй, дык малады і ўсмешлівы Мікалай Селяшчук якраз на тую сцяну і пісаў казачныя ды стракатыя краявіды.

Палепшаныя выданні

Ёсць кнігі звычайныя, а ёсць і палепшаныя выданні. На аздабленне палепшаных запрашаюцца модныя мастакі. Селяшчук быў сярод тых, каму выдавецтвы давяралі ўпрыгожваць свае шыкоўныя кнігі. Калі выдавецтва “Мастацкая літаратура” вырашыла выдаць бацькаў [Вячаслава Адамчыка — Рэд.] раман “І скажа той, хто народзіцца” ў добрым аздабленні, рукапіс патрапіў да Селешчука. Ён зрабіў эскізы і прынёс да нас дамоў. Маці частавала Міколу кавай, і на кухні ён з татам доўга разважаў пра Заходнюю Беларусь, пра яе адметнасці, пра яе характэрныя рысы, пра яе стрыманы стыль. Малюнкі да татавай кнігі атрымаліся даволі дзіўныя. Яны былі малападобнымі да творчасці Селешчука-казачніка і Селешчука-модніка. Шкада, што матывы, пазначаныя і знойдзеныя ў ілюстрацыях да прозы Вячаслава Адамчыка, не знайшлі працягу ў жывапісных палотнах Міколы.

Камень

Мікола Селяшчук перамалёўваў модныя фотаздымкі. Мікола любіў свежае, фірмовае, стыльнае. Вакол яго круціліся манекеншчыцы, артыстачкі і паэткі. У ягонай майстэрні круціліся вінілавыя кружэлкі. Здавалася, графік Селяшчук мусіць выбіраць нейкі найлягчэйшы з матэрыялаў, кшталту сярэбранага алоўка ці легкадумнай акварэлькі. Але замест іх Мікола вельмі часта выбіраў літаграфію — маляванне на камені. Каменнасць, халоднасць, фундаментальнасць прысутнічаюць ва ўсіх ягоных працах, нават у акварэльных і алейных. Ёсць адчуванне, што палотны і аркушы Селешчука нехта панаклейваў на літаграфскі камень. Доўгавалосыя прыгажуны і вялікавокія прыгажуні, намаляваныя рукою Міколы, маюць скамянелы выгляд. Селяшчук старана прапрацоўваў, праточваў, празуджваў шмат дробных дэталей у сваіх працах, але ад акамянеласці пазбавіцца не змог.

Адам ГЛОБУС, пісьменнік

Аўтар: Адам ГЛОБУС
мастак, літаратар