Ніколі не позна для конкурсаў

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Валерый ДАЙНЭКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь
Як ставіцца да пашыранай сёння практыкі, калі выканаўца, што ўжо дастаткова адбыўся ў масавай свядомасці як вядомы артыст, раптам бярэ ўдзел у нейкім конкурсе поруч з абсалютна новымі на эстрадзе асобамі? Ды цудоўна!

/i/content/pi/cult/551/12018/5-3.jpgСамы нядаўні прыклад ў Беларусі — вакаліст гурта “Litesound” Дзмітрый Каракін, які паўдзельнічаў у тэлешоу “Хачу да Меладзэ!”. У фінальную каманду ён не патрапіў, але твар ягоны, мяркую, авансам на будучыню гледачам не тольк нашай краіны, але і Расіі, Украіны, Казахстана запомніўся. Пару гадоў таму быў звышнасычаны суайчыннікамі другі сезон расійскага тэлепраекта “Голас”. Мала таго, што там перамог беларус Сяргей Валчкоў (мне спадабалася, як ён годна змагаўся), дык паспяхова, на маю думку, склаўся конкурсны лёс нашых дастаткова вядомых артыстаў Пятра Ялфімава і Івана Вабішчэвіча. Пётр, наколькі мне вядома, зараз наогул дастаткова запатрабаваны ў Маскве. Перад расійскай тэлеаўдыторыяй паказаўся Георгій Калдун, які ў Беларусі не менш вядомы за брата Дзмітрыя. Таксама ў тым жа “Голасе” ўзяла ўдзел невідушчая маладая беларуская спявачка Патрыцыя Курганава, і яе выступ быў адназначна адметным.

Наогул, конкурс нікому ніколі не зашкодзіць. Прывяду прыклад вядомай артысткі Транч’е Астэрхаус, якой за сорак гадоў. (У мяне ёсць каля дзясятку ейных альбомаў у калекцыі. Прычым пазнаёміўся з творчасцю Транч’е Астэрхаус цалкам выпадкова ў сваіх бельгійскіх знаёмых. Дыск, з якога ўпершыню пачуў голас артысткі (ён быў прысвечаны Майклу Джэксану), аказаўся нават без вокладкі!) Яна раптам паехала на “Еўрабачанне”, праспявала там песню абсалютна не ў сваім фармаце і, вядома ж, нікуды з ёй не прайшла. Але конкурс — цудоўны рэкламны ход, магчымасць атрымаць паблісіці. Да ўсяго, перад конкурсам тая артыстка праспявала творы амерыканскага кампазітара Барта Бакара, які пасля смерці жонкі не даваў нікому выконваць свае песні, што ўпершыню прагучалі ў выкананні яго сужэнкі. З пункту погляду шоу-бізнесу, усё злучылася вельмі спрыяльна.

І ўжо дакладна: ніколі не позна ўдзельнічаць у конкурсах. Тым больш, для заходніх “зорак” сталага веку гэтае творчае спаборніцтва патрэбна не для перамогі ці доказу чаго-небудзь. Наогул, на конкурсах не варта замарочвацца. Больш дакладна, на іх выніку. Цябе будуць судзіць абсалютна розныя людзі, і трэба быць гатовым да такой сітуацыі, не надта ёй пераймаючыся. Маладым тое вельмі даходліва варта патлумачыць педагогам і бацькам: маўляў, твой узровень добры і нават выдатны, але з тых ці іншых прычын ты можаш не перамагчы — будзь гатовы да такога раскладу. Гэта самая простая, але вельмі патрэбная, мяркую, псіхалагічная падрыхтоўка.

А яшчэ мне вельмі не падабаецца, калі ў звестках пра выканаўцу пачынаюцца шматразовыя паўторы словы “паўфіналіст” у тым ці іншым конкурсе. Ці не лагічна пазначаць больш сціпла: “удзельнік”? Бо паўфіналіст яшчэ не пераможца. Усе кропкі над “і” паставіць фінал. Ды і паўфіналістам можна быць, заняўшы дваццаць чацвёртае, скажам, месца…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах