Хадзіце ды глядзіце!

№ 37 (1215) 12.09.2015 - 18.09.2015 г

Вольга ЗАЛУЦКАЯ, гісторык, экскурсавод
Турызм, імкненне на свае вочы ўбачыць “сем цудаў свету” — што можа быць лепш? Але выкладаючы гісторыю студэнтам, а пазней праводзячы экскурсіі для гасцей сталіцы, заўсёды задумвалася, ці ведаем мы гісторыю тых мясцін, дзе жывем. Таму можна толькі вітаць ініцыятыву — арганізаваць да Дня горада спецыяльныя святочныя туры маршрута “MinskCityTour”, разлічаныя найперш на мінчан і тых, хто неаднойчы бываў у нашым горадзе.

/i/content/pi/cult/551/12017/5-2.jpgАле ж ці можа стаць падарожжа ў аўтобусе, хай сабе і двухпавярховым, сапраўдным адкрыццём знаёмых краявідаў? Упэўнена, што так. Усе, здавалася б, ведаюць Нямігу, Верхні горад. Але насупраць Ратушы, побач з касцёлам Святой Дзевы Марыі, знаходзіцца нічым не прыкметны будынак Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыки. Сваё цяперашняе аблічча ён набыў у 1960-я, але яго гісторыя куды больш даўняя. У ХVІ стагоддзі гэты квартал выкупілі езуіты і пачалі будаўніцтва. Касцёл быў асвечаны ў 1710 годзе — гэта цалкам дакладная дата. Да гэтага часу з’явіўся і суседні будынак езуіцкага калегіума. У ХІХ стагоддзі там быў Дом губернатара, у ХХ — змяшчаўся ўрад. Да таго часу, пакуль не пабудавалі ўсім вядомы Дом ураду.

Гэтак жа ўсе беларусы ведаюць, што з Радзівіламі звязаны Нясвіж і Мір. А Мінск — думаеце, не? Між тым, цяперашнія Батанічны сад і парк Чалюскінцаў — радзівілаўскія лясы, іх потым прыдбалі Вайніловічы, з родам якіх звязаны наш Чырвоны касцёл. Даўжэзны жоўта-аранжавы будынак насупраць паркавай зоны павінен быў стаць афіцэрска-генеральскім домам, але да пачатку Вялікай Айчыннай не быў завершаны, не меў ацяплення. І ў 41-м немцы змясцілі там палонных чырвонаармейцаў, каб тыя збудавалі вузкакалейку, па якой можна будзе вывозіць драўніну. У 1959 годзе там з’явіўся міні-вакзал, і ўсё разам стала знакамітай Дзіцячай чыгункай. На месцы ж пахавання нямецкіх вайскоўцаў зараз стаіць кінатэатр “Кастрычнік”.

А хто не ведае рынак у Ждановічах? Між іншым, раней населены пункт называўся Здановічы — па прозвішчы доктара, які там жыў. Там, дзе пралягае праспект Пераможцаў, ажно з ХV стагоддзя сяліліся татары. На месцы цяперашняга Палаца спорту былі татарскія гароды. А завод “Атлант” змяшчаецца там, дзе былі татарскія могілкі, знішчаныя ў 1962-м. Тады ж была ўзарвана і татарская мячэць — гэта прыблізна перад рэстаранам гатэля “Юбілейны”.

Не менш цікавыя і зусім нядаўнія гістарычныя звесткі! Зялёны Луг, да прыкладу, стаўся першым мікрараёнам, дзе панэльныя дамы ставіліся не на выраўнаваную паверхню, а з улікам прыроднага ландшафта з усімі яго ўзгоркамі. А элітныя забудовы па вуліцы Піянерскай — гэта колішні рабочы раён, адзін з будынкаў якога (просты, белы, двухпавярховы) захаваўся і дагэтуль.

Ды ўсё ж паўтары гадзіны ў экскурсійным аўтобусе — нішто ў параўнанні з тым, як многа можна адкрыць у час пешаходных вандровак. Апошнім часам такія экскурсіі набываюць усё большае распаўсюджанне. Таму хочацца звярнуцца да ўсіх чытачоў “К” з заклікам: цікаўцеся не толькі далёкімі помнікамі даўніны, але і блізкімі. Турыстычным аб’ектам можа стаць ледзь не кожны чымсьці адметны будынак. Галоўнае — прыглядзецца да яго, звярнуць увагу на дэталі.

Такое стаўленне да наваколля — карыснае і з іншага погляду. Бо развівае мастацкае мысленне, уменне бачыць не толькі паверхню, але і нябачныя карані любой з’явы. І вымушае задумацца пра галоўнае: што пакіне кожны з нас пасля сябе.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"